Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці дзень пасьля тэракту: справа раскрытая

абноўлена

Закрытая станцыя "Кастрычніцкая"
Закрытая станцыя "Кастрычніцкая"
21:15 Касэспандэнтка Свабоды Галіна Абакунчык праехала паўз станцыю «Кастрычніцкая», дзе цягнікі пакуль яшчэ не спыняюцца. Яна перадае:

Абакунчык: Па-першае, пра тое, што папярэднічае даезду да станцыі «Кастрычніцкая». Пры ўваходзе на кожнай станцыі дзяжураць супрацоўнікі міліцыі з мэталашукальнікамі. Яны просяць усіх, хто йдзе ў мэтро, паказаць зьмест сваіх сумак. Таксама шмат супрацоўнікаў міліцыі на саміх пасадачных пляцоўках. Людзей проста непараўнальна менш, чым было ў ранейшыя дні. Звычайна гэтай парой мэтро яшчэ поўнае, але сёньня ў тым вагоне, дзе я ехала, я налічыла літаральна дзесяць чалавек.

Станцыя «Кастрычніцкая» закрытая, пра гэта папярэджваюць кіроўцы цягнікоў, але яна не закратаваная. Можна бачыць, што ёсьць на станцыі. Яна агароджаная чырвона-белымі паласатымі стужкамі, якімі звычайна агароджваюць будынкі ад падзеньня ледзяшоў ці падчас рамонту. На станцыі знаходзяцца супрацоўнікі мэтрапалітэну, міліцыі не відаць. Месца, дзе быў выбух, закрытае мэталёвай плітой.

Назад я вярталася ад станцыі «Плошча Незалежнасьці» пехатою і бачыла, што людзі працягваюць ісьці да «Кастрычніцкай» з кветкамі. І я бачу, як павялічылася тут колькасьць кветак цягам дня. Людзі ўжо не падыходзяць і стаяць моўчкі, а выстройваюцца ў чаргу, каб прайсьці паўз стэнды з імёнамі і фатаграфіямі загінулых. Тут пануе поўная цішыня і жалобны настрой.

19:15 У Кракаве прайшла акцыя салідарнасьці з ахвярамі тэракту ў Менску. «У акцыі ўдзельнічала каля 60 чалавек. Беларусы, палякі. Прачыталі прозьвішчы загінулых, прасьпявалі малітву. Была хвіліна маўчаньня. У людзей у руках былі зьнічкі, кветкі і аркушы паперы з тэкстам „17.56 11.04.2011 Менскае мэтро“. Палякі ведаюць пра бяду ў Менску і выказваюць шчырыя спачуваньні», — паведаміў «Свабодзе» Дзьмітрый Галямаў, які цяпер жыве і вучыцца ў Кракаве. Удзельнікі ўсклалі кветкі і паставілі зьнічы ля помніка Адаму Міцкевічу.

17:45 «Адна з вэрсій, пра якія мы раней казалі, пацьвердзілася. Ёсьць людзі ня толькі хворыя паводле сваёй псыхікі, але і паводле амбіцый», — сказаў на брыфінгу старшыня КДБ Вадзім Зайцаў адносна чалавека, які нібыта прызнаўся ў зьдзяйсьненьні тэракту 11 красавіка.

Пры гэтым, паводле Вадзіма Зайцава, гэты «хворы чалавек» выкарыстаў асаблівую выбухоўку, якая «ўяўляе велізарную цікавасьць для экспэртаў».

17:30 Паводле Інтэрфаксу, старшыня КДБ Вадзім Зайцаў не выключае, што ў тэракту ў менскім мэтро былі заказчыкі.

15:42 Афіцыйная жалоба — толькі ў Менску. Чаму?


15:34 Заказчыкаў тэракту загадана шукаць сярод апазыцыі


15:20 Псыхіятры параўналі падазраванага з кінавобразам Ганібала Лектара


Затрыманы ў ноч на 13 красавіка падазраваны па крымінальнай справе аб выбуху ў менскім мэтро прызнаецца ў зьдзяйсьненьні трох тэрактаў.

Пра гэта паведаміла Інтэрфаксу крыніца ў праваахоўных органах.

«Падазраваны на першым жа допыце даў прызнальныя паказаньні. Ён заяўляе, што ажыцьцявіў выбух у Віцебску ў верасьні 2005 году, выбух на праспэкце Пераможцаў 3 ліпеня 2008 году ў Менску і выбух на станцыі мэтро „Кастрычніцкая“ 11 красавіка», — сказала крыніца.

«На кадрах відэаздымкі камэр назіраньня мэтрапалітэну відаць, што гэты чалавек ставіць сумку пад лаву на плятформе станцыі „Кастрычніцкая“, затым падымаецца па эскалятары, на пляцоўцы паміж станцыямі робіць маніпуляцыі пад адзеньнем, бачна, як выбухае гэтая сумка».

Паводле крыніцы, затрыманага вылічылі пасьля прагляду відэаматэрыялаў, зьнятых на ўсіх станцыях мэтро цягам некалькіх дзён перад тэрактам. Высьветлілася, што ён рэгулярна выходзіў з мэтро на станцыі «Фрунзенская». На гэтай станцыі было ўсталявана вонкавае назіраньне, супрацоўнікі якога ў аўторак убачылі чалавека, падобнага да падазраванага, правялі яго да месца жыхарства і выклікалі спэцпадразьдзяленьне МУС «Алмаз». Затрыманьне праводзіў «Алмаз».

На здыманай кватэры, дзе пражываў 25-гадовы падазраваны, была затрыманая маладая жанчына, якая прадстаўляецца яго «дзяўчынай».

У ходзе допыту падазраваны паведаміў, што першы тэракт ён зьдзейсьніў у Віцебску ў верасьні 2005 году. Пасьля гэтага, застаўшыся беспакараным, ён адслужыў у беларускай арміі. Вярнуўшыся з арміі, па яго словах, у інтэрнэце знайшоў зьвесткі пра тое, як зрабіць больш магутнае выбуховае прыстасаваньне, вырабіў яго і прывёў у дзеяньне 3 ліпеня 2008 году ў Менску, у дзень сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці.

Па словах падазраванага, ён змог пазьбегнуць абавязковай дактыляскапіі ўсяго мужчынскага насельніцтва Беларусі, якая была праведзеная пасьля выбуху ў 2008 годзе.

«Падазраваны сьцьвярджае, што дзейнічаў у адзіночку. Палітычных матываў сваіх дзеяньняў ён не вылучае».

Крыніца паведамляе, што псыхіятры ўжо правялі размовы з падазраваным.

«Са слоў псыхіятраў, падазраваны пры сьвядомасьці. Свае дзеяньні ён тлумачыць задавальненьнем, якое яму дастаўляюць чалавечыя пакуты. Псыхіятры параўналі падазраванага з кінавобразам Ганібала Лектара.

Паводле папярэдніх дадзеных, падазраваны да войска жыў у Віцебску і пераехаў у Менск, адслужыўшы тэрміновую службу.


15:22 Паганяйла: Спэцслужбы займаюцца палітычным вышукам

Юрыст БХК Гары Паганяйла крытычна ставіцца да заяваў пра тое, што затрыманыя двое падазраваных па справе аб тэракце. Пасьля выбуху 2008 году затрымлівалі дзясяткі людзей, кажа ён, і вінаватых не знайшлі.

«Двое затрыманых — гэта знак таго, што прыступілі да сьледчых дзеяньняў, трэба зь людзьмі працаваць. Але гэта ня значыць, што выйшлі на сапраўдных арганізатараў і выканаўцаў гэтага тэракту. Спачатку гавораць пра нейкі фатаробат, потым абвяргаюць, кажуць, што гэта ня той чалавек, які знойдзены з дапамогай відэакамэр».

Спадар Паганяйла кажа, што ён спадзяецца, што рэальныя замоўнікі і выканаўцы тэракту будуць знойдзеныя і пакараныя:

«Але, на жаль, аптымізму асабіста ў мяне, юрыста зь вялікім досьведам, няма. Таму што нашыя сьледчыя не навучыліся раскрываць такія злачынствы. Адцягваньне сіл і сродкаў на палітычны вышук у іх атрымліваецца, а раскрыцьцё такіх складаных злачынстваў — не».

Сярод не раскрытых да гэтага часу цяжкіх злачынстваў Гары Паганяйла згадвае выбух 4 ліпеня 2008 году, справы зьніклых палітыкаў.

Улада можа выкарыстаць менскі тэракт для ўзмацненьня паляваньня на ведзьмаў, для грубага масавага парушэньня правоў чалавека, — кажа спадар Паганяйла, — як гэта было ў 2008 годзе.


15:18 Паводле беларускага МЗС, у выніку тэракту ў менскім мэтро былі шпіталізаваныя 8 замежных грамадзянаў. Сярод іх адзін грамадзянін Армэніі, пяць грамадзянаў Расеі, адзін грамадзянін Туркмэністану і адзін грамадзянін Украіны.


15:15 Пацярпелых ад тэракту ў менскім мэтро ня будуць эвакуаваць у Маскву.

Пра гэта паведамілі Інтэрфаксу ў Міністэрстве аховы здароўя і сацыяльнага разьвіцьця Расеі.

Там сказалі, што «дапамога Беларусі аказваецца ў поўным аб’ёме, лекары цалкам падрыхтаваныя, таму зараз неабходнасьці ў транспартаваньні пацярпелых ад тэракту няма».

Напярэдадні ў Беларусь выехалі расійскія спэцыялісты, і цяпер яны карэктуюць лячэньне, дапамагаюць мясцовым мэдыцынскім службам.


15:05 Беларускія анархісты рэагуюць на адну з вэрсіяў КДБ


14:34 Янукевіч: Лукашэнка хоча прывязаць тэракт да вобразу апазыцыі

Лідэр Партыі Беларускага народнага фронту Аляксей Янукевіч зазначыў, што заявы Лукашэнкі пра тое, што «апазыцыя можа існаваць, але пятай калёны ня будзе», і ягоны загад дапытаць апазыцыйных палітыкаў, якія выказваліся пра тэракт, успрымае як пагрозу для апаыцыі:

«Хаця калі ты зьяўляесься дэмакратычным актывістам у Беларусі, то вельмі многія дзеяньні ўладаў можна разглядаць як пагрозы. На маю думку, тут асноўная мэта ставіцца — увязаць гэты выбух зь дзейнасьцю апазыцыі. Гэтую лінію распачалі афіцыйныя прапагандысты, не называючы нікога канкрэтна. І цяпер робяцца ўскосныя намёкі наконт гэтага, каб гэтую страшную трагедыю неяк прывязаць да вобразу беларускай апазыцыі».


14:09 Time: «Пасьля выбуху беларускі тыран пачаў закручваць гайкі


13.28 Аляксандар Лукашэнка заявіў, што тэракт у менскім мэтро раскрыты.

«Сёньня а 5-й раніцы злачынства было раскрыта. Чэкістам і міліцыі спатрэбіліся суткі, каб у 09:00 правесці бліскучую апэрацыю і без шуму і траскатні затрымаць выканаўцаў. Сёньня а 5-й раніцы яны далі свае паказанні», — заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка заявіў, што затрыманыя выканаўцы тэракту у менскім мэтро прызналіся ў зьдзяйсьненьні выбухаў на Дзень Рэспублікі 3 ліпеня 2008 года і раней у Віцебску: «Затрыманыя прызналіся ня толькі ў зьдзяйсьненьні тэракту ў мэтро. На іх сумленьні тэракты, учыненыя ў Дзень незалежнасьці і раней у Віцебску ».

Лукашэнка таксама даручыў дапытаць апазыцыйных палітыкаў у сувязі з тэрактам у мэтро: «Неабходна расьсьледаваць ўсе заявы дзеячаў ад палітыкі, якія абвінавачвалі каго не лянота. Сёньня мы шукаем саўдзельнікаў і замоўцаў. Можа, гэтыя дзеячы ад „пятай калёны“ раскрыюць карты і пакажуць, хто замовіў».

«Вінаватыя павінны панесьці самае суровае пакараньне».

«Саўдзельнікі і, магчыма, заказчыкі: хто яны? Для нас гэта таксама важна».

Кіраўнікам сілавых структураў: «Тыя, у каго вы знойдзеце незарэгістраваную зброю, выбухоўку, чорных ці белых капальнікаў, — усіх за краты!»

«Толькі так мы можам пазьбегнуць у будучым новых тэрактаў».



Міністру абароны Лукашэнка загадаў цягам двух тыдняў скончыць рэвізію складоў зброі і боепрыпасаў: «Як мне дакладваюць чэкісты, апэратыўнікі, пацікавіліся некаторымі інтэрнатамі вайскоўцаў: чаго толькі там няма. Ну ясна пацукі, але там і патроны, і выбухоўка і боепрыпасы. Я патрабую навядзеньня парадку».

Міністру аховы здароўя Лукашэнка сказаў: «Вы павінны выратаваць усіх параненых».

Менгарвыканкаму Лукашэнка загадаў у самы кароткі тэрмін аднавіць працу транспарту і найперш мэтро. «Трэба, каб сёньня мэтро запрацавала».

Некаторыя іншыя цытаты:

«Выпрацаваць сыстэму мер бясьпекі па ўсёй краіне, якая дазволіць дапусьціць падобнага ў будучым».

«І самі мы павінны стаць больш пільнымі. Мір неспакойны. У нас павінна быць выпрацавана выразная сыстэма працы зь людзьмі. Кожны чалавек павінен быць пільным, уважлівым, асьцярожным. Кожны чалавек павінен адчуваць асабістую адказнасьць за бясьпеку і парадак у краіне. Не расслабляйцеся, гэта тычыцца міліцыі, вайскоўцаў, чэкістаў. Рэжым нясеньня службы пакуль узмоцнены».


13:17 Каардынатар аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» па Гомельскай вобласьці Юры Клімовіч паведаміў, што яго 12 красавіка ў сувязі з тэрактам у Менску выклікалі ў мясцовы КДБ.

«Дапытвалі пра асобных сяброў і прыхільнікаў БХД. Прычым пыталіся пра канкрэтных людзей, якія прысутнічалі 19 сакавіка на сустрэчы з Вадзімам Кабанчуком. Я так разумею, што яны ўсё праслухоўвалі альбо ў іх быў стукач. Пыталіся менавіта пра прозьвішчы, відаць, яны нічога канкрэтнага ня ведаюць. Допыт вёўся не пад запіс, таму я не даваў ніякай падпіскі. Паколькі я адмовіўся штосьці казаць, яны сказалі, што будуць выклікаць усіх», — распавёў Юры Клімовіч.

Ён таксама распавёў, што ў Мазыры ўжо 11 красавіка а 22:00 патэлефанавалі яго намесьніку па абласным аргкамітэце, каардынатару БХД па Мазыры Алесю Кавальчуку. «Яго запыталі, ці быў ён дома, а пасьля папрасілі падысьці і здаць адбіткі пальцаў», — сказаў Юры Клімовіч.


13:15 Дзьве жанчыны з Саратава, якія пацярпелі ў выніку тэракту ў менскім мэтро, сёньня ўвечары пакінуць Беларусь і накіруюцца дадому, паведаміў пасол Расеі Аляксандар Сурыкаў. Апошні з пацярпелых расейцаў 14 красавіка будзе выпісаны зь лякарні. Дыплямат адзначыў, што стан расейцаў здавальняючы, перадае Інтэрфакс.


13:10 Першая лінія менскага мэтрапалітэну, «Маскоўская», адновіць працу 14 красавіка, паведаміў журналістам старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька.

«Паўсталі дадатковыя тэхнічныя пытаньні, таму на суткі адкрыцьцё першай лініі мэтро затрымана. Але заўтра раніцай а 5 гадзіне рух на першай лініі будзе адноўлены», — сказаў Ладуцька.


13:08 БХК: Тэракт — наступства таго, што спэцслужбы заняліся палітычным вышукам


Беларускі Хэльсынскі камітэт выступіў з заявай у сувязі з тэрактам у Менску. Праваабарончая арганізацыя заяўляе:

«Гэта злачынны непрафэсіяналізм — перасьледаваць палітычных праціўнікаў і нічога не зрабіць для абароны грамадзян. Гэта жудасная трагедыя, і мы смуткуем па ахвярах.
Гэта злачынны непрафэсіяналізм — перасьледаваць палітычных праціўнікаў і нічога не зрабіць для абароны грамадзян.


Варта канстатаваць: тое, што здарылася, — прысуд для КДБ і іншых сілавых структур. Грамадзтва не павінна быць закладнікам таго, што спэцслужбы заняліся палітычным вышукам».

БХК патрабуе ад уладаў эфэктыўнага расьсьледаваньня зь безумоўным захаваньнем прававых стандартаў, а таксама радыкальнага рэфармаваньня спэцслужбаў і ўсталяваньня сапраўднага грамадзкага кантролю за іх працай.

«Вінаватыя, хто б гэта ні быў, павінны быць знойдзеныя і пакараныя пасьля адкрытага справядлівага судовага разбору».


12.59
Фатаробаты асобаў, падазраваных у зьдзяйсьненьні тэракту ў менскім мэтро, апублікаваныя Камітэтам дзяржбясьпекі Беларусі. На фатаробатах — два маладыя мужчыны да 30 гадоў, адзін зь іх — відавочна славянскага выгляду, сьветлавалосы, другі — смуглейшы, у цёмнай шапцы.


12:25 У цэнтры Менску адбыўся пажар, які быў ліквідаваны праз некалькі хвілінаў супрацоўнікамі МНС, паведамляе Інтэрфакс.

«Многія гараджане маглі бачыць слуп дыму, які падымаўся ў неба, у раёне Галоўпаштамту на праспэкце Незалежнасьці. Там быў пажар, які ліквідаваны літаральна праз некалькі хвілінаў», — патлумачыў супрацоўнік МНС.


12:15
Ад самага ранку да станцыі мэтро «Кастрычніцкая» ідзе вельмі шмат людзей. Яны ўскладаюць кветкі, запальваюць зьнічы ля ўваходу ў станцыю мэтро. Усклалі кветкі і вянкі таксама прадстаўнікі амбасадаў Грузіі, Ізраілю, Польшчы, Расеі і Літвы. Яны выказалі словы салідарнасьці.

Амбасадар Расеі Аляксандар Сурыкаў сказаў, што гэтая падзея неардынарная для Беларусі. Расея гатовая дапамагчы ў расьсьледаваньні тэракту і рэабілітацыі пацярпелых.

Амбасадар Польшчы сказаў, што Польшча гатовая аказаць дапамогу, калі ў гэтым будзе патрэба.

Малітву на ўваходзе ў станцыю мэтро і ў самім мэтро зладзіў мітрапаліт Філарэт.

Фотарэпартаж з Кастрычніцкай плошчы:











12:00 Пацярпелыя падчас выбуху ў менскім мэтро атрымаюць выплаты ў памеры 20–100 базавых велічынь.

Грамадзяне, якія атрымалі пашкоджаньні рознай ступені цяжкасьці ў выніку выбуху ў менскім мэтро, атрымаюць матэрыяльную кампэнсацыю ў памеры ад 20 да 100 базавых велічынь у залежнасьці ад характару траўмаў, паведамілі Інтэрфаксу ў Менгарвыканкаме.

Пацярпелыя, якія маюць цяжкія цялесныя пашкоджаньні, атрымаюць матэрыяльную кампэнсацыю ў памеры 100 базавых велічынь (3,5 мільёна рублёў), людзям з пашкоджаньнямі сярэдняй ступені цяжкасьці гарадзкія ўлады выплацяць кампэнсацыю ў памеры 50 базавых велічынь (1 мільён 750 тысяч рублёў). Тыя, хто мае лёгкія траўмы, атрымаюць кампэнсацыю ў памеры 20 базавых велічынь (700 тысяч рублёў).

Гарадзкія ўлады таксама акажуць дапамогу сем’ям загінулых у арганізацыі пахаваньня і памінаньня. Памер выплат на гэтыя мэты складзе 800 базавых велічынь (28 мільёнаў рублёў).

Гарадзкая адміністрацыя прапануе сваякам загінулых любыя могілкі гораду на выбар, за выключэньнем Усходніх і Вайсковых.

Пахаваньні адбудуцца ў бліжэйшыя тры дні.


11:45
Стан цяжка пацярпелых пры выбуху паляпшаецца, паведаміў міністар аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко.

Паводле міністра, за 12 красавіка зьменшылася колькасьць цяжкахворых: з 40 да 29, перадае Інтэрфакс.

Стан 82 пацярпелых характарызуецца як сярэдняй ступені цяжкасьці, за суткі з бальніц выпісалі 12 чалавек. У мэдустановах Менску знаходзяцца 153 хворыя, чый стан ацэньваецца як стабільны. Жарко адзначыў, што «ўсё знаходзіцца пад кантролем, асаблівых апасеньняў няма. Вядома, ёсьць яшчэ частка хворых вельмі цяжкіх. Робіцца ўсё, каб выратаваць іх жыцьці». Таксама з пацярпелымі працуюць псыхолягі, у тым ліку з Расеі, кансультатыўную і практычную дапамогу аказваюць лекары маскоўскіх клінік.


11:35 Менская міліцыя папярэджвае, што распаўсюджваньне ілжывых чутак пра чарговыя «тэракты» будзе карацца па ўсёй строгасьці закону, перадае Інтэрфакс.

«Адразу пасьля трагічных падзей 11 красавіка асобныя грамадзяне зламысна распаўсюджваюць па Менску чуткі пра зьдзяйсьненьне новых выбухаў на аб’ектах мэтрапалітэну і грамадзкага транспарту», — гаворыцца ў прэс-рэлізе ГУУС.
У сетцы Інтэрнэт актыўна «раскручвалася» тэма выбуху ў адным з аўтобусаў маршруту № 100. Падчас праверкі высьветлілася, што гэта — ня больш чым здагадкі панікёраў


Там удакладняецца, што толькі за адзін дзень 12 красавіка двойчы паведамлялася пра наяўнасьць падазроных прадметаў у сьмецьцевых кантэйнэрах і электрацягніках сталічнай падземкі ў раёне станцыі «Фрунзенская». Але пільнасьць людзей «не павінна перарастаць у нагнятаньне панікі і істэрыі».

«Напрыклад, у сетцы Інтэрнэт актыўна «раскручвалася» тэма выбуху ў адным з аўтобусаў маршруту № 100. Падчас праверкі высьветлілася, што гэта — ня больш чым здагадкі панікёраў і злы геній «чорных піяршчыкаў», — адзначаецца ў прэс-рэлізе.

«Міліцыя зьвяртае ўвагу „вынаходнікаў“ чутак на тое, што падобнае дзеяньне можа пагражаць рэальным турэмным тэрмінам», — дадаецца ў прэс-рэлізе.

«Так, згодна з артыкулам 340 Крымінальнага кодэксу Беларусі (заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку), за ўкіданьне ў шырокія масы ілжывай інфармацыі пра чарговыя „тэракты“ з мэтай дэстабілізаваць абстаноўку і пасеяць хаос у грамадзтве можна пазбавіцца свабоды на тэрмін да 7 гадоў».


11:05 На месцы выбуху ў менскім мэтро працуюць 7 ізраільскіх экспэртаў, якія прыбылі ноччу ў Менск, паведамілі Інтэрфаксу ў амбасадзе Ізраіля ў Менску.

«Экспэрты з аэрапортe адразу ж накіраваліся да месца выбуху, цяпер яны знаходзяцца ў менскім мэтро», — дадалі ў дыпмісіі.


10:57 Цяпер правяраецца датычнасьць затрыманых да выбухаў, якія былі ўчыненыя некалькі гадоў таму ў Віцебску і ў Дзень рэспублікі 3 ліпеня 2008 года.

«Дадзеныя аб магчымай іх датычнасьці да гэтых выбухаў атрыманы ад саміх падазраваных. Наколькі яны маюць дачыненьне да ранейшых выбухаў — мы працуем і высьвятляем », - адзначыў намесьнік генпракурора Андрэй Швед.
Відэаролік, які падрыхтаваны супрацоўнікамі антытэрору КДБ, у ім выразна недвухсэнсоўна прасочваецца пасьлядоўнасьць трагічных падзей


Ён таксама паведаміў, што згодна з відэазапісам у менскім мэтро, «зь вялікай доляй верагоднасьці можна меркаваць, што адзін з затрыманых зьяўляецца выканаўцам».

Паводле Шведа, абодва затрыманых зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі, выхадцамі аднаго з абласных цэнтраў і яны ўжо даўно знаёмыя.

Адказваючы на пытаньне, якая з вэрсій агучаных учора кіраўніком КДБ Беларусі Вадзімам Зайцавым цяпер распрацоўваецца, намесьнік генпракурора паведаміў, што цяпер адпрацоўваецца новая вэрсія. Паводле Шведа, «адзін з фотаробатаў супадае. Мы ўжо ўчора былі гатовыя апублікаваць фотаробаты і відэамалюнкі выканаўцаў, але ўстрымаліся. Гэта быў тактычны выкрут».

«Сам відэаролік, які падрыхтаваны супрацоўнікамі антытэрору КДБ, у ім выразна недвухсэнсоўна прасочваецца пасьлядоўнасьць трагічных падзей», адзначыў Швед.

«На відэазапісе выразна відаць, як падазраваны прыбывае на станцыю Купалаўскую, спускаецца на Кастрычніцкую і знаходзіцца на пэроне, пакідае сумку на лаўцы і сыходзіць адтуль, маніпулюючы у кішэні курткі, пасьля чаго адбыўся выбух».

13 красавіка ў Менску абвешчаная жалоба па 12 ахвярах тэракту ў на станцыі мэтро «Кастрычніцкая». 13 красавіка пройдуць першыя пахаваньні загіблых. Сьледзтва заяўляе, што затрыманыя першыя падазраваныя па тэракту ў менскім мэтро.

Затрыманыя першыя падазраваныя па тэракту

У Менску жалоба па ахвярах тэракту

«Маскоўская» лінія мэтро не запрацавала. Наземны транспарт перапоўнены





Тэракт: 12 загінулі, 204 пацярпелі. Онлайн-рэпартаж





Выбух на станцыі мэтро «Кастрычніцкая». Ёсьць ахвяры

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG