Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што арыштавалі палкоўніка КДБ і кіраўніка “Белнафтахіму”?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Генэральны пракурор Пётар Міклашэвіч падчас сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі распавёў журналістам некаторыя падрабязнасьці апошніх гучных справаў, зьвязаных з карупцыяй у КДБ, Міністэрстве ўнутраных справаў і кіраўніцтве канцэрну “Белнафтахім”.

Сярод апошніх гучных крымінальных справаў, паводле Пятра Міклашэвіча, асаблівай увагі заслугоўваюць арышт высокапастаўленага хабарніка, які працаваў у КДБ, і справа старшыні канцэрну “Белнафтахім” Аляксандра Бароўскага, у якой фігуруюць “мільёны даляраў”.

Пётар Міклашэвіч пацьвердзіў: справу супраць высокапастаўленых супрацоўнікаў КДБ і МУС, сапраўды, завялі. Гэта адбылося яшчэ 31 траўня.

“Сапраўды, пракуратура Беларусі завяла справу аб хабарніцтве супраць трох палкоўнікаў КДБ і МУС, сярод якіх адзін дзейны супрацоўнік КДБ. Яны арыштаваныя. Справу вядуць сьледчыя генэральнай пракуратуры Беларусі”, — заявіў Міклашэвіч.

Раней інтэрнэт-выданьні паведамлялі, што сярод арыштаваных – начальнік кадравай управы КДБ спадар Мяцеліца. На пытаньне, ці ёсьць такі чалавек сярод затрыманых, Пётар Міклашэвіч сказаў журналісту “Свабоды”: “Ты болей ведаеш. Я пакуль прозьвішчаў не называю”.

Паводле генэральнага пракурора, арыштаваны палкоўнік КДБ атрымаў вялікі хабар. Дакладнай сумы Пётар Міклашэвіч не назваў.

Больш падрабязнасьцяў паведаміў генэральны пракурор пра справу старшыні “Белхафтахіму” Аляксандра Бароўскага:

“Канцэрн займаецца закупам нафты і рэалізацыяй нафтапрадуктаў. Усе крадзяжы якраз зьвязаныя з гэтымі апэрацыямі. Страты ўжо вымяраюцца не адным мільёнам даляраў”.

Аляксандра Бароўскага падазраюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў разгалошваньні службовай таямніцы. Вядома, што на нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі былы старшыня “Белнафтахіму” публічна крытыкаваў тое, як беларускі бок вёў перамовы з Расеяй адносна мытаў на нафту.

Журналісты спыталі ў Пятра Міклашэвіча пра характар зьвестак, якія нібыта агалосіў Аляксандар Бароўскі. Паводле спадара Міклашэвіча, гэтыя зьвесткі тычацца толькі апэрацыяў з нафтапрадуктамі.

Генэральны пракурор распавёў пра шэраг справаў, за якімі пракуратура назірае. Цяжка ідзе расьсьледаваньне справы аб гібелі беларускіх лётчыкаў у Самалі. Там сьледчым КДБ перашкаджае “ неспакойная абстаноўка”.

Трывогу генэральнага пракурора выклікае сытуацыя на мытні. Апошнія гады дзясяткі мытнікаў селі на лаву падсудных за злоўжываньні, але колькасьць і памеры злачынстваў на мытні ня сталі меншымі. Паводле Пятра Міклашэвіча, тут праблема ў “кадравых хібах”.

Генэральны пракурор паведаміў таксама, што дагэтуль ня знойдзены былы супрацоўнік пракуратуры з Гомелю, які дапамагаў хаваць злачынствы бандытаў з гэтак званай “марозаўскай групоўкі”. Штогод каля тысячы беларускіх злачынцаў знаходзяць у Расеі й вяртаюць у Беларусь, але знайсьці былога супрацоўніка пракуратуры пакуль не ўдаецца.

• Новы этап “вайны” паміж КДБ і МУС?, 12.06.2007 • П.Шарамет: “Беларуская рэвалюцыя будзе праходзіць у два этапа”, 16.06.2007 • Старшыню “Белнафтахіму” абвінавацілі ў карупцыі, 08.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG