Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Севярынец: «Ды яны ўвогуле ні ў чым не вінаватыя»


Маці Паўла Севярынца пракамэнтавала навіну пра тое, што яе сыну выставілі больш мяккае абвінавачаньне. З турмы на вуліцы Акрэсьціна выйшлі на волю Віктар Івашкевіч і Іван Шыла. Чаму першага з асуджаных у справе 19 сьнежня Васіля Парфянкова дагэтуль трымаюць на «Валадарцы»? Яшчэ 5 удзельнікаў Плошчы абвінавачаныя ва ўдзеле ў масавых непарадках.

Тацяна Севярынец не хавала: яна супярэчліва паставілася да навіны, што сыну Паўлу ды яшчэ тром вязьням зьмякчылі абвінавачаньне і цяпер замест 15 гадоў ім пагражае максымум тры гады за нібыта арганізацыю дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак. «Як маці мне крышачку лягчэй стала, але гэтага недастаткова», — кажа Тацяна Севярынец:

Тацяна Севярынец
«Бо я лічу і перакананая, што ўсе вязьні, усе, хто толькі атрымаў абвінавачаньні і хто ўжо асуджаны, яны ні ў чым не вінаватыя. Вінаватыя яны, бадай што, толькі ў тым, што маюць пачуцьцё ўласнай годнасьці і маюць сьмеласьць і мужнасьці пра гэта заяўляць. Што яны ня згодныя з рэжымам, ня згодныя гэтак жыць, як жыве наш народ пры гэтым рэжыме. А ўвогуле ўсе гэтыя абвінавачаньні — бязглузьдзіца».

4 красавіка таксама зьмякчылі абвінавачаньне жонцы былога кандыдата на прэзыдэта Андрэя Саньнікава Ірыне Халіп, сябру перадвыбарчага штабу Міколы Статкевіча Сяргею Марцалеву і чальцу каманды Саньнікава Зьмітру Бандарэнку.

На мінулым тыдні такое ж абвінавачаньне — у арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзел у іх — было выстаўлена кандыдатам у прэзыдэнты Ўладзімеру Някляеву, Віталю Рымашэўскаму, паплечнікам Някляева — Аляксандру Фядуту, Сяргею Вазьняку, а таксама намесьніцы кіраўніка «Маладога фронту» Насьце Палажанцы.

Што да шараговых удзельнікаў падзей на плошчы, ім па-ранейшаму выстаўляюць у асноўным абвінавачаньні паводле артыкулу 293 ч. 2 — удзел у масавых беспарадках. Гэтак, 4 красавіка зь міліцыі Менску паведамілі, што такое абвінавачаньне атрымалі яшчэ 5 чалавек: гэта Дзьмітры Дрозд, Уладзімер Лобан, Яўген Сакрэт, Сяргей Казакоў і Віталь Мацукевіч. Паведамяецца таксама, што 5 красавіка абвінавачаньні будуць выстаўлены Паўлу Вінаградаву, Васілю Хамічэнку і Алегу Федаркевічу.

Васіль Парфянкоў
З васьмі асуджаных за ўдзел у падзеях 19 сьнежня два атрымалі грашовыя штрафы, адзін — «хімію», а шэсьць — зьняволеньне ў калёніях.

Першы асуджаны, Васіль Парфянкоў, якога яшчэ 17 лютага прысудзілі да 4 гадоў калёніі строгага рэжыму, дагэтуль знаходзіцца ў менскім ізалятары на вуліцы Валадарскага. Паводле бацькі, Васіль прасіў, каб яго перавялі ў калёнію ў Воршы. Чаму ў гэтым Парфянкову адмаўляюць, праваабаронцам і сваякам вязьня невядома.

Віктар Івашкевіч
4 красавіка выйшлі на волю зь Менскага ізалятару на Акрэсьціна апазыцыйны палітык Віктар Івашкевіч і маладафронтавец Іван Шыла. Віктар Івашкевіч адбыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту за тое, што на Дзень Волі прыйшоў на плошчу Якуба Коласа. Івана Шылу пакаралі на некалькі дзён раней за акцыю падтрымкі Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава каля Маскоўскага суду Менску. Віктар Івашкевіч распавёў "Свабодзе" пра свае «суткі» на Акрэсьціна:

«Знаёмых не было, але сядзеў з актывістам "нацболаў", якіх таксама павязалі за акцыю сацыяльнага напрамку. Я сьмяяўся, што сядзім, як пры цару: бальшавікі, меншавікі, нацыяналісты — усе разам. І мы пагадзіліся, што ў нас ёсьць адзіная плятформа — гэта новыя выбары без Лукашэнкі».

Актывіст «Маладога фронту» з Салігорску Іван Шыла пасьля турмы паехаў да дактароў — юнак мае скаргі на здароўе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG