Беларусь і Віетнам падпісалі пратакол аб умацаваньні вайсковай супрацы, гэтаму папярэднічала некалькі ўзаемных візытаў дэлегацый абаронных ведамстваў і дамоўленасьці аб супрацы ў арганізацыі вайсковай сувязі, у навігацыі і тылавым забесьпячэньні.
Як паведамілі ў прэсавай службе Міністэрства абароны Беларусі, цяпер у Віетнаме з афіцыйным візытам знаходзіцца кіраўнік ведамства Віктар Хрэнін.
Пратакол, які замацоўвае намеры аб паглыбленьні вайсковай супрацы, падпісалі па выніках сустрэчы Віктара Хрэніна з міністрам нацыянальнай абароны Віетнаму Фан Ван Зянгам. Летась у гэты ж пэрыяд бакі падпісалі плян супольных мерапрыемстваў на 2024 год. Аб падпісаньні новага аналягічнага дакумэнту на 2025 год нічога не паведамляюць.
«Віетнам — адзін з нашых найбольш значных партнэраў у Паўднёваўсходняй Азіі. Мяркую, што асновай пасьпяховага ўзаемадзеяньня зьяўляюцца падобныя прынцыпы вонкавай палітыкі, найперш, прыхільнасьць мірнаму ўрэгуляваньню міжнародных праблем, супраца ў імя стварэньня і разьвіцьця, а не супраць іншых краін», — працытавала Віктара Хрэніна прэсавая служба Мінабароны Беларусі.
Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну Беларусь і Віетнам актывізавалі вайсковую супрацу. За апошнія два гады адбылося некалькі ўзаемных візытаў вайсковых дэлегацый. Сёлета ў жніўні дэлегацыі абмеркавалі супрацу ў арганізацыі вайсковай сувязі, у красавіку — у навігацыі, у лістападзе — у сфэры тылавога забесьпячэньня, у сьнежні 2023 году падпісалі плян супольных мерапрыемстваў на 2024 год і абмеркавалі супрацу ў міратворчай дзейнасьці і падрыхтоўцы беларускіх вайскоўцаў у Віетнаме.
Акрэдытацыйная сустрэча вайсковага аташэ Віетнаму адбылася 20 кастрычніка 2022 году ў Міністэрстве абароны Беларусі. Тады ж абмеркавалі «стан і пэрспэктывы двухбаковага вайсковага супрацоўніцтва».
Форум