На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праекце «Беларусь пасьля 26 студзеня» адказвае журналістка, аўтарка грамадзка-палітычных Youtube-праектаў «Мне тоже не нравится» i «Часики тикают» Яўгенія Сугак.
— У апошнім летась выпуску «Часики тикают» вы з калегамі абмяркоўвалі, ці будзе Аляксандар Лукашэнка ўдзельнічаць у мірных перамовах па Ўкраіне, якія, хутчэй за ўсё, ініцыюе прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Вы ў перадачы выказалі думку, што ўдзел Лукашэнкі ў такіх перамовах быў бы станоўчай зьявай. Дарэчы, такую думку выказаў і Зянон Пазьняк. А ці запросяць Лукашэнку на гэтыя перамовы?
— Я думаю, што «запросяць» — гэта не зусім правільнае слова ў такой сытуацыі. Наўпрост запрашаць яго ніхто ня будзе. Магчыма, ён зможа паехаць у статусе «Пуцін плюс». Калі Пуцін за яго ўпішацца, то ёсьць шанцы, што Лукашэнка там зьявіцца. І зразумела, што не на першых этапах гэтых перамоваў. На першых этапах яму там рабіць няма чаго. Але на наступных, калі Пуцін закіне слова, Лукашэнка можа і зьявіцца. Лукашэнка ўвесь час заяўляе, што ніякіх перамоваў безь Беларусі не павінна быць. Я думаю, што гэта накіравана на Пуціна ў першую чаргу. Захад гэтага ня чуе і ўвогуле кепска памятае пра існаваньне Лукашэнкі.
— А калі фармат перамоваў будзе прадугледжваць удзел суседзяў, усяго рэгіёну — а гэта Малдова, Вугоршчына, Славаччына, Румынія, Польшча? У 1919 годзе на мірных перамовах у Вэрсалі па выніках Першай сусьветнай вайны ўдзельнічалі прадстаўнікі нават Бразыліі і Тайлянду. Калі фармат будзе такі, то чаму б і не Беларусь?
— Ну, калі справа дойдзе да фармату настолькі адкрытай «вечарынкі», то так — хутчэй за ўсё, Лукашэнка туды таксама прасунецца. Але напачатку гэта, мяркую, будуць ЗША і Расея, потым — ЗША, Украіна і Расея. На гэтым этапе Лукашэнкі там, зразумела, ня будзе. А вось на наступных, шырэйшых, — чаму б і не? Гэта да пэўнай ступені можа быць выгадна і Ўкраіне.
Цяпер Кіеў даволі рэзка адрэагаваў на заяву намесьніка кіраўніка МЗС Беларусі Юрыя Амбразевіча, які заклікаў запрасіць Беларусь да ўдзелу ў мірных перамовах. Украінцы адказалі: «А што вам увогуле там рабіць? Хто вы ўвогуле такія?». Але насамрэч Лукашэнка мог бы стаць для Ўкраіны там карысным, мог бы папрасіць нешта для Ўкраіны ў Пуціна.
— Яўгенія, а зараз па сутнасьці вашага ўжо не прагнозу, а пажаданьня. Вы сказалі, што было б добра, калі б Лукашэнка ўдзельнічаў у мірных перамовах. А што ў гэтым добрага? Гэта як-ніяк міжнароднае прызнаньне дыктатара, прызнаньне яго ў якасьці лідэра Беларусі.
— Я не лічу, што ўдзел у перамовах — гэта прызнаньне Лукашэнкі. Гэта перабольшаньне — меркаваць, што калі ён будзе ўдзельнічаць у мірных перамовах, дык перад ім адчыняцца ўсе дзьверы. Не, не адчыняцца. Што да супадзеньня маёй думкі з думкай Зянона Станіслававіча — не заўсёды мае меркаваньні супадаюць зь ягонымі, пры ўсёй маёй да яго павазе.
Але я мяркую, што палітыкі дэмакратычных сілаў у жаданьні задушыць Лукашэнку забываюцца на тое, што часам тое, што добра для Лукашэнкі, добра і для Беларусі. А часам і наадварот. Таму мы павінны ўсё ж думаць ня толькі пра тое, як усімі сіламі зрабіць дрэнна для Лукашэнкі, але і пра тое, як зрабіць добра для Беларусі. Калі ўдзел Лукашэнкі ў гэтых мірных перамовах зможа адкрыць для Беларусі новыя магчымасьці, то я — за.
Мяркую, удзел Лукашэнкі ў гэтых перамовах зрабіў бы магчымымі наступныя перамовы Лукашэнкі з Захадам, ужо не датычныя Ўкраіны. І гэта таксама было б добра для Беларусі, бо азначала б вызваленьне палітвязьняў ці часткі палітвязьняў. А таксама частковае зьняцьцё санкцыяў, што для грамадзянаў Беларусі таксама шмат у чым добра і карысна.
— Аляксандар Лукашэнка ў навагоднім віншаваньні сказаў загадкавую фразу: «Зьмена пакаленьняў завершыцца ў найбліжэйшыя гады». Гучала дзіўна: зьмена пакаленьняў адбываецца ўвесь час. Але варта прыгадаць прагноз удзельніка вашага праекту «Часики тикают» Рыгора Астапені, што пасьля выбараў 2025 году пачнецца працэс павольнага транзыту ўлады. Можа, словы Лукашэнкі ў навагоднім віншаваньні — якраз пра гэта?
— Нам даводзіцца шукаць нейкія шыфры і думаць пра тое, што ж меў на ўвазе Лукашэнка ў навагоднім звароце. Але важна не дашукацца, як паважаны Сяргей Чалы знайшоў у рэпартажы БелТА намёк на тое, што Лукашэнка ня пойдзе на выбары ў 2025 годзе. Але мы ўсё роўна будзем жыць гэтай надзеяй, што нешта будзе адбывацца і Лукашэнка больш ня будзе прэзыдэнтам. Нядаўна мы здымалі выпуск «Мне тоже не нравится» пра вынікі 2024 году, і мой калега Фёдар Паўлючэнка, галоўны рэдактар ReformNews, выказаў меркаваньне, што Лукашэнка ўжо рыхтуе Колю нам на замену, бо Коля нядаўна сказаў, што ён копія свайго бацькі.
Я ня з тых людзей, якія чапляюцца за спадзяваньні. 5 гадоў праляцяць вельмі хутка. Яшчэ нядаўна быў дваццаты год, і мы думалі, што праз два месяцы ўсё скончыцца. А ў выніку, глядзіце — ужо 2025-ы, а мы ўсё гэта дагэтуль абмяркоўваем. Таму — хацелася б, але я ня буду, не бяруся рабіць такіх яскравых прагнозаў.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум