Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўкі пратэсту: Віцебск, Ворша, Менск


Галадоўкі пратэсту з патрабаваньнем вызваленьня палітвязьняў у Беларусі працягваліся ў панядзелак у Менску, а таксама ў Віцебску і Воршы.

Пра стан здароўя ўдзельнікаў акцыі і іх далейшыя намеры даведваліся рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».


ВІЦЕБШЧЫНА


Сяргей Малалеткін: «15 сутак голаду замест 15 сутак арышту»

Жыхар Воршы, пісьменьнік Сяргей Малалеткін, які 1 красавіка распачаў галадоўку на знак салідарнасьці зь Мікітам Ліхавідам, працягвае галадаваць. Ён пратэстуе і супраць прысуду Ліхавіду, і супраць былых і будучых прысудаў усім удзельнікам менскіх падзеяў 19 сьнежня:

Сяргей Малалеткін
«Галадоўку я працягваю, але дэвіз пакуль зьмяніў. Цяпер ён такі: «15 сутак голаду замест 15 сутак арышту па справе аб так званых масавых непарадках». Я сам быў там, на плошчы. І там не было масавых непарадкаў: я ня бачыў ніводнага п’янага чалавека, я ні ў кога ня бачыў зброі... А калі ўсё ж мы ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, то, паводле заканадаўства, за гэта — максымум 15 сутак. Усё!»

Падчас разгону акцыі 19 сьнежня спадару Малалеткіну выбілі зубы, зламалі руку, нанесьлі іншыя цялесныя пашкоджаньні, а потым суд аштрафаваў яго на 30 базавых велічынь (1 мільён 50 тысяч рублёў).

Цяпер, на чацьвёртыя суткі галадоўкі, 49-гадовы Сяргей Малалеткін кажа, што пачувае сябе нармальна:

«Усё нармальна. Я працую, у мяне бацькі старэнькія, дапамагаю, хаджу ў краму... Жыву, як і жыў! Ну, трошкі галава баліць, ёсьць пэўны дыскамфорт, але ён не такі фатальны, як справы ў нашай Беларусі».

Сяргей Малалеткін — вернік. На яго погляд, галадоўка на знак салідарнасьці цалкам адпавядае вядомым хрысьціянскім запаведзям, тым больш што якраз цяпер — час посту. Галадоўнік ужывае толькі пітную ваду і зьбіраецца працягваць акцыю пратэсту да 15 красавіка.

У галадоўніка Сяргея Каваленкі — праблемы са здароўем

На 10 суткі галадоўкі з ізалятару часовага ўтрыманьня віцебскі актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка трапіў у шпіталь. Пра тое, што яго на хуткай дапамозе даставілі ў першы гарадзкі клінічны шпіталь, паведаміла жонка апазыцыянэра Алена Каваленка:

«Паклалі ў кардыялёгію. А які дыягназ канкрэтна ставяць, я яшчэ ня ведаю».

Потым зьвязацца ўдалося і з самім актывістам:

«Сэрца пачало барахліць. Ад галадоўкі. І ціск быў 105 на 60. Прыйшла фэльчарка, потым выклікалі хуткую дапамогу, яны прыехалі... Цяпер ляжу пад кропельніцай ужо...»

Сяргей Каваленка яшчэ не прыняў канчатковага рашэньня, ці будзе ён спыняць галадоўку пратэсту.

Сяргей Каваленка
Віцебскі апазыцыянэр галадуе на знак пратэсту супраць несправядлівых, на ягоную думку, арыштаў. Цяпер ён адбывае другі арышт запар, і гэта другая запар галадоўка пратэсту.

Першую ён абвясьціў яшчэ 25 сакавіка. Напярэдадні яго затрымалі за тое, што ён выйшаў у цэнтар Віцебску з трыма бел-чырвона-белымі сьцягамі і скандаваў лёзунгі. У Чыгуначным райсудзе сьведкі-міліцыянты паказалі, што ён нібыта брыдкасловіў падчас затрыманьня. Сяргея Каваленку асудзілі на 7 сутак арышту.

1 красавіка актывіст выйшаў з ізалятару часовага ўтрыманьня, але тут жа быў затрыманы зноў. Крымінальна-выканаўчая інспэкцыя скіравала Сяргея Каваленку яшчэ на 15 сутак арышту: яго абвінавацілі ў парушэньні рэжыму адбываньня прысуджанага летась пакараньня. Актывіст адбывае так званую «хатнюю хімію» — тры гады абмежаваньня волі ўмоўна — пасьля вывешваньня бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы 7 студзеня мінулага году. Тады суд абвінаваціў яго ў супраціве міліцыянтам, якія яго затрымлівалі, і нанясеньні шкоды дзяржаўнай маёмасьці.

Парушэньнем рэжыму было прызнана мінулае адміністрацыйнае абвінавачаньне. Але Сяргей Каваленка распавёў, што на другі арышт нават не была належным чынам аформлена пастанова. І калі па актывіста прыехала хуткая дапамога, то ў ізалятары часовага ўтрыманьня не было афіцыйных пацьвярджэньняў, на якой падставе Сяргей Каваленка ўтрымліваецца пад вартай.

МЕНСК


Блогер Будзімір (Дзьмітры Галко) праводзіць галадоўку пратэсту на знак салідарнасьці з палітвязьнямі

31 сакавіка вядомы беларускі блогер Дзьмітры Галко (Будзімір) абвясьціў бестэрміновую галадоўку. У запісе «Крок адчаю» на сваім блогу ён заявіў: «Не магу па-ранейшаму пасіўна назіраць за палітычным бяспраўем, якое існуе ў маёй краіне».

На просьбу Радыё Свабода Дзьмітры расказаў:

Будзімір
«Скажу шчыра: для мяне гэта нялёгкае выпрабаваньне. Маральна я быў падрыхтаваны, а вось фізычна — ня вельмі. У мяне ж не было досьведу, бо да гэтага часу галадаць не даводзілася. Але ж пакуль трымаюся. Мне вельмі дапамагае падтрымка з боку блогераў. Што б дапамагло чалавеку, які гэтага ня мае, проста не ўяўляю. Сярод блогераў ёсьць і тыя, хто асабіста трымаў галадоўку. Яны канкрэтныя даюць парады, і гэта вельмі дапамагае».

Карэспандэнт: «Ці ўжываеце ў часе галадоўкі пітную ваду?»

Будзімір: «Так, і нават прыгатаваную на лекавых травах, запас якіх ёсьць дома».

Карэспандэнт: «Як праводзіце дзень ва ўмовах галадоўкі?»

Будзімір: «Хоць мне адзін зь сяброў настойліва раіў як мага часьцей бываць на сьвежым паветры і сілкавацца энэргіяй сонца, але калі я паспрабаваў і выйшаў на шпацыр, то, як гаворыцца, ледзьве ногі прыцягнуў. Таму ад учорашняга дня застаюся дома — ля кампутара ці бавім час разам зь дзіцем. А ўвогуле, шмат часу праводжу ля кампутара».

Карэспандэнт: «Ці праўду кажуць, што ў першыя дні галадоўкі нібыта мазгі лепш працуюць?»

Будзімір: «Не. Галава працуе горш. Няма пачуцьця эўфарыі. У мяне, прынамсі, такога пачуцьця няма. Першыя тры-чатыры дні галава моцна балела. Цяпер гэта адышло, але стаў больш санлівы. Засынаю значна раней, чым было да гэтага, і сплю даўжэй».

Таксама суразмоўца кажа, што шмат атрымлівае словаў падтрымкі. Цяпер тэлефонную сувязь зь ім падтрымлівае жыхар Воршы, пісьменьнік Сяргей Малалеткін, які 1 красавіка таксама распачаў галадоўку на знак салідарнасьці зь Мікітам Ліхавідам.

За ўдзел у падзеях на Плошчы 19 сьнежня Мікіту Ліхавіда асудзілі на 3,5 года калёніі строгага рэжыму. Цяпер Мікіта Ліхавід патрабуе адмены прысуду.

* * *
Сёньня маці Мікіты Ліхавіда Алена папрасіла «Свабоду» падзякаваць Дзьмітрыю Галку і Сяргею Малалеткіну за іх сяброўскую салідарнасьць. Разам з тым яна просіць непасрэдна Дзьмітрыя і Сяргея прыпыніць галадоўку. Алена Ліхавід вельмі спадзяецца, што касацыйную скаргу на прысуд сына разгледзіць Вярхоўны суд Беларусі:

Алена Ліхавід (у цэнтры)
«Я ўжо тэлефанавала ў іх сем’і. І яшчэ раз хачу падзякаваць за асабістую мужнасьць. Нізкі вам паклон ад маці. Дзякуй вам вялікі за падтрымку. Увогуле, усім мая вялікая ўдзячнасьць, хто не пакінуў нас у гэты цяжкі час адных. На шчасьце, такіх людзей у Беларусі цяпер вельмі шмат».

Алена Ліхавід таксама паведаміла пра рашэньне яе сына Мікіты адкласьці галадоўку на той час, калі ягоную касацыйную скаргу на прысуд разгледзіць Вярхоўны суд. Нагадаем, што актывіста Руху «За Свабоду» Партызанскі суд Менска асудзіў на тры з паловай годы зьняволеньня за ўдзел у падзеях на Плошчы ў Менску 19 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG