Удзельнікі: былы падпалкоўнік КДБ Валерый Костка і палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.
Палітычная акцыя?
Валер Карбалевіч: «Калі выбух 4 ліпеня 2008 году праваахоўныя органы кваліфікавалі як „злоснае хуліганства“, то цяперашні выбух расьсьледуецца па артыкуле „тэрарыстычны акт“. Гледзячы па магутнасьці выбуху, здаецца, што яго зьдзейсьнілі прафэсіяналы. Цяжка ўявіць, што гэта маглі зрабіць нейкія псыхічна хворыя людзі. Месца і час выбраныя так, каб была максымальная колькасьць ахвяраў, гэта значыць — каб выклікаць вялікі грамадзкі рэзананс. Гэта падштурхоўвае да думкі, што мэты выбуху — палітычныя. Ці згодныя вы з гэтай думкай?».
Валерый Костка: «Паводле Крымінальнага кодэксу, тэракт — гэта асабліва небясьпечнае дзяржаўнае злачынства. Таму гэта заўсёды палітычна матываваная акцыя. Але матывы і мэты злачынства стануць вядомыя празь нейкі час.
Безумоўна, выбух зьдзейсьнілі прафэсіяналы. У адзіночку зрабіць гэта цяжка. Ёсьць арганізатары ці заказчыкі, ёсьць людзі, якія зрабілі выбуховае рэчыва, даставілі на месца».
Паўлюк Быкоўскі: «Ёсьць палітычныя наступствы выбуху. А вось ці палітычная гэта акцыя? Трэба дачакацца вынікаў расьсьледаваньня. Тэракт заўсёды ўплывае на палітыку, мае палітычныя мэты. Звычайна пасьля тэракту тыя людзі ці сілы, якія яго зьдзейсьнілі, выступаюць з заявамі, у якіх тлумачаць, чаго яны патрабуюць. У нашым выпадку мы гэтага ня маем».
Каму выгадна?
Карбалевіч: «Пакуль злачынцы ня знойдзены, ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьць за выбух. Але ўсе будуюць розныя вэрсіі. Паставім пытаньне па-іншаму: каму выгадна? Хто мог бы выйграць ад гэтай трагедыі?».
Быкоўскі: «Хачу заўважыць, што той, каму выгадна, не заўсёды злачынца. У аўтарытарнай дзяржаве пасьля такіх падзеяў выйграе ўлада. Бо дзеля бясьпекі людзі пагаджаюцца на абмежаваньне свабоды.
То бок шукаюць ня там, дзе згубілі, а там, дзе сьветла.
Карбалевіч: «Але, зь іншага боку, выбух разбурае міт пра стабільнасьць. А стабільнасьць — гэта галоўны ідэалягічны падмурак улады. Таму ці выйграла ўлада?».
Костка: «Так, тэракт наносіць удар і па ўладзе, падрывае яе аўтарытэт. Узьнікае пытаньне пра прафэсіяналізм спэцслужбаў, якія павінны прадухіляць такія дзеяньні.
Але часовы станоўчы эфэкт улада ад выбуху атрымаць можа. Найперш, гэта дае падставу для абмежаваньня палітычных свабодаў, наступу на апазыцыю і грамадзянскую супольнасьць. Затым, гэта адцягвае ўвагу ад іншых, напрыклад — эканамічных, праблем.
Але гэта дае часовы эфэкт. Па вялікім рахунку, у ніводнай краіне тэракт не дае станоўчага выніку ніводнаму боку. Трэба пачакаць, паглядзець, ці будзе страх у грамадзтве, што зробіць улада, ці знойдзе злачынцаў. Тады стане больш зразумела, каму гэта выгадна».
Падстава для наступу на апазыцыю?
Карбалевіч: «Досьвед расьсьледаваньня ранейшых падобных злачынстваў паказвае, што найперш праваахоўныя органы шукаюць злачынцаў сярод апазыцыі. Таму што яны зарыентаваныя ў першую чаргу на барацьбу з палітычнымі апанэнтамі рэжыму. А як цяпер? З каго пачнецца цяпер абвешчаная Лукашэнкам „зачыстка“?
Насьцярожвае, што першымі, да каго прыйшоў КДБ, стала рэдакцыя газэты „Наша ніва“. Зьдзіўляе заява генэральнай пракуратуры, якая папярэджвае мэдыі адносна так званых „безадказных публікацый“. Замест пошуку злачынцаў пракуратура пачала змагацца з СМІ. А праўладны „палітоляг“ Мусіенка заявіў, што прычынай выбуху стаў лібэралізм улады ў дачыненьні да апазыцыі. Дык ці пачнецца новае „паляваньне на ведзьмаў“?»
Быкоўскі: «Гэта самы просты шлях для службаў, якія займаюцца пытаньнямі нацыянальнай бясьпекі. Але ён неэфэктыўны. А большасьць грамадзтва можа паверыць у вэрсію, што гэта зрабіла апазыцыя. Будзе пераключана ўвага з эканамічных праблемаў на пытаньні бясьпекі. Цяпер уладам можна маніпуляваць грамадзкай думкаю дзеля сваіх мэтаў».
КДБ трэба вызваліць ад задач палітычнага вышуку. Няхай ён займаецца тым, дзеля чаго ён створаны, то бок абаронай дзяржаўнай бясьпекі.
Костка: «Гледзячы па тых арганізатарскіх здольнасьцях, якія выявіла апазыцыя падчас прэзыдэнцкіх выбараў, яна ня здольная на такія дзеяньні. Да таго ж яна знаходзіцца пад кантролем спэцслужбаў. Таму шукаць злачынцаў сярод апазыцыі — гэта барацьба зь ветракамі. Але ўлады могуць выкарыстаць выбух дзеля ціску на апазыцыю ці мэдыі, каб дабіць тых, хто застаўся пасьля 19 сьнежня.
Падчас маёй службы ў КДБ 18 гадоў таму пасьля такіх здарэньняў здымалі з пасад вялікіх начальнікаў. Паглядзім, ці будуць пакараныя старшыні КДБ, начальнік упраўленьня па Менску і Менскай вобласьці».
Карбалевіч: «Пасьля выбуху 4 ліпеня 2008 году Лукашэнка адправіў у адстаўку сакратара Савету бясьпекі Віктара Шэймана. Цяперашні выбух больш трагічны. Ён выклікаў большы грамадзкі рэзананс. Лягічна чакаць, што і цяпер будуць адстаўкі».
Быкоўскі: «Дзіўна тое, што выбух 4 ліпеня 2008 году быў кваліфікаваны як „злоснае хуліганства“ і яго расьсьледавала міліцыя. Цяпер выбух кваліфікаваны як тэракт, але расьсьледаваньнем займаецца пракуратура, а КДБ толькі далучаны да яе. А між тым заканадаўства ўскладае адказнасьць за нацыянальную бясьпеку на КДБ».
Карбалевіч: «У КДБ няма часу. Ён змагаецца з апазыцыяй, а не з тэрарыстамі».
Костка: «Ужо шмат казаў, што КДБ трэба вызваліць ад задач палітычнага вышуку. Няхай ён займаецца тым, дзеля чаго ён створаны, то бок абаронай дзяржаўнай бясьпекі. А так сапраўды ў яго няма часу займацца тэрактамі».