Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«А апазыцыя — гэта вечны «ахвярны казёл»


Як можна ўспрымаць заявы прадстаўнікоў улады пасьля выбуху 11 красавіка, накіраваныя супраць апазыцыі? Ці выглядаюць яны як канкрэтная пагроза, праграма дзеяньняў альбо хутчэй як традыцыйная палітычная рыторыка? Як на эмацыйным фоне трагедыі павінна паводзіць сябе апазыцыя — часова згарнуць пратэстную дзейнасьць ці працягваць крытыкаваць уладу?

На гэтыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць кіраўнік партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін і рэдактар інтэрнэт-праекту «Мы» Кірыл Пазьняк.

Сяргей Калякін
Кірыл Пазьняк
Віталь Цыганкоў

«Гэта ніякая не стратэгія, а проста спроба прынізіць апазыцыю»


Цыганкоў: Як вы ўспрымаеце заявы прадстаўнікоў улады на адрас апазыцыі пасьля выбуху 11 красавіка? Ці бачыце вы ў іх нейкую канкрэтную пагрозу? Або гэта больш падобна да традыцыйнай палітычнай рыторыкі дзеля прыніжэньня іміджу апазыцыі, каб чарговым разам абвінаваціць яе ў неканструктыўнасьці, запалохаць тых, хто мае сваю думку?

Калякін: Гэта рыторыка, і, на маю думку, спроба гэтую трагедыю выкарыстаць у палітычных мэтах. Гэта спроба зьвязаць у масавай сьвядомасьці апазыцыю, якая ня мае ніякага дачыненьня да трагедыі, з гэтым выбухам.

Такім чынам улады хочуць зьнізіць падтрымку апазыцыі ў грамадзтве, запэцкаць яе чорнай фарбай. На мой погляд, гэта ніякая не стратэгія, а проста спроба прынізіць апазыцыю.

Цыганкоў: Некаторыя камэнтатары кажуць, што ва ўлады пры пэўным разьвіцьці падзеяў была спакуса павярнуць сытуацыю ў бок таго, каб зрабіць менавіта апазыцыю вінаватай. Выглядае, што ўлады ад гэтага адмовіліся…

Калякін: Я ня думаю, што быў такі плян. Калі б гэты выбух зрабілі ўлады, то ў такой сытуацыі павінна была быць доўгая і пільная падрыхтоўка, каб ажыцьцявіць такі плян і зьвязаць апазыцыю з тэрактам. Вельмі доўга трэба было б выбудоўваць такі сцэнар. Таму я ў такую вэрсію ня веру. Улада загадзя не плянавала, але цяпер імкнецца выкарыстаць гэтыя падзеі, каб прынізіць апазыцыю.

Цыганкоў: Кірыл, на вашу думку, для чаго гэтыя заявы пра апазыцыю? Проста каб лішні раз убрыкнуць апазыцыю, зноў паставіць яе ў ролю вечнага вінаватага?
Галоўная мэта ўладаў зараз — абвергнуць вэрсію, якая досыць шырока пануе ў грамадзтве, што ўладзе вельмі выгадны быў такі тэракт.

Пазьняк: Хутчэй за ўсё, так. Тут можна казаць пра пэўную інэрцыю прапаганды, звычайную спробу перакінуць праблему з хворай галавы на здаровую. Бо галоўная мэта ўладаў зараз — абвергнуць вэрсію, якая досыць шырока пануе ў грамадзтве, што ўладзе вельмі выгадны быў такі тэракт.

Калі браць нават мэтадам выключэньня, якую вэрсію лепш запусьціць «у народ», то найзручней абвінаваціць апазыцыю. Бо ўзгадваць Расею, чакаючы ад яе крэдыту, неяк не выпадае. Казаць пра тое, што гэта былі выпадковыя людзі, хуліганы, — то гэта ілюстрацыя вельмі нэгатыўных зьяваў у грамадзтве, і тады гэта можа паўтарыцца.

А апазыцыя — гэта вечны «ахвярны казёл», і, тым больш, чорны піяр супраць яе не спыняецца ўжо некалькі месяцаў. Таму народ гэта можа ўспрымаць як нешта звыклае і належнае.

Цыганкоў: Ці не здаецца вам, што вэрсія вар’ятаў-адзіночак зараз была б найбольш зручная для ўсіх — і для ўлады, і для ўсяго грамадзтва? Пры гэтай вэрсіі не патрэбна ніякіх вялікіх рэпрэсіяў, узрушэньняў і гэтай далей.

Пазьняк: У прынцыпе, так. Але менавіта інэрцыя прапаганды традыцыйна далучае да ўсяго і апазыцыю. Аднак калі казаць, што гэта зрабілі ненармальныя вар’яты-адзіночкі, то адсюль вынікае, што ў грамадзтве ня ўсё так добра. Электрык раптам пачаў красьці на вытворчасьці мэталічныя вырабы і рабіць зь іх бомбы. Гэта можа ўвесьці грамадзтва ў жах — «дзе ж мы жывем?». Да таго ж гэта паказвае, што ўлада не кантралюе сытуацыю, ня можа гарантаваць бясьпеку ў краіне, нават у працоўных калектывах, дзе, здаецца, усё пад кантролем.

«Пасьля 11 красавіка жыцьцё працягваецца, і апазыцыя павінна надалей выконваць сваю функцыю»


Цыганкоў: Як на эмацыйным фоне трагедыі павінна паводзіць сябе апазыцыя? Ці мусіць яна выступаць зь нейкімі заявамі, акцыямі пратэсту (бо эканамічная сытуацыя працягвае пагаршацца)? Ці, можа, варта часова згарнуць пратэстную дзейнасьць?

Калякін: Нягледзячы на гэтую цяжкую трагедыю, якая моцна паўплывала на грамадзтва, — жыцьцё працягваецца. І таму беларуская апазыцыя павінна працягваць выконваць сваю функцыю, як ва ўсім сьвеце — сачыць за тым, як працуе ўлада, крытыкаваць тое, што ўлада робіць дрэнна, і паказваць, як можна рабіць іначай. Сёньня сацыяльна-эканамічнае становішча людзей пагаршаецца, фактычныя заробкі зьніжаюцца — усё гэта павінна быць тэматыкай для абмеркаваньня, для выстаўленьня прэтэнзіяў уладам. Таму апазыцыя павінна рабіць сваю справу, нягледзячы на тэракт 11 красавіка.

Безумоўна, вельмі добра зрабілі арганізатары акцыі «Стоп-бэнзін», якія перанесьлі акцыю на іншы дзень, бо цяпер у краіне жалоба. Але потым усё застаецца — мы хочам дабівацца таго, каб краіна квітнела, каб людзі жылі лепш, і таму трэба працягваць барацьбу з гэтай уладай.
Гэта вельмі кепскі тэзіс, нібыта ўсе павінны забыць тое, што валюты няма, жыцьцё даражэе ды іншае. І што — пляскаць у ладкі ўладзе?

Цыганкоў: А што можна будзе адказаць на тэзіс, што ў такой цяжкай сытуацыі народ павінен згуртавацца вакол улады, зьяднацца, праяўляць кансалідаванасьць?

Калякін: Добра, мы ж ня супраць, каб яны аб’ядноўваліся. Але пры гэтым улада павінна выконваць свае функцыі. Калі пашыраюцца праблемы на харчовым рынку, калі людзі ня могуць купіць валюту, нават каб зьезьдзіць у адпачынак, — гэта ж ненармальна. І калі ўлада не вырашае гэтую сытуацыю, то яна павінна крытыкавацца ня толькі апазыцыяй, але і ўсімі грамадзянамі. І яны крытыкуюць, яны вельмі незадаволеныя тым, што адбываецца.

Гэта вельмі кепскі тэзіс, нібыта ўсе павінны забыць тое, што валюты няма, жыцьцё даражэе ды іншае. І што — пляскаць у ладкі ўладзе? Не, не павінна такога быць.

«Увага народу адцягнулася ад эканомікі ўсяго на некалькі дзён»


Пазьняк: Сапраўды, жыцьцё працягваецца, і народ вельмі хутка вернецца ад тэракту да звычайных жыцьцёвых праблем. Я лічу, што ўлады ня маюць дачыненьня да гэтай трагедыі, наўрад ці яна ім выгадная. Бо ўвага народу адцягнулася ад эканомікі ўсяго на некалькі дзён, бо крызісных зьяваў столькі, што вельмі хутка народ зноў прымецца за свае мэтады выжываньня.

Я б адзначыў, што словы Лукашэнкі тычыліся ня столькі менавіта палітычнай апазыцыі, колькі шырэйшай, грамадзянскай. Бо ўладу вельмі турбуе стан грамадзкай думкі на сёньня. Адсюль і заявы, што трэба спыняць паніку — валютную, таварную, пакупніцкую.

Разам з тым Лукашэнка сваімі агаворкамі, што гэта ня тычыцца ўсёй апазыцыі і што замовіць тэракт мог і нехта з уладаў — ён такім чынам рэабілітуе апазыцыю як зьяву, як брэнд. У такіх умовах для апазыцыі даволі зручны момант, каб прадставіць грамадзтву нейкую новую канцэпцыю разьвіцьця краіны.

Калякін: Я хачу спадзявацца, што тэракт 11 красавіка — гэта быў надзвычайны выпадак, які больш не паўторыцца. Што гэта быў учынак вар’яцкага розуму, а не чыясьці распрацоўка, якая можа працягвацца. Бо калі я памыляюся, то нас чакае вельмі трагічная будучыня.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG