Дзеці, чые бацькі прыцягваліся да адказнасьці за неляяльнасьць уладам, могуць атрымліваць статус такіх, што знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы (СНС), вынікае з пастановы ураду Беларусі ад 30 сьнежня 2024 году № 1055 «Аб прызнаньні дзяцей такімі, што знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне».
Дакумэнт афіцыйна апублікавалі, ён набыў моц 1 студзеня 2025 году.
У прыватнасьці, згодна з дакумэнтам, паказчыкам СНС зьяўляецца выяўленьне фактаў прыцягненьня і (або) вызваленьня ад адміністрацыйнай адказнасьці за правапарушэньні паводле артыкулаў 19.1, 19.4, 19.10, 19.11, 25.11 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях.
У дачыненьні да грамадзян, якія карыстаюцца незалежнымі крыніцамі інфармацыі (улады лічаць яе «экстрэмісцкімі матэрыяламі»), масава ўжываецца арт. 19.11 («Распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або прапагандуе такую дзейнасьць»).
Арт. 19.4 («Уцягваньне непаўналетняга ў антыграмадзкія паводзіны») прадугледжвае адказнасьць у тым ліку за «ўцягваньне непаўналетняга ва ўдзел у сходзе, мітынгу, вулічным шэсьці, дэманстрацыі, пікетаваньні, іншым масавым мерапрыемстве, якія праводзяцца з парушэньнем устаноўленага парадку». Цяпер у Беларусі дазваляецца праўладная вулічная актыўнасьць.
Паводле арт. 19.1 («Дробнае хуліганства») раней актыўна прыцягваліся да адказнасьці грамадзяне, якія ўдзельнічалі ў вулічных акцыях: ім ставілася ў віну галоўным чынам «нецэнзурная лаянка ў грамадзкім месцы».
Арт. 19.10 («Прапаганда або публічнае дэманстраваньне, выраб, распаўсюджваньне нацысцкай сымболікі або атрыбутыкі») — у 2021 годзе МУС прапанавала ўключыць нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг разам з воклічам «Жыве Беларусь!» у пералік нацысцкай сымболікі і атрыбутыкі. У выніковую пастанову ведамства ад 28 кастрычніка 2022 году «Аб вызначэньні пералікаў арганізацый і іншых структур, нацысцкай сымболікі і атрыбутыкі» было ўключана толькі вітаньне, аднак дэ-факта ўлады перасьледуюць грамадзян за сьцяг або яго выяву.
Арт. 25.11 («Невыкананьне патрабаваньняў прэвэнтыўнага нагляду або прафіляктычнага назіраньня») ужываецца для пакараньня грамадзян, якія адбылі пакараньне паводле палітычных артыкулаў Крымінальнага кодэксу і знаходзяцца пад наглядам міліцыі.
Пастанова ўраду будзе прымяняцца задняй датай, адначана ў дакумэнце:
«Рашэньні аб прызнаньні дзяцей такімі, што знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы, прынятыя да набыцьця гэтай пастановай моцы, належыць пераглядаць камісіямі ў справах непаўналетніх гарадзкіх, раённых выканаўчых камітэтаў, мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах у адпаведнасьці з Палажэньнем аб парадку прызнаньня дзяцей такімі, што знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, зацьверджаным гэтай пастановай, на працягу шасьці месяцаў пасьля набыцьця ім моцы».
Сярод захадаў «дзяржаўнай абароны» ў такіх выпадках — пазбаўленьне бацькоўскіх правоў і забіраньне дзіцяці зь сям’і.
Форум