Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвет спачувае Беларусі


У зьвязку з выбухам 11 красавіка ў менскім мэтро кіраўнікі краін і міжнародныя арганізацыі, вядомыя людзі выказваюць спачуваньне пацярпелым і ўсяму беларускаму народу.

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун выказаў спачуваньне народу Беларусі і, у прыватнасьці, сем’ям ахвяраў.

Дзейны старшыня АБСЭ, міністар замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс: “Наша спачуваньне накіраванае ў першую чаргу сем’ям загінулых і пацярпелых”.

Сёньня ранішняе паседжаньне Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы пачалося зь хвіліны маўчаньня у памяць ахвяраў тэракту ў менскім мэтро.

У Люксэмбургу, адкрываючы пасяджэньне Рады міністраў замежных справаў Эўразьвязу, вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі Кэтрын Эштан сказала: “Я перадала свае спачуваньні сем’ям, якія страцілі сваіх любімых або маюць параненых у выніку таго, што адбылося ў Беларусі”.

Свае спачуваньні ў тэлефоннай размове з А.Лукашэнкам выказаў прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў.

Тэлеграмай прыслаў свае спачуваньні прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў.

Спачуваньні народу Беларусі выказалі арганізацыі нацыянальных мяншыняў Малдовы.

На адрас МЗС РБ паступілі спачуваньні ад міністра замежных справаў Ізраіля Авігдора Лібэрмана, міністра замежных справаў Латвіі Гірта Валдзіса Крыстоўскіса, міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага, кіраўніка МЗС Фінляндыі Аляксандра Стуба, міністра замежных справаў Эстоніі Урмаса Паэта, эўракамісара па пашырэньні і эўрапейскай палітыцы суседзтва Штэфана Фюле.

У зьвязку з трагедыяй у мэтро спачуваньні беларускаму народу выказаў прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч.

Пра тое, што Літва асуджае любую праяву гвалту, тым больш, калі гэта адбываецца ў блізкіх суседзяў, заявіў прэм’ер-міністар Літвы Андрус Кубілюс.

Далучыўся да спачуваньняў і прэм’ер-міністар Малдовы Ўладзімер Філат.

Ад імя Кітаю тэракт у менскім мэтро рашуча асудзіў афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Хун Лэй.

Спачуваньні сем’ям ахвяраў выказаў прэзыдэнт Латвіі Валдзіс Затлерс.

“Мы смуткуем разам з вамі ў гэты цяжкі час”, -- сказана ў спачуваньні прэзыдэнта Эстоніі Томаса Хендрыка Ільвеса.

Свае словы падтрымкі народу Беларусі даслаў выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Малдовы Марыян Лупу.

Спачуваньні А.Лукашэнку даслаў прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі.

Праз наша радыё выказаў спачуваньне Зянон Пазьняк: "Маё глыбокае спачуваньне сем’ям, родным і блізкім усіх загінулых добрых нашых людзей ад выбуху 11-га красавіка ў Менскім мэтро. Спачуваю таксама ўсім пакалечаным і параненым, зычу хутчэйшага загойваньня і выздараўленьня і спадзяюся, што цемра і страх зьнікнуць з нашага беларускага жыцьця і людзі дамогуцца лепшай долі".

У сваёй заяве Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказала спачуваньне родным і блізкім загінулых і пацярпелых у выніку выбуху ў менскім мэтрапалітэне 11 красавіка: “Гэтая жудасная трагедыя кранае ўсіх беларусаў, і тых, хто на Бацькаўшчыне, і тых, хто на чужыне. Мы молімся па памерлых і жадаем хутчэйшага выздараўленьня параненым”.

Амбасада ЗША выказала спачуваньне ў сувязі з тэрактам у менскім мэтро: «Мы самым рашучым чынам асуджаем гэты подлы і жахлівы акт. Мы жадаем усім параненым поўнага і хуткага выздараўленьня».

Дзярждэпартамэнт ЗША асудзіў выбух у менскім мэтро і выказаў спачуваньні сем'ям ахвяраў. "Мы асуджаем гэты жахлівы ўчынак, які дэманструе абсалютную пагарду да чалавечага жыцья", – сказаў на брыфінгу прэсавы сакратар Дзярждэпу Марк Тоўнэр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG