Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы скупляюць золата


Як паведамляе інтэрнэт-выданьне “Беларускія навіны”, сутыкнуўшыся з дэфіцытам валюты на ўнутраным рынку, жыхарства для абароны сваіх ашчаджэньняў ад магчымай дэвальвацыі пачало актыўна скупляць зьліткі з каштоўных мэталаў. Толькі за першы квартал аб’ем продажу залатых зьліткаў вырас у 5 (!) разоў у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.

Павышаны попыт на золата выявіўся яшчэ ў студзені-лютым, калі насельніцтва і прадпрыемствы купілі залатых зьліткаў у 2,3 разу больш, чым у студзені-лютым летась. У сакавіку на фоне чутак аб дэвальвацыі і адначаснага дэфіцыту валюты інвэстыцыі ў золата сталі яшчэ больш інтэнсіўнымі.

Інвэставаньне ў золата працягвае заставацца адным з найбольш эфэктыўных укладаньняў капіталу

Толькі за мінулы месяц банкамі было прададзена 471,5 кг золата, што склала больш за 30% ад аб'ёму продажу залатых зьліткаў за ўвесь мінулы год (1235,88 кг). За апошнія пяць гадоў беларусы ніколі не куплялі столькі зьліткаў у сакавіку.

Экспэрты зьвязваюць гэта ня толькі з асьцярогамі адносна дэвальвацыі. Інвэставаньне ў золата працягвае заставацца адным з найбольш эфэктыўных укладаньняў капіталу ў сувязі з ростам сусьветных цэнаў на гэты каштоўны мэтал.

За 2010 год праз асьцярогу інвэстараў адносна стану амэрыканскай эканомікі і праз чаканае паглыбленьне даўгавога крызісу ў Эўропе золата падаражэла на 20%. Сёлета цікавасьць да золата ўзмацнілі канфлікты на Блізкім Усходзе, што таксама адбілася на кошце. Паводле апошніх зьвестак, цэны на золата дасягнулі 1438,2 даляра за унцыю.

“Калі цана на золата будзе расьці на сусьветных рынках, значыць, будзе расьці і ў нас”

Скачкі цэнаў на золата адбіваюцца на курсе продажу залатых зьліткаў ўнутры Беларусі. Як растлумачылі “Беларускім навінам” ва ўпраўленьні інфармацыі Нацыянальнага банку, “калі цана на золата будзе расьці на сусьветных рынках, значыць, будзе расьці і ў нас”.

З пачатку году цана продажу, напрыклад, самага папулярнага зьлітка масай 10 г вырасла на 150 тысяч рублёў. Зьлітак на 20 г за тры месяцы падаражэў на 300 тысяч рублёў, а кіляграмовы – амаль на 14 мільёнаў рублёў.

Актыўна інвэстуючы ў золата, на выхадзе беларусы разьлічваюць на прыбытак. Напрыклад, летась мінімальная даходнасьць па зьлітках склала прыкладна 14% у далярах і 21% у рублях. Ніводзін уклад ні ў водным банку не забясьпечыў такога роўню прыбытковасьці.

Купля-продаж залатых зьліткаў стратная, нягледзячы на рост цэнаў

Сёлета золата таксама можа прадэманстраваць нядрэнную прыбытковасьць. Аднак пакуль, калі казаць пра кароткатэрміновую выгаду, укладаньні ў залатыя зьліткі сябе не апраўдваюць. Купля-продаж залатых зьліткаў стратная, нягледзячы на рост цэнаў. Да прыкладу, прададзены ў пачатку студзеня залаты зьлітак на 10 г па цане 1 мільён 478 тысяч рублёў сёньня Нацбанк назад выкупіць па цане 1 мільён 415 тысяч 930 рублёў. У эфэкце – “мінус” 63 тысячы рублёў.

Такі вынік інвэставаньня ў золата – наступства цэнавай палітыкі Нацбанку. Калі курс куплі за тры месяцы вырас амаль на 3%, то курс продажу насельніцтву – на 10%. Да канца году сытуацыя павінна зьмяніцца на карысьць інвэстараў, але ня выключана, што ровень даходнасьці дзякуючы такой цэнавай палітыцы можа быць ніжэйшым за леташні.

Усяго за студзень-сакавік, паводле зьвестак Нацбанку, аб'ём продажу залатых зьліткаў склаў 680,338 кг. Праўда, гэта другі паказчык за апошнія 5 гадоў. Рэкорд продажу быў устаноўлены ў студзені-сакавіку 2008 году, калі банкамі было прададзена 883 кг зьліткаў з золата.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG