Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк маўчыць, народ скупляе золата


Нацыянальны банк
Нацыянальны банк
Насуперак чуткам пра магчымы абвал беларускага рубля, 1 красавіка камэрцыйныя і дзяржаўныя банкі захавалі валютны курс нязьменным. Праўда, набыць валюту па-ранейшаму амаль немагчыма, і калі яна зьявіцца ў дастатковай колькасьці — ніхто ня ведае.

Ня маючы магчымасьці ўкласьці рублі ў даляры і эўра, людзі пачалі скупляць залатыя зьліткі і срэбныя манэты. Тым часам кіраўніцтва Нацыянальнага банку фактычна ўхілілася ад працэсаў на валютным рынку — як заяўлена, да моманту паступленьня абяцанага Расеяй крэдыту ў памеры 1 мільярд даляраў.

Незадаволенасьць палітыкай кіраўніцтва цэнтральнага банку выказваюць нават урадоўцы. Так, намесьнік прэм'ер-міністра Сяргей Румас заявіў, што ўрад занепакоены сытуацыяй, пры якой прадпрыемствы і грамадзяне ня могуць нармальна функцыянаваць і набываць валюту.
Падставаў для перагляду прагнозу па гадавой інфляцыі няма

На яго думку, фактычнае вяртаньне да множнасьці курсаў не вырашае праблемы, бо нават дазволены 10-працэнтны калідор на біржавым валютным рынку недастатковы, каб нармалізаваць сытуацыю. Апроч таго, не спрыяе стабілізацыі і ўзровень інфляцыі, які цягам студзеня-лютага склаў 4,2% — пры прагнозе на ўвесь 2011 год у памеры 7,5%:

"Увогуле, прадказваць сёньня інфляцыю досыць складана, таму што ўсё будзе залежаць ад валютных абмежаваньняў на рынку. Сёньня ніхто з экспэртаў ня можа сказаць, як гэта адаб'ецца на рэальным сэктары эканомікі. Чаканьні зараз вельмі вялікія, і мы бачым, што многія вытворцы закладваюць яўна завышаны курс беларускага рубля ў кошт тавару, таму, напэўна, давядзецца рабіць ураду нейкія дадатковыя захады. Але мы ўсё ж лічым, што падставаў для перагляду прагнозу па гадавой інфляцыі няма, і ўрад будзе рабіць усё магчымае дзеля таго, каб упісацца ў зацьверджаныя парамэтры".

Як кажа прадстаўнік Асацыяцыі беларускіх банкаў Фэлікс Чарняўскі, цяпер галоўнае спадзяваньне беларускія ўлады ўскладаюць на супольны крэдыт ад Расеі і краін СНД на агульную суму 3 мільярды даляраў. Першы транш на 1 мільярд даляраў чакаецца празь месяц. Аднак пры гэтым ня трэба забывацца, што, апроч падтрымкі на плыву беларускага рубля, існуюць і іншыя фінансавыя абавязаньні. Прыкладам, замежны дзяржаўны доўг Беларусі на 1 сакавіка перавысіў 10,5 мільярда даляраў, і толькі на яго абслугоўваньне сёлета трэба знайсьці блізу 900 мільёнаў даляраў. Сукупная ж замежная запазычанасьць складае прыкладна 30 мільярдаў даляраў:

"У бліжэйшы час вырашаецца пытаньне прыцягненьня грашовых сродкаў расейскіх — у аб'ёме 1 мільярд даляраў, а таксама са стабілізацыйнага фонду ЭўрАзЭС — 2 мільярды даляраў. Калі гэтыя сродкі будуць атрыманыя, то, вядома, сытуацыя досыць хутка стабілізуецца. Зь іншага боку, такая мера таксама мае свае абмежаваныя тэрміны, і ў гэтым сэнсе неабходна рабіць пэўныя крокі ў галіне разьвіцьця вытворчасьці, у галіне разьвіцьця экспарту і г.д. Найперш дзеля таго, каб першым часам зьмяншаць адмоўнае сальда бягучага рахунку плацёжнага балянсу, каб у наступным пераадолець такую вось нэгатыўную тэндэнцыю".
Калі сродкі з Расеі і са стабілізацыйнага фонду ЭўрАзЭс будуць атрыманыя, то сытуацыя досыць хутка стабілізуецца.

Тым часам, за студзень-люты адмоўнае сальда зьнешняга гандлю таварамі наблізілася да 2 мільярдаў даляраў, што не дае падставаў спадзявацца на папаўненьне бюджэту звонку. Дарэчы, за аналягічны пэрыяд летась гэты паказьнік быў у чатыры разы меншы — каля паўмільярда даляраў. Але Нацыянальны банк не інфармуе насельніцтва пра захады, якія робяцца, каб аздаравіць сытуацыю. Фінансавы аналітык Кацярына Сьмірнова кажа, што падобнае маўчаньне спараджае толькі новыя прыступы панікі:

"Наколькі я разумею, Нацыянальны банк у гэтай сытуацыі прыняў рашэньне ўвогуле нікуды асабліва ня ўмешвацца. З аднаго боку, ён ніяк не камэнтуе дзеяньні камэрцыйных банкаў. Зь іншага боку, камэрцыйныя банкі таксама нічога не тлумачаць і робяць выгляд, што насамрэч нібыта нічога не адбываецца. Прынамсі, тыя камэнтары, што паступаюць, выглядаюць вельмі асьцярожнымі. Пры тым, што сытуацыя выглядае няпэўнай, людзі ж бачаць адваротнае. І атрымліваецца, што сытуацыя разварочваецца ня ў лепшы бок".

У той жа час эканаміст Павал Данэйка лічыць, што падштурхоўваць Нацбанк да нейкіх актыўных дзеяньняў ня варта:
Нацыянальны банк у гэтай сытуацыі прыняў рашэньне нікуды ня ўмешвацца

"Ведаеце, у нас шмат народу прадказвае крах беларускай эканомікі, кожны год гавораць пра наступленьне апакаліпсісу. І потым, калі нешта такое адбываецца, як той жа крызіс, пачынаюць заяўляць: вось так, а я яшчэ гадоў 15 таму пра гэта папярэджваў. Я таксама не гадалка, каб нешта дакладна прагназаваць, але зразумела, што Нацыянальны банк у нас вельмі кваліфікаваны і прафэсійны. Думаю, што адзін з самых лепшых на постсавецкай прасторы. Таму людзі таксама ўсё там разумеюць і стараюцца знайсьці рашэньне ў рамках тых абмежаваньняў, якія маюць".

Тым часам людзі ў адчаі пачалі атакаваць сам Нацыянальны банк. Ягоныя рэгіянальныя ўпраўленьні не даюць рады ахвотным хоць неяк канвэртаваць беларускія рублі. У адсутнасьць валюты масава скупляюцца залатыя зьліткі і срэбныя манэты. Супрацоўнікі банку расказваюць, што разьбіраюць нават кіляграмовыя "цагліны", кошт якіх перавышае 50 тысяч даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG