Адна з гістарычных падзей 2023 году — пераход украінскіх цэркваў на новы каляндар. Праваслаўная царква Ўкраіны (ПЦУ) і Ўкраінская грэка-каталіцкая царква (УГКЦ) прынялі такое рашэньне, і яго лічаць зьменай эпохі ў рэлігійным жыцьці.
Больш пра каляндарную рэформу ва Ўкраіне ўкраінскай службе Радыё Свабода расказаў сьвятар Арэст Жыгала, выкладчык Кіеўскай праваслаўнай багаслоўскай акадэміі ПЦУ, які адаптуе каляндар да пераходных царкоўных сьвятаў.
— Календары складаюць людзі, якія займаюцца астраноміяй, але называюць іх у гонар каго іншага. Юльянскі каляндар назвалі ў гонар рымскага імпэратара Юлія Цэзара. Чаму ўсходнія цэрквы — праваслаўныя і грэка-каталіцкія — так трымаліся за гэты каляндар?
— Юльянскі каляндар створаны астраномамі ў 46 годзе да Нараджэньня Хрыстова ў часы рымскага імпэратара Юлія Цэзара. Яго стварылі наўзамен рымскаму календару, які існаваў да гэтага. Ён меў 10 месяцаў (304 дні) і да 46 года да Калядаў ужо на 4 месяцы апярэджваў поры году. Гэта значыць поры году і каляндар проста не супадалі. Таму па ініцыятыве Юлія Цэзара была ўведзена рэформа календара. Як нам вядома, гэты новы каляндар мусіў мець 365 дзён і чвэрць сутак. Гэта некалькі гадзін штогод, якія дадавалі адны суткі раз на чатыры гады. Кожныя чатыры гады быў высакосны год. Але ў 1570 годзе астраномы вывучылі, што юльянскі каляндар апярэджвае сонечны год на 11 хвілін. І гэтыя 11 хвілін за 1600 гадоў дадалі 10 дзён лішніх. Гэта значыць, ён пачаў апярэджваць сонечны каляндарны год на 10 дзён.
Таму вырашылі правесьці каляндарную рэформу. Яна адбылася пры папу Рымскім Рыгору XIII, які таксама быў астраномам і матэматыкам, і, магчыма, браў і непасрэдны ўдзел у стварэньні новага календара, які ўлічыў гэтую
хібнасьць на 11 хвілін.
Калі юльянскі мае на 400 гадоў 300 звычайных гадоў і 100 высакосных, то Грыгарыянскі — 303 звычайныя гады і 97 высакосных. Гэта значыць, раз на
400 гадоў трох высакосных гадоў ня будзе. Напрыклад, у 2100 годзе высакоснага году ня будзе, хаця ён павінен выпадаць паводле разьліку. Гэтая розьніца зрабіла каляндар больш дакладным. Ён будзе адставаць ад сонечнага году на адзін дзень у 4909 годзе.
— Чаму ж усходнія цэрквы гэтага календара не прынялі? Толькі таму, што папа Рымскі ўвёў яго?
— Наагул ня толькі цэрквы. Многія дзяржавы перайшлі на грыгарыянскі каляндар ужо на мяжы ХІХ—ХХ стагодзьдзяў. У прыватнасьці, УНР у лютым 1918 г. прыняла пераход на грыгарыянскі каляндар. Паступова дзяржавы мянялі каляндар. Мы ведаем, што ня ўсюды жывуць паводле грыгарыянскага календара. Некаторыя краіны маюць іншыя рэлігійныя календары. Але па грыгарыянскім календары жыве большасьць краін сьвету. І калі ён ужо атрымаў шырокі распаўсюд, праваслаўныя цэрквы працягвалі жыць паводле юльянскага календара. Бо Каталіцкая царква жыве і Пасхалію вылічае паводле грыгарыянскага календара. Пасхалія — гэта вылічэньне Вялікадня, у грыгарыянскім календары яно іншае. У сваю чаргу ў праваслаўных цэркваў існуе свая ўсходняя традыцыя вылічэньня Вялікадня. І таму, ня маючы альтэрнатывы, доўгі час заставаліся на юльянскім календары. Дарэчы, Грэка-каталіцкая царква перайшла на грыгарыянскі каляндар з юльянскай Пасхаліяй. Гэта значыць, новаюльянскі каляндар — гэта чыста праваслаўных цэркваў твор. Таму Грэка-каталіцкая царква на каталіцкім грыгарыянскім календары, але з праваслаўным Вялікаднем.
— А ў каго і як зьявілася ідэя заключыць новаюльянскі каляндар? Як гэта адбывалася?
— Гэта адбылося ў 1923 годзе ў Каралеўстве сэрбаў, харватаў, славенцаў, якое
неўзабаве стане Югаславіяй. Там жылі як праваслаўныя, так і каталікі. І для таго, каб іхныя святы супадалі (бо былі на той час рознагалосьсі), было вырашана правесьці каляндарную рэформу для праваслаўных. Гэта зрабіў сэрбскі астраном Мілуцін Міланкавіч.
— Такім чынам, новюльянскі каляндар — гэта як бы запыт ад югаслаўскай улады?
— Увогуле так, калі гаварыць аб пачатковым этапе яго стварэньня. Пазьней іншыя ўсходнія праваслаўныя цэрквы, у прыватнасьці Сусьветны патрыярх Мялеці IV, склікаў у чэрвені 1923 году ўсеправаслаўны кангрэс. На ім абмеркавалі каляндарнае пытаньне і прынялі рашэньне аб рэформе — выкарыстоўваць каляндар Мілуціна Міланкавіча.
— А чаму каляндар назвалі новаюльянскім, а не, скажам, у гонар Сусьветнага патрыярха?
— Сам Мілуцін Міланкавіч апублікаваў у «Астралягічным весьніку» артыкул
«Канец юльянскага календара і новы каляндар Усходняй царквы». Яго назвалі
новаюльянскім па ініцыятыве царквы. Магчыма, не хацелі кагосьці аднаго
вылучыць сярод праваслаўных патрыярхаў. Кіраўніком Каталіцкай царквы ёсьць Папа Рымскі, таму лягічна было назваць у гонар дзейнага пантыфіка. А вось прадстаяцелі розных праваслаўных цэркваў паміж сабой роўныя. Сусьветны патрыярх зьяўляецца першым па гонары. Таму, магчыма, улічваючы гэта, каляндар назвалі новаюльянскім — «абноўленым юльянскім календаром».
— Але чаму ня ўсе праваслаўныя цэрквы яго прынялі? Напрыклад, тады яшчэ быў жывы патрыярх РПЦ Ціхан.
— Якраз ён падтрымаў. Патрыярх РПЦ Ціхан увосень1923 г. выдаў распараджэньне аб пераходзе на новаюльянскі каляндар, але яно нядоўга праіснавала. Гэтае рашэньне хутка замялі, можна сказаць.
— Пры Ціхану або пасьля яго сьмерці ў 1925 годзе?
— Пры ім, у тым жа годзе. Расейская царква ўвогуле не ўспрыняла гэта. У іх
тады было шмат унутраных праблем, таму, мусіць, было не да рэформаў. Але
такое рашэньне было, і Расейская праваслаўная царква не абавязкова на
юльянскім календары павінна заставацца.
Новаюльянскі каляндар з грыгарыянскім амаль ня мае розьніцы. Розьніца ў
адзін дзень зьявіцца недзе ў 2800 годзе. Калі б мы засталіся на юльянскім, то
ўжо пасьля 2100 году розьніца паміж грыгарыянскім і юльянскім календарамі
складзе 14 дзён. Тады зрушылася б Каляды на 8 студзеня, Вадохрышча — на
20 студзеня.
— Спачатку было 10 дзён розьніцы, як толькі ўвялі грыгарыянскі каляндар, а да нашага часу ўжо 13 дзён набегла.
— Так, а ў наступным стагодзьдзі будзе 14 дзён розьніца.
— ПЦУ, калі рабіла каляндарную рэформу, чым кіравалася? Тым, што яна пад амафорам Канстантынопаля, ці якія-небудзь унутраныя былі запыты?
— ПЦУ зьяўляецца аўтакефальнай, гэта значыць самакіраванай, царквой. Усе
рашэньні прадстаўляе Памесны сабор царквы на чале з прадстаяцелем, гэта
значыць усе япіскапы, прадстаўнікі духавенства і вернікаў. Гэтае рашэньне
было прынята амаль абсалютнай большасьцю галасоў на Памесным саборы
27 ліпеня 2023 году. А пераход адбыўся 1 верасьня, бо царкоўны каляндарны
год пачынаецца з 1 верасьня.
— А дыскусія з гэтай нагоды была вялікай ці не?
— Не. Наагул, быў запыт вернікаў, запатрабаваньне грамадзтва. Была праведзена падрыхтоўчая работа, апытаньне ў япархіях вернікаў і сьвятароў. І рашэньне было падтрымана пераканаўчай большасьцю.
— Гэта значыць, істотнага супраціву ўнутры не было?
— Не было. Нават не спадзяваліся на такую хуткую адаптацыю, хуткае ўспрыманьне гэтай рэформы. У ПЦУ 99% усіх грамад перайшлі на новаюльянскі каляндар.
— А ўсё ж, якія праблемы і нязручнасьці ўзьніклі пры пераходзе з аднаго
календара на другі?
— Для звычайных людзей — гэта, напэўна, запомніць новыя даты. Таму што
тыя, хто хадзіў у царкву, прывыклі да пэўных сьвяточных дат. Цяпер трэба
проста адаптавацца год-два да новых дат.
Царква адзначае ў пэўны дзень пэўную падзею. Але ў цэлым большасьць датаў царкоўных сьвятаў пастаўлена ў пэўныя дні паводле лёгікі, а ня ў той дакладны час, калі яна адбылася. Бо ў той час ня ўсё запісвалі, і спачатку вельмі маленькая частка чалавецтва ведала, што нарадзіўся Хрыстос, Мэсія, Збаўца.
— А для самой царквы гэтая рэформа наколькі лёгка прайшла? З календара на каляндар вы перайшлі без усялякіх унутраных ускладненьняў?
— Для духавенства вялікіх ускладненьняў ня ўзьнікла. Бо царква кожны год рыхтуе каляндар. У царкоўным календары зьмяшчаюцца чытаньні з Эвангельля для пэўнага дня, сьвяты, сьпіс сьвятых, якіх успамінаюць і шануюць у пэўны дзень. І ўлічваецца Вялікдзень — калі выпадае Вялікдзень, ад чаго залежыць, калі пачынаецца Вялікі пост і калі будуць сьвяты, прывязаныя да Вялікадня: Ушэсьце, Пяцідзясятніца, Сашэсьце Сьвятога Духу.
Царква дае такі каляндар кожны год для сьвятароў, таму вялікіх праблем у
сьвятароў ня ўзьнікла з гэтым.
— Каляды цяпер тыя, хто на юльянскім і новаюльянскім календарах,
сьвяткуюць у розныя дні. А зь Вялікаднем гэтак жа сама будзе ці як?
— Не, Вялікдзень на адну дату выпадае. Таму што ўсе праваслаўныя цэрквы
разьлічваюць Вялікдзень па адной схеме і маюць адну дату. Новаюльянскі каляндар мае тую ж дату Вялікадня, што і юльянскі каляндар. Яна мяняецца, але кожны год ва ўсіх праваслаўных Вялікдзень у адзін дзень. Гэта значыць, нерухомыя сьвяты зрушыліся на сваё месца, можна сказаць. Бо ў кнігах царкоўных, па якіх праводзяць богаслужэньне, дата Раства — 25 сьнежня, дата Богаяўленьня — 6 студзеня і гэтак далей. Значыць, усе даты, якія мы зараз будзем сьвяткаваць, проста вярнуліся да таго, што і было ў царкве.
Проста розьніца календароў юльянскага і грыгарыянскага стварыла нам хібнасьць у 13 дзён, якой мы мусілі трымацца. Але цяпер з новым юльянскім календаром мы вярнуліся назад да традыцыйнага сьвяткаваньня. Мы вяртаемся да таго, што заўжды было.