Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Людзі, якія слухаюць беларускі рок, даўно ня з гэтай уладай"


Дзьмітры Падбярэзкі
Дзьмітры Падбярэзкі
28 сакавіка стала вядома, што сарваныя чарговыя канцэрты беларускіх выканаўцаў, якія трапілі ў гэтак званы "чорны сьпіс". На гэты раз скасаваныя канцэрты гурту "Ляпіс Трубяцкой" у Менску, якія былі заплянаваныя на 1 і 2 красавіка ў клюбе "Рэактар". Ці можа сказаць, што дзяржаўныя органы абралі тактыку "душыць і не пушчаць" ў дачыненьні да незалежнай беларускай музыкі? Ці хвалюе ўлады магчымая рэакцыя грамадзтва на гэтыя забароны альбо рэакцыя прыхільнікаў беларускай вольнай музыкі іх ня вельмі хвалюе? На гэтыя пытаньні адказвае журналіст, музычны экспэрт Зьміцер Падбярэзскі

Цыганкоў: Канцэрты беларускіх выканаўцаў за апошнія тыдні зрываліся ўжо неаднаразова, што дазваляе казаць пра пэўнае правіла. Ці можна сказаць, што дзяржаўныя органы вызначыліся з тым, як яны ў найбліжэйшы час будуць ставіцца да беларускай незалежнай музыкі, да альтэрнатыўнай культуры, што нагэты момант абраная тактыка "душыць і не пушчаць"?

Падбярэзскі:
Сапраўды, відаць, кіраўніцтва пайшло на такі крок, хаця я асабіста да апошняга моманту сумняваўся, што ўсе гэтыя захады сыходзяць зьверху. Мне здавалася, што менавіта на месцах (абапіраючыся на чуткі пра "чорны сьпіс") самі рашалі, дазваляць канцэрты ці не. Але калі пачалі адмяняцца канцэрт за канцэртам, стала відавочна, што гэта ініцыятыва дзяржавы. І можна сказаць, што ўсе заявы спадара Праляскоўскага, што гэтыя сьпісы – фальшыўка, не адпавядаюць рэальнасьці. Сьпісы існуюць, калі не на паперы, дык на тэлефоне.

Але гэтыя захады мелі б нейкі эфэкт, калі б не існавала Інтэрнэту. Сёньня забараняць – гэта проста глупства. Тое, што некаторыя беларускія каманды трапілі пад такую забарону, сьведчыць, што дзяржава бачыць у іх творчасьці небясьпеку. Але што канкрэтна з гэтым зрабіць, яны ня ведаюць. Таму хапаюцца за тое, што ляжыць пад рукой – забараніць.

Цыганкоў: Магчыма, гэта нічым не абгрунтаванае, не прадуманае аналітыкамі рашэньне, а звычайная помста – "калі вы выступалі на выбарах супраць Лукашэнкі, то вось вам"?
Гэта сапраўды самая звычайная помста ...

Падбярэзкі: Гэта сапраўды самая звычайная помста. Мы можам убачыць, што гэта паўтор таго, што было 3-4 гады таму. Тады гэтыя захады ні да чаго не прывялі, і яны былі адмененыя. Тое, што цяпер – гэта чарговая кампанія, якая скончыцца, калі надыдзе чарговая кампанія. Ня думаю, што ўлады доўга пратрымаюцца са сваім гэтым рашэньнем – бо, паўтаруся, сёньня ня тыя часы, каб можна было проста апусьціць жалезную заслону, як у канцэртных залях.

Цыганкоў: Ці можна сказаць, што тыя структуры, якія прымалі рашэньне, проста праігнаравалі магчымую рэакцыю той частцы грамадзтва, якая слухае беларускую незалежную музыку? Ці яны проста ўжо не зьвяртаюць увагу на рэакцыю людзей?

Падбярэзскі: З аднаго боку, сапраўды, улады ўжо не зьвяртаюць увагі на меркаваньні значнай часткі грамадзтва. З іншага, я думаю, што нейкага вялікага аналізу, да чаго гэта можа прывесьці, не рабілася. Прынялі рашэньне, паставілі "галачку" ў пляне выкананых мерапрыемстваў, і ўсё.

Ведаеце, тыя людзі, якія слухаюць беларускі рок, яны даўно ня з гэтай уладай. Большасьцю працэнтаў на 90-95.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG