Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валюта зьнікла. Затое колькі старых «іншамарак»!


Чарга на рэгістрацыю іншамарак у Гомелі.
Чарга на рэгістрацыю іншамарак у Гомелі.
У Беларусі не спадае ажыятаж вакол набыцьця ўжываных аўтамабіляў замежнай вытворчасьці. Многія людзі, якія сьпяшаюцца набыць аўто, спадзяюцца пасьля 1-га ліпеня атрымаць высокія прыбыткі. Між тым улада папярэджвае, што гэтыя пляны могуць і ня спраўдзіцца, калі Расея ўвядзе абмежаваньні і закрые доступ на свае рынкі іншамаркам, увезеным празь Беларусь.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Каб набыць іншамарку, беларусы купляюць валюту ў Расеі

Прыкладна ў паўтара-два разы падвысілася апошнім часам штодзённая рэгістрацыя іншамарак у міжраённым рэгістрацыйна-экзамэнацыйным аддзеле (МРЭА) Гомельскай дзяржаўтаіспэкцыі.

Пра гэта паведамляе прадстаўнік аддзелу:

«У 1,5–2 разы павялічылася апошнім часам рэгістрацыя транспарту ў параўнаньні з тым, што было месяц таму».

У чарзе ля МРЭА стаіць блізу дзясятка машын. Яшчэ больш іх на пляцоўцы чакаюць праверкі.

Куплены ўжываны мікрааўтобус «Фольксваген-каравэла» прыехаў зарэгістраваць гамяльчук паважнага веку. Ён кажа, што багата нацярпеўся, пакуль купіў валюту, каб набыць гэты мікрааўтобус. Прычым не ў «Беларусбанку», дзе захоўваліся яго грошы, а ў Расеі:

Зьбіраў грошы па капейцы — недаядаў, недапіваў.
«У банку ў мяне ляжалі беларускія грошы пад працэнты. Зьбіраў гэтыя грошы па капейцы — недаядаў, недапіваў. За месяц да гэтага ажыятажу прыйшоў у банк і хацеў зьняць грошы й купіць валюту. У банку сказалі, каб не хваляваўся і прыходзіў у любы момант па свае грошы й па валюту. Тут сын тэлефануе: бацька, усё прападае! Я прыбег у банк у разгубленасьці: „Дайце хоць што-небудзь!“ Яны мне нічога не даюць — ні даляра няма, ні эўра, нічога!».

«Выдалі мне расейскія рублі. Я пачаў тэлефанаваць у Расею, дамовіўся там, паехаў і купіў у Расеі даляры, а пасьля выправіўся па машыну. У гэтым улада вінаватая — раз абдурылі людзей і другі раз. Учора Лукашэнка сказаў, што 5–6 месяцаў даляраў ня будзе. А што нам чакаць 5–6 месяцаў, калі „растаможка“ падаражэе? Ён казаў яшчэ, што хацеў ужо зараз падняць мыта, але, маўляў, пашкадаваў людзей — няхай купяць машыны тыя, хто надумаўся. Але ёсьць яшчэ адно „але“. Колькі за гэты час даляр каштаваць будзе — 3050 ці 4080?»

Гомельскія аўтааматары й перавозчыкі лічаць, што ўсплёск попыту на ўжываныя аўта ў зьвязку з дэкляраваным падвышэньнем мыта дапаможа калі не разбагацець беларусам, то, прынамсі, абнавіць прыватны аўтапарк у краіне. Увезеныя з-за мяжы легкавікі людзі ўсё адно будуць купляць, нягледзячы на жаданьне ўладаў прывабіць людзей да аўтамашын расейскага аўтапраму.

Гаворыць перавозчык Аляксей: «Такім чынам спрабуюць, у прыватнасьці, падняць попыт на легкавікі расейскага аўтапраму. Але ж ужываныя іншамаркі — лепшыя, чым з АўтаВАЗу аўтамабілі, з расейскага аўтапраму».

Перавозчыкі не выключаюць, што Расея можа яшчэ да 1 ліпеня зрабіць адмысловыя захады, каб перакрыць наплыў іншамарак празь Беларусь.

У Беларусі і Расеі зараз аднолькавыя цэны на аўтамабілі — што тут, тое і там.
Самі ж расейцы, якія набываюць у Беларусі іншамаркі, прывезеныя з краін Эўразьвязу, сьведчаць, што ўжо зараз зарабіць на замежных аўто ў Расеі складана.

Вось што, у прыватнасьці, кажа азэрбайджанец Саід, які стала жыве ў Смаленску і прыехаў у Беларусь прыдбаць сабе замежны міні-вэн:

«Вялікі наплыў пайшоў, і зараз нявыгадна стала вазіць. У вас з Расеяй аднолькавыя цэны сталі — што тут, тое й там».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Толькі празь Берасьцейшчыну штодзённа прыганяюць амаль паўтысячы іншамарак. Прадаваць іх у Расеі забаронена

На берасьцейскім аўтарынку.
За суткі на мытнях у памежнай Берасьцейшчыне рэгіструюцца сотні аўтамабіляў, што ўвозяцца з-за мяжы. Аўтарынак перажывае небывалы бум.

На пунктах мытнага кантролю Берасьцейшчыны апошнім часам ставяцца своеасаблівыя рэкорды. Днямі за суткі мытнікі аформілі 497 аўтамабіляў. Увезеныя ў Беларусь машыны прадаць зараз у Расею немагчыма. Толькі тыя аўтамабілі, якія былі ўвезеныя ў Беларусь да 2010 году, ідуць на продаж у Расею. Усё, што ўвозіцца цяпер, ідзе на ўнутраны рынак. Як адзначае афіцыйны прадстаўнік Берасьцейскай дзяржаўнай мытні, колькасьць машын, якія ўвозяцца ў Беларусь, не зьмяншаецца:

«На пунктах пропуску на мяжы берасьцейскія мытнікі нядаўна аформілі каля 500 аўтамабіляў за суткі. Скажам, што сёньня сытуацыя амаль на такім жа самым узроўні захоўваецца. Гаворка ідзе пра пяць пунктаў мытнага кантролю, у тым ліку і пра Баранавіцкую мытню, куды аўтамабілі завозяцца чыгуначным транспартам з Прыбалтыкі».

Прадстаўнік Берасьцейскай мытні таксама ўдакладніў, што дадаткова на працу прынятыя яшчэ 16 чалавек, якія займаюцца мытным афармленьнем.

Найбольшы гандаль на аўтарынку — у пятніцу й суботу

На берасьцейскім аўтарынку ў будзённыя дні асаблівага ажыятажу няма. Але, як кажа аўтаўладальнік Андрэй, небывалы гандаль адбываецца ў пятніцу й суботу:

«У пятніцу і суботу на рынку вялізарная колькасьць наведнікаў. Цяпер назіраецца сапраўдны ажыятаж, штучна завышаныя кошты і проста небывала актыўны гандаль. Машыны ўмомант купляюцца».

Парада знаўцы: «Сьпяшацца пакуль ня варта»

Гаворыць берасьцейскі аўтааматар зь вялікім досьведам Сяргей Шутко:

«Самы „хапун“ цяпер для аўтаперагоншчыкаў. Яны ж прывозяць на ляфэтах цяпер адразу па 3–4 аўтамабілі. Зарабляюць бабкі на пустым месцы».

Цікаўлюся ў суразмоўцы цэнамі на ўвезеныя аўтамабілі і пэрспэктывамі іх набыцьця. Спадар Сяргей кажа:

«Ну, то ж кошты падняліся і ў Эўропе. У сярэднім больш чым на адну тысячу эўра падаражэлі. Там жа таксама сочаць за сытуацыяй. І ўрэшце беларусы застануцца, як той казаў, пры сваіх інтарэсах. У Расею гэтыя аўтамабілі ня трапяць. Яны застануцца для ўнутранага карыстаньня. А пасьля аўтарынак замрэ на год ці нават два. Так што таму, што хацеў бы набыць іншамарку, сьпяшацца пакуль ня варта».

Год таму ў чаканьні ўвядзеньня мыта на іншамаркі для фізычных асобаў Беларусь наваднілі патрыманымі аўто з Эўропы. Аднак Расея ўпусьціла на свой рынак толькі аўтамабілі, якія былі ўвезеныя ў Беларусь да 1 студзеня 2010 году і адпавядалі стандарту не ніжэй як «Эўра-4». У выніку цэны на ўжываныя іншамаркі з 1 ліпеня 2010 году рэзка пайшлі ўніз, прычым больш за іншых пацярпелі скупшчыкі «аўтахламу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG