З 1991 году ў незалежнай Беларусі зьмянілася ўжо дзесяць міністраў культуры, і толькі аднаго зь іх прызначаў не Лукашэнка. Кожны займаў пасаду 3–4 гады, пасьля чаго пераходзіў на іншую, не заўсёды больш статусную дзяржаўную працу. Пры першым міністру культуры Беларусі ў «Купалаўскім» паставілі «Тутэйшых», пры дзявятым іх забаранілі. Шосты размаўляў па-беларуску нават на неафіцыйных сустрэчах, дзясяты мовай тытульнай нацыі амаль не карыстаецца. Расказваем, чым запомніліся кіраўнікі Міністэрства культуры Беларусі за ўвесь час незалежнасьці.
Яўген Вайтовіч: «Тутэйшыя» і беларуская мова як дзяржаўная
Яўген Вайтовіч застаўся міністрам культуры ў незалежнай Беларусі яшчэ з часоў БССР, ён кіраваў культурай у сацыялістычнай Беларусі з 1988 году.
Скончыў машынабудаўнічы факультэт Беларускага політэхнічнага інстытуту, абараніў кандыдацкую дысэртацыю з эканомікі. Да прызначэньня на пасаду быў дырэктарам «Беларусьфільму», начальнікам галоўнага ўпраўленьня Дзяржкіно СССР.
Менавіта пры Вайтовічу ў 1990 годзе быў прыняты Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», у якім беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. Таксама пры ім адкрылі Літаратурны музэй Максіма Багдановіча, а рэжысэр Мікалай Пінігін у Купалаўскім тэатры паставіў «Тутэйшых» Янкі Купалы. У фінале спэктакля на сцэне ўздымалі вялізны бел-чырвона-белы сьцяг. З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі «Тутэйшыя» трапілі ў няласку. Неўзабаве страціў пасаду і Яўген Вайтовіч, у 1994 годзе яго прызначылі паслом Беларусі ў Літве. Памёр першы міністар культуры незалежнай Беларусі ў 2021 годзе, ва ўзросьце 84 гадоў.
Анатоль Бутэвіч. Рэстаўрацыя замкаў
Быў на пасадзе з 1994 па 1996 год. Па адукацыі Бутэвіч філёляг. Пісьменьнік, публіцыст. Працаваў рэдактарам БелТА, намесьнікам рэдактара «Чырвонай змены», дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура», у ЦК ЛКСМБ і ЦК КПБ, старшынём Дзяржаўнага камітэту друку, міністрам інфармацыі (1992–1994).
Ён шмат зрабіў для рэстаўрацыі Нясьвіскага і Наваградзкага замкаў, зьбіраў сродкі на рэстаўрацыю царквы на сваёй малой радзіме ў вёсцы Ліпа Нясьвіскага раёну і нацыянальнага санктуарыю Маці Божай Будслаўскай.
Пасьля адстаўкі зь міністэрскай пасады перайшоў на дыпляматычную працу, быў генэральным консулам Беларусі ў Гданьску, амбасадарам у Румыніі.
Аляксандар Сасноўскі: «Нам не патрэбная тут яшчэ адна Таганка»
Сасноўскі ўзначальваў Міністэрства культуры Беларусі з 1996 па 2000 год. Скончыў гістфак БДУ і Акадэмію кіраваньня пры Савеце Міністраў Беларусі. З 1981 па 1986 год быў намесьнікам дырэктара ПТВ-148, дырэктарам ПТВ-114. Са студзеня 1991-га працаваў намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму, быў куратарам пытаньняў культуры, адукацыі, спраў моладзі, рэлігіі.
У 2000 годзе Сасноўскі звольніў заслужанага дзеяча мастацтваў, ляўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Валера Мазынскага з пасады галоўнага рэжысэра «Вольнай сцэны». Мазынскі паставіў п’есу Бэртальда Брэхта «Кар’ера Артура Ўі». Твор пра фашыстоўскую Нямеччыну стаўся вельмі актуальным для Беларусі канца ХХ стагодзьдзя і не спадабаўся чыноўнікам. Аляксандар Сасноўскі сказаў Мазынскаму: «Нам не патрэбная тут яшчэ адна Таганка».
У 1998 годзе пачаў насьпяваць канфлікт у «Песьнярах». За Мулявіным міністар Сасноўскі пакінуў толькі пасаду мастацкага кіраўніка, а Ўлада Місевіча, які быў пайшоў на пэнсію, прызначыў дырэктарам. У адным калектыве «Дзяржаўны ансамбль „Песьняры“» ўтварыліся два склады. Мулявіна адхілілі ад пасады, абураныя дзеячы культуры Расеі напісалі ліст Лукашэнку — і той зьняў міністра з пасады.
Леанід Гуляка: «Чорныя сьпісы» і дэмарш на пахаваньні Быкава
Гуляка быў міністрам культуры Беларусі з 2000 па 2005 год. У 1970-я гады працаваў старшым інспэктарам, памочнікам міністра культуры БССР. У 1990-я быў намесьнікам міністра культуры, працаваў у апараце Савету міністраў. У 2003 годзе менавіта Леанід Гуляка быў кіраўніком урадавай камісіі па арганізацыі пахаваньня народнага пісьменьніка Васіля Быкава. На разьвітаньні ў Доме літаратара ён заявіў удаве Быкава Ірыне Міхайлаўне, што разам зь іншымі афіцыйнымі асобамі пакіне цырымонію, бо ў залі былі бел-чырвона-белыя сьцягі.
У 2004-м асабіста Леанід Гуляка кантраляваў адбор кандыдатак на Нацыянальны конкурс прыгажосьці
Пры ім у Беларусі зьявіліся «чорныя сьпісы» музыкаў. Гэта адбылося пасьля канцэрту на менскай плошчы Бангалор з удзелам шэрагу беларускіх рок-гуртаў і выканаўцаў: N.R.M., "Нэйра Дзюбэля","Палаца«, Аляксандра Памідорава і іншых. Выступ адбываўся пад лёзунгамі «Не — трэцяму тэрміну», «Свабоду Марынічу».
Афіцыйна «чорных сьпісаў» не існавала, аднак самі музыкі і арганізатары канцэртаў ня раз заяўлялі, што сутыкаюцца зь негалоснымі забаронамі на выступы і трансьляцыі на радыё і тэлевізіі. Пачаліся таксама забароны канцэртаў («Палаца» ў «Белай вежы», «N.R.M.» і «Нэйра Дзюбэля» ў «Рэактары»).
У 2005 годзе Леанід Гуляка пакінуў сваю пасаду, яго прызначылі ўпаўнаважаным у справах рэлігій і нацыянальнасьцяў.
Былы ідэоляг Уладзімер Мацьвяйчук
Мацьвяйчук быў міністрам культуры з 2005 па 2009 год. Скончыў Магілёўскі пэдагагічны інстытут і Менскую вышэйшую партыйную школу. Выкладаў у вясковых школах Шумілінскага раёну, працаваў у Хоцімскім райкаме партыі і райвыканкаме, быў дырэктарам Полацкага ПТВ хімікаў, ідэолягам на ААТ «Полацак-Шкловалакно».
З 2004 году кіраваў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй. У сьнежні 2008 году Мацьвяйчук прызначыў галоўным рэжысэрам Купалаўскага тэатру Мікалая Пінігіна.
«Някепскі міністар» Павал Латушка
Павал Латушка ўзначальваў Мінкульт з 2009 па 2012 год, у крэсла міністра ён перабраўся з Варшавы, дзе кіраваў беларускай амбасадай. Пакінуў міністэрскую пасаду, накіраваўшыся паслом у Францыю. Ва ўрадзе на момант прызначэньня Латушка быў самым маладым міністрам (тады яму было 36) і адзіным беларускамоўным.
Дзякуючы Латушку ў Беларусі зьявілася «Нацыянальная тэатральная прэмія», Міністэрства культуры распрацавала праграму «Замкі Беларусі».
Пры Паўлу Латушку зноў зьявілася інфармацыя пра «чорныя сьпісы» з 30 дзеячоў мастацтва і культуры і 15 рок-гуртоў і музыкаў, хоць паходзілі яны нібыта зь Міністэрства інфармацыі. У 2012 годзе здарыўся скандал з галасаваньнем на нацыянальным адборы на «Эўравізію». Пераможцай стала сьпявачка Алена Ланская, але высьветлілася, што вынікі галасаваньня былі сфальсыфікаваныя на яе карысьць. У працэс адбору ўмяшаўся Аляксандар Лукашэнка. Вынікі галасаваньня перагледзелі, прадстаўляць Беларусь на «Эўравізіі» паехаў гурт Litesound.
Павал Латушка часта бываў на тэатральных прэм’ерах, вэрнісажах, фэстывалях, асабіста адкрываў выставу Марка Шагала ў Мастацкім музэі, міжнародны кінафэстываль «Лістапад», дабрачынны баль у Нясьвіскім палацы.
Таксама Латушка зьняў з пасады гендырэктара «Беларусьфільму» палкоўніка Ўладзіміра Замяталіна, які «не лічыў, што ёсьць беларуская мова і культура». Падставай звальненьня стала тое, што Замяталін напіўся і на кінастудыі пачаў страляць зь пісталета. Па словах Лукашэнкі, Павал Латушка быў «някепскім міністрам».
«Тут інсынуацый быць не павінна. Я Паўла Паўлавіча ні ў якім разе не выганяю з пасады міністра культуры. Ён някепскі міністар. Але гэта ягонае пажаданьне», — казаў Лукашэнка пасьля адстаўкі Латушкі зь Мінкульту.
Барыс Сьвятлоў: «Абы ціха»
Барыс Сьвятлоў быў міністрам культуры ў 2012–2017 гадах. Скончыў БДУ па спэцыяльнасьці «філязофія», кандыдат навук. У міністэрскае крэсла трапіў з крэсла рэктара БГУКІ, раней працаваў у Мінкульце на розных пасадах, быў рэктарам Інстытуту парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва, працаваў у Нацыянальным прэс-цэнтры.
Пры Сьвятлову адбыўся чарговы скандал з адборам на «Эўравізію» ў 2015 годзе.
Ён не павіншаваў афіцыйна Сьвятлану Алексіевіч з прысуджэньнем Нобэлеўскай прэміі.
Барыс Сьвятлоў падтрымліваў ідэю надаць Нацыянальнаму аэрапорту «Менск-2» імя Скарыны, самалёты «Белавія» назваць імёнамі выбітных дзеячоў культуры, а 6 жніўня (дзень выданьня ў Празе «Псалтыра» Скарынам) абвясьціць Днём друку. Але пры ім гэтага так і не адбылося.
Натальля Задзяроўская, якая працавала ў Мінкульце з 2012 да канца 2020 году начальнікам упраўленьня культуры і народнай творчасьці, а цяпер кіруе Музэем Вольнай Беларусі ў Варшаве, успамінае, што калі зь міністэрства звольніўся Латушка і прыйшоў Сьвятлоў, адчулася вялікая розьніца.
«Пры Латушку быў бясконцы велізарны рух, праца ад раніцы да вечара, новыя ідэі. Калі ён выяжджаў на аб’ект, супрацоўнікі Мінкульту рыхтавалі процьму інфармацыі, быў такі варушняк.
Калі прыйшоў Сьвятлоў, гэты рух сьціх. Памятаю, калі ён кудысьці паехаў, мы па старой звычцы падрыхтавалі грунтоўны аналіз з параўнаньнямі. Ён вярнуў гэты дакумэнт: „А навошта?“. Пры Сьвятлову трэба было, „абы ціха“, ніякіх прарываў, цікавых праектаў і не прыгадаю. Галоўнае, каб не зрабіць нічога такога, за што прыляціць зьверху», — успамінае Натальля.
Юры Бондар: «Загаворым па-беларуску, калі адчуем патрэбу»
Бондар быў міністрам з 2017 па лістапад 2020 году. Кандыдат палітычных навук, зрабіў карʼеру ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў — ад выкладчыка да рэктара.
У праграме «Нічога асабістага» на тэлеканале АНТ з Маратам Маркавым па-расейску разважаў пра разьвіцьцё беларускай мовы.
«Мы тады загаворым па-беларуску, калі адчуем у гэтым патрэбу. Рэвалюцый ня трэба. Я катэгарычна супраць адміністрацыйных захадаў ва ўкараненьні беларускай мовы, мы гэта прайшлі ў пачатку 1990-х», — сказаў Юры Бондар.
У верасьні 2020 году Купалаўскі тэатар плянаваў грандыёзна адсьвяткаваць 100-годзьдзе. Але пасьля падзей 9 жніўня 2020 году, жорсткіх разгонаў купалаўцы адмовіліся граць спэктаклі. Над будынкам тэатру луналі бел-чырвона-белыя сьцягі. Міністар культуры звольніў дырэктара тэатру Паўла Латушку. Калі Бондар прыйшоў на сустрэчу з трупай, акторы скандавалі міністру «Сыходзь!» і «Ганьба», патрабавалі вярнуць Латушку на пасаду. 19 жніўня Купалаўскі тэатар захапілі сілавікі.
У выніку ў канцы жніўня з тэатру звольніліся адразу 58 чалавек: вядучыя акторы Зоя Белахвосьцік, Юлія Шпілеўская, Ігар Дзянісаў, Павал Харланчук, Натальля Васільева-Качаткова, Алена Сідарава, Арнольд Памазан, Алег Гарбуз, Сьвятлана Анікей, Андрэй Кавальчук, Сяргей Чуб, Міхаіл Зуй, Раман Падаляка, рэжысэры, рэдактары, адміністратары. Крыху пазьней тэатар пакінулі мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін, народны артыст Віктар Манаеў. У тэатры засталося 12 актораў.
Былая чыноўніца Мінкульту Натальля Задзяркоўская кажа, што Бондар усё ж такі быў са сфэры культуры — з БГУКІ. Ведаў людзей, разумеў іх каштоўнасьць.
«Мне падаецца, што зьнялі Бондара за недастатковы ціск на галіну. Наступны міністар Маркевіч рабіў гэта з садысцкім задавальненьнем. Шчыра верыў, што робіць добрую справу — ачышчае галіну ад неляяльных людзей. А Бондар звальняў, калі паўставала пытаньне ягонай кар’еры. Думаю, яму гэта ня так лёгка давалася. Хоць нарабіў ён шмат кепскага для галіны. Запэцкаўся з купалаўцамі і ўсё адно страціў пасаду», — мяркуе Задзяроўская.
Анатоль Маркевіч: «Здраднікам ня месца на сцэне»
На пасадзе міністра культуры Маркевіч быў з 19 лістапада 2020 па 2 сьнежня 2024 году. Паводле адукацыі — выкладчык фізыкі і матэматыкі. Кіраваў Карэліцкім і Наваградзкім райвыканкамамі, быў памочнікам Лукашэнкі па Берасьцейскай вобласьці. Калі зьнялі Бондара, супрацоўнікі міністэрства былі ўпэўненыя, што прызначаць сілавіка альбо КДБ-шніка. У Мінкульце атрымаў мянушку «інспэктар», пачаў з «чыстак».
«Маркевіч прыйшоў са зьвесткамі пра ўсіх нас. Першай, каго выклікаў, была я — у яго была паперка з пазнакамі пра ўсіх. Сказаў, што ўсё ведае, крыніцы інфармацыі ў яго дакладныя, мае погляды не адпавядаюць дзяржаўным, і прапанаваў сысьці. Я запыталася, ці тычыцца звальненьне толькі мяне. Ён адказаў, што не, яшчэ і майго намесьніка. І загадаў перадаць — маўляў, зь ім ён сустракацца ня будзе. Маркевіч быў вельмі грубы, не падбіраў выразы, паводзіны былі вельмі жорсткія, хамскія. Пасьля мяккага інтэлігентнага Сьвятлова, карэктнага Бондара гэта было заўважна», — расказвае былая супрацоўніца Міністэрства культуры Натальля Задзяркоўская.
У сьнежні 2020 году Анатоль Маркевіч звольніў дырэктара Музэю-запаведніка «Нясьвіж» Сяргея Клімава — падчас пратэстаў над музэем вывесілі БЧБ-сьцяг. Таксама не працягнуў кантракт дырэктару Музэю гісторыі Магілёва Аляксею Бацюкову — у 2020 годзе яго затрымлівалі на пратэстах.
На прэм’еры спэктакля «Ціль» у віцебскім Нацыянальным тэатры імя Якуба Коласа, якую наведаў Маркевіч, прагучаў выраз «Жыве Фляндрыя!». Спэктакль зьнялі з паказаў, звольнілі некалькіх актораў.
Прайшлі чысткі ў Нацыянальным тэатры опэры і балету, былі звольненыя больш за 20 вядучых актораў і рэжысэраў: дырыгенты Вячаслаў Чарнуха-Воліч і Андрэй Галаван, Рэгіна Саркісава, сьпявак Ільля Сільчукоў; не працягнулі кантракты народнаму артысту Ўладзімеру Пятрову, салісткам Натальлі Акінінай, Кацярыне Галаўлёвай, рэжысэру Дар’і Пататурцы, хормайстру Івану Цітову, шмат хто сышоў па ўласным жаданьні.
У Купалаўскі тэатар замест звольненай трупы набралі маладых актораў з Расеі. Закрыліся Сучасны мастацкі тэатар; фэстываль сучаснага мастацтва Moving Art Festival; кампанія «Арт Карпарэйшн», якая арганізоўвала кінафэстывалі «Лістапад».
«Абяскроўлены» РТБД: на знак пратэсту ў 2020 годзе сышлі акторы Мікалай Стонька і Андрэй Новік, звольнілі мастацкага кіраўніка Аляксандра Гарцуева, актораў Алену Баяраву, Марыю Пятровіч, Марыну Здаранкову, Максіма Шышко. На пачатку лістапада 2024 году звольнілі Максіма Брагінца, Зьмітра Давідовіча і Арцёма Курэня.
На калегіі Мінкульту ў лютым 2023 году Маркевіч заявіў:
«Здраднікам ня месца на сцэне, няхай гэта будзе дзяржмерапрыемства ці канцэрт у аграгарадку».
13 кастрычніка 2024 году міністар культуры Анатоль Маркевіч заявіў аб выкараненьні ў галіне «дэструктыўных элемэнтаў». Пасьля гэтага, па словах кіраўніка міністэрства, культурная супольнасьць Беларусі «засяродзіла намаганьні на вырашэньні галоўнай задачы — выхаваньні годных грамадзян і патрыётаў».
Руслан Чарнецкі: Першы расейскамоўны
Лукашэнка прызначыў Руслана Чарнецкага на міністэрскую пасаду 2 сьнежня 2024 года. Чарнецкі скончыў ПТВ па спэцыяльнасьці «аўтасьлесар», курсы афіцыянтаў. 2,5 года працаваў танцорам у Тайляндзе. Пасьля здымаўся ў другасных ролях у расейскіх сэрыялах. Вучыўся на завочным аддзяленьні Акадэміі мастацтваў на курсе Зоі Белахвосьцік. З 2005 году працаваў у Нацыянальным драматычным тэатры імя Горкага. Былыя калегі ўзгадваюць, што ніколі ня чулі ад яго ні слова па-беларуску.
«Мабыць, гэта будзе першы ў гісторыі расейскамоўны міністар культуры. Нічога добрага ўзгадаць пра Чарнецкага не магу: кар’ерыст, заўсёды лез на ражон, выслужваўся перад начальствам. Ну, а цяпер праўладныя форумы ён вядзе і вылізвае... Прабачце за грубасьць», — расказаў Свабодзе былы калега Чарнецкага па тэатры.
Калегаў, якія выказалі пратэст рэжыму ў 2020-м, Руслан Чарнецкі не разумее.
«Мы ж дастаткова добра жылі. Навошта табе забіваць галаву іншымі рэчамі?» — разважаў ён пра апанэнтаў у інтэрвію Марату Маркаву.
Былая чыноўніца Мінкульту Натальля Задзяркоўская зьвяртае ўвагу, што пры прызначэньні Чарнецкага ніхто не заўважыў яшчэ адну цікавую фігуру — першым намесьнікам быў прызначаны Дзьмітрый Шляхцін, які раней працаваў у Гістарычным музэі, у Мінкульце, быў дырэктарам Музэю гісторыі Айчыннай вайны.
«Мне падаецца, гэта той чалавек, які сапраўды будзе кіраваць міністэрствам, а не прызначаны актор. Чарнецкі будзе прадстаўнічыя функцыі выконваць, а прымаць рашэньні будзе Шляхцін. Зразумела, прымаць рашэньні ў межах дазволенага», — удакладняе Натальля Задзяркоўская.
Форум