Рашэньне Нацбанку аб спыненьні продажу камэрцыйным банкам наяўнай валюты мы папрасілі пракамэнтаваць фінансавага аналітыка Сяргея Чалага.
Чалы: Прычына відавочная – не хапіла наяўнай валюты, каб задаволіць ажыятажны попыт. Амуніцыі ў Нацбанку, каб змагацца з гэтым, хапіла толькі на месяц.
Дракахруст: Сяргей, ёсьць прымаўка, што грошы – рэч такая, іх ці няма ці зусім няма. Я ня думаю, што ў НББ фізычна няма валюты. Гаварылася пра тое, што каля 4 мільярдаў даляраў яшчэ засталося.
Дык чаму яны спынілі іх прадаваць?
Чалы: Ну ільвіная доля гэтых рэзэрваў, якія засталіся – гэта манэтарнае золата. Там наяўнасьці добра калі траціна. Справа сапраўды ня ў тым, што яна фізычна скончылася. Быў плян у сытуацыі ажыятажнага попыту, на месяц адклаўшы попыт юрыдычных асобаў, усю валюту кінуць на задавальненьне попыту насельніцтва, якое пачало масава скупаць валюту. Была надзея, што атрымаецца пераламаць псыхалёгію, паказаць, што валюты ў краіне хапае, супакойцеся. Магчыма, разьлік быў на тое, што ў насельніцтва нарэшце рублі скончацца, яно ж іх не друкуе, каб валюту купляць.
Але відаць сытуацыя зайшла так далёка, што насельніцтва скупляе валюту ня толькі за рублі, якія былі на руках, але і пачало здымаць назапашваньні. Гэта НББ напалохала, і таму было прынятае такое рашэньне. Так што пажар так і не патушылі.
Дракахруст: А ці не падлілі туды бэнзіну? Адна з прычын цяперашняга ажыятажу – чыста псыхалягічная. Але тое, што НББ спыняе продаж валюты камэрцыйным банкам – хіба гэта не такое пасланьне, якое яшчэ больш разагрэе гэты ажыятаж?
Чалы: Баюся, што так. І ёсьць вялікая небясьпека наагул згубіць кантроль над сытуацыяй.
Дракахруст: Чыста эканамічныя разьлікі сьведчылі пра тое, што яшчэ некалькі месяцаў Беларусь можа пратрываць без дэвальвацыі. Але гэтае рашэньне Нацбанку – ці не адчыняе яно браму дэвальвацыі?
ёсьць вялікая небясьпека наагул згубіць кантроль над сытуацыяй
Адміністрацыйных, неграшовых інструмэнтаў у НББ хапае: можна ўвесьці часовы мараторый на зьняцьце ўкладаў, можна ўвесьці рацыянаваньне продажу валюты – ня больш за, скажам, 200 даляраў у адны рукі.
Дракахруст: А ваш прагноз паводзінаў на валютным рынку – "доллары, марочки, россия" адродзяцца?
Чалы: Так, я думаю што мы вяртаемся да гэтага. Баюся, што мы убачым і "доллары, марочки, россия", і сыстэму множных валютных курсаў. Ужо і зараз вяртаюцца формы неграшовых разьлікаў – некаторыя прадпрыемствы прапаноўваюць разьлічвацца за імпарт сваёй прадукцыяй. Паўтараем 90-я гады.