Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрвалы адключэньняў сьвятла ў Прыднястроўі павялічваюцца. Урад Малдовы абяцае дапамогу


Тыраспаль уначы
Тыраспаль уначы

Становішча ў дамах жыхароў самаабвешчанай рэспублікі Прыднястроўе пагаршаецца. Людзі напярэдадні былі без электрычнасьці ня толькі з 12:00 па 16:00, але і з васьмі вечара да поўначы.

Графік спажываньня электраэнэргіі ў Прыднястроўі зьмянілі, бо ўтварыўся дысбалянс паміж аб’ёмам спажытай і выпрацаванай энэргіі. Новы рэжым электразабесьпячэньня дазволіць давесьці энэргаспажываньне да ўзроўню, які могуць забясьпечыць генэратары, і зьнізіць рызыку пашкоджаньня сетак праз частае выкарыстаньне электраабсталяваньня.

Без электрычнасьці застануцца жыхары гарадоў Тыраспаль, Тыгіна, Рыбніца, Каменка, Дубасары, Грыгарыёпаль і Слабадзея.

Улады Тыраспалю заклікаюць людзей выкарыстоўваць печы, катлы на цьвёрдым і вадкім паліве або купляць электрагенэратары, каб зьнізіць перагрузку сетак.

Левы бераг забясьпечваецца электраэнэргіяй ад МГРЭС, якая працуе на вугальнай аснове, і Дубасарскай ГЭС. Завод у Кучургане мае запасы максымум на 50 дзён.

Пасьля таго, як 1 студзеня «Газпром» спыніў пастаўкі газу ў Прыднястроўе, насельніцтва і прадпрыемствы рэгіёну засталіся без прыроднага газу і цеплаагента, а электрычнасьць падаецца толькі ў пэўны час. Тысячы людзей адправілі ў прымусовы водпуск, а студэнты атрымаюць падоўжаныя вакацыі.

Пастаўкі спыніліся пасьля рашэньня Ўкраіны спыніць транзыт расейскага газу. Украіна вядзе вайну за незалежнасьць ад Расеі, якая пачала вайну праз сваіх баевікоў-сэпаратыстаў на Данбасе ў 2014-м, а ў 2022-м поўнамаштабна напала на ўкраінскую тэрыторыю.

Прэм’ер-міністар Малдовы Дарын Рэчан заявіў, што на пасяджэньні Камісіі ў надзвычайных сытуацыях урад прыняў шэраг захадаў, з дапамогай якіх дзяржава падтрымае жыхароў 14 вёсак у раёнах Дубасары, Анэній-Ной і Каўшэнь. Гэтыя населеныя пункты знаходзяцца ў зоне бясьпекі і застаюцца зьвязанымі з энэргетычнай інфраструктурай на левым беразе Днястра. Гэта азначае, што яны залежаць ад рашэньняў Тыраспалю, ёсьць у іх энэргія ці не.

«Цяпер мы зробім тое, што трэба было зрабіць яшчэ 30 гадоў таму», — сказаў Рэчан.

У прыватнасьці, у некалькіх вёсках адбудуцца работы для іх падключэньня да прыроднага газу, у шэраг вёсак даставяць электрагенэратары, галоўным чынам каб забясьпечыць працу дзіцячых садкоў, сярэдніх школаў і грамадзкіх цэнтраў.

Прыднястроўе — сэпаратысцкі рэгіён Малдовы, які не кантралюецца Кішынёвам з 1992 году. Расея трымае ў Прыднястроўі каля 1700 вайскоўцаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG