Экспарт і імпарт прыднястроўскага рэгіёну абваліўся пасьля таго, як 1 студзеня 2025 году расейскі канцэрн «Газпром» спыніў пастаўкі газу на левабярэжную Малдову праз адмову Ўкраіны працягваць дзеяньне кантракту.
Прарасейскі ўрад Прыднястроўя абнародаваў зьвесткі, паводле якіх за першыя дзесяць дзён 2025 году імпарт рэгіёну зьнізіўся на 43%, або прыкладна на 7 мільёнаў даляраў, а экспарт — на 60%, або на 3,3 мільёна даляраў у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.
«Найбольшае скарачэньне экспартных апэрацый адбылося па мэталах і вырабах зь іх, машынабудаўнічай прадукцыі, таварах хімічнай прамысловасьці. [...] Экспарт цэмэнту цалкам прыпынены», — заявіў кіраўнік прарасейскага ўраду рэгіёну Аляксандар Разэнбэрг.
Тыраспаль таксама застаўся бяз грошай, якія ішлі з Кішынёва ў абмен на электраэнэргію, якую правы бераг купляў у Кучурганскай электрастанцыі (МГРЭС), што знаходзіцца на тэрыторыі левага берага (Прыднястроўе).
Паводле Разэнбэрга, зьніжэньне паказьнікаў адбылося праз спыненьне паставак прыроднага газу, у выніку чаго прадпрыемствы на левым беразе Днястра таксама спынілі працу.
Прарасейская адміністрацыя спыніла дзейнасьць усіх прадпрыемстваў, за выключэньнем харчовых, дзеля эканоміі электраэнэргіі, якой пасьля 1 студзеня не хапае для забесьпячэньня патрэбаў рэгіёну.
З спыненьнем паставак газу цалкам залежны ад расейскага газу Прыднястроўскі рэгіён застаўся без ацяпленьня і гарачай вады, а Кучурганская электрастанцыя перайшла на вытворчасьць электраэнэргіі з выкарыстаньнем вугалю, якога выявілася недастаткова, хоць улады запэўнівалі, што яго хопіць на 50 дзён.
Улады Кішынёва заявілі, што запасаў вугалю ў Прыднястроўскім рэгіёне дастаткова для працы Кучурганскай электрастанцыі да канца студзеня. Станцыя можа выкарыстоўваць толькі антрацытавы вугаль, які цяпер немагчыма ўвезьці з акупаванага Расеяй украінскага Данбасу.
2 студзеня малдоўскія кампаніі Energocom і «Малдовагаз» прапанавалі ўладам Тыраспаля «тэхнічную і камэрцыйную дапамогу» у закупках прыроднага газу з эўрапейскага рынку. Але Прыднястроўе адмовілася ад прапаноў Малдовы праз «высокія і нестабільныя» цэны газу пасьля таго, як больш за 30 гадоў «Газпром» пастаўляў ім газ бясплатна.
13 студзеня часовы кіраўнік «Малдовагаз» Вадзім Чэбан напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, што «Малдовагаз» гатовы набываць прыродны газ па рынкавых цэнах для «Тыраспальтрансгазу» пры ўмове аплаты паставак у малдоўскіх леях.
Прыднястроўе — сэпаратысцкі рэгіён Малдовы, які не кантралюецца Кішынёвам з 1992 году. Расея трымае ў Прыднястроўі каля 1700 вайскоўцаў.
Пастаўкі расейскага газу ў гэты рэгіён спыніліся пасьля рашэньня Ўкраіны спыніць транзыт па сваёй тэрыторыі.
Украіна змагаецца за незалежнасьць ад Расеі, якая пачала вайну на Данбасе ў 2014-м, а ў 2022-м поўнамаштабна напала на ўкраінскую тэрыторыю.
Форум