Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лупіце трасянкай». Халезін пра тое, як пачаць гаварыць па-беларуску


Мікалай Халезін, архіўнае фота.
Мікалай Халезін, архіўнае фота.

Апошні выпуск youtube-шоў «Перетрем с Халезиным» з удзелам перакладніка і выдаўца Сяргея Шупы заснавальнік «Беларускага свабоднага тэатру» Мікалай Халезін правёў па-беларуску. Першы выпуск на беларускай мове за амаль 80 выпускаў. Пагаварылі з Халезіным пра беларускую мову і беларушчыну.

Мікалай Халезін прызнаецца, што нават здымачная група ня ведала, што ён будзе весьці гэты выпуск youtube-шоў «Перетрем с Халезиным» па-беларуску.

— Да таго часу я зрабіў 80 ці больш праграмаў. Я вёў іх па-расейску, а госьці маглі гаварыць як па-беларуску, так і па-расейску. Як вырашыў? Ніхто не патрабаваў. Я клаўся спаць і думаў: Шупа прыйдзе, тэма — беларушчына, можа, гэта якраз той выпадак, калі трэба пачаць весьці па-беларуску.

61-гадовы Мікалай Халезін — журналіст, драматург, сузаснавальнік і мастацкі кіраўнік «Беларускага свабоднага тэатру». Кавалер Ордэну Брытанскай імпэрыі. Узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны. Нарадзіўся ў Менску ў сям’і сьпевака Менскай філярмоніі. Працаваў журналістам у газэтах «Имя», «Наша свабода», БДГ, быў намесьнікам галоўнага рэдактара газэты «Навіны». Быў стваральнікам і мастацкім кіраўніком цэнтру сучаснага мастацтва «VITA NOVA». У 2005 годзе Халезін разам з жонкай Натальляй Калядой заснавалі «Беларускі свабодны тэатар». У 2010 годзе ў выніку рэпрэсіяў пасьля фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў вымушаныя эміграваць у Вялікую Брытанію. Халезін — аўтар шматлікіх п’есаў, перакладзеных на многія мовы, уладальнік шэрагу прэстыжных міжнародных культурніцкіх прэміяў і прызоў на драматургічных конкурсах у розных краінах сьвету.

«Апошнім часам у маёй беларускай мове сустракаюцца не расейскія, а ўкраінскія словы»

Мы размаўляем праз зум. Халезін гаворыць па-беларуску свабодна, без запінак. Часам трапляюцца расейскія словы, але Халезін ставіцца да гэтага спакойна, хаця раней менавіта праз гэта не наважваўся гаварыць па-беларуску.

— Многія людзі ня ведаюць, што было да 2020 году. А напачатку 2000-х я даваў інтэрвію па-беларуску беларускамоўным выданьням, але гэта былі невялічкія інтэрвію. Калі жылі ў Беларусі, мова была заўсёды побач — тэлепраграмы, Свабода, Белсат па-беларуску. А калі пераехаў у Брытанію, якая там беларуская мова. Там і расейскай няма. Жывеш у англамоўным ці паліфанічным асяродзьдзі. Я чытаю вельмі шмат літаратуры па-беларуску, слухаю музыку па-беларуску, што толькі зь Беларусьсю не зьвязана. Але заўсёды было пытаньне, чаму ў цябе ў беларускай мове сустракаюцца расейскія словы. Аднак апошнім часам у маёй беларускай мове сустракаюцца хутчэй украінскія словы, бо ўкраінскага кантэнту стала вельмі шмат. Тыдзень таму глядзеў футбол і толькі ў другім тайме зразумеў, што гляджу з украінскім камэнтатарам, а не зь беларускім.

Продкі Мікалая Халезіна паходзяць з Заходняга Сібіру і Ўралу. Мікалай — адзін зь сям’і, хто нарадзіўся ўжо ў Менску. Па бэсэсэраўскай завядзёнцы праз паходжаньне бацькоў у школе яго вызвалілі ад вывучэньня беларускай мовы.

— У школе вывучаў толькі беларускую літаратуру. Тады мне здавалася, што гэта вельмі добра, што ў школе вызвалілі ад беларускай мовы, а зараз я ўжо разумею, што гэта нядобра. Што да беларускай літаратуры, то чытаў больш ня тое, што ў школе трэба было чытаць, а тое, што сам хацеў прачытаць. У Інстытуце народнай гаспадаркі, дзе я вучыўся пэўны час, не было ніводнай дысцыпліны на беларускай мове.

«Віця Івашкевіч мне кажа: лупі трасянкай, гэта працуе»

Халезін згадвае, што ўпершыню гаварыў працяглы час па-беларуску ў 1997 ці 1998 годзе, калі паехаў на Беласточчыну.

— А там жа Вапа (Яўген Вапа — галоўны рэдактар беларускамоўнага тыднёвіка «Ніва» ў Беластоку і дырэктар Радыё Рацыя. — РС), Латышонак (Алег Латышонак — доктар гісторыі, прафэсар Беластоцкага ўнівэрсытэту ў Польшчы. — РС), як зь імі размаўляць па-расейску. Сябра кажа: размаўляй па-беларуску. Я кажу, што будзе такая трасянка. І Віця Івашкевіч мне кажа: «Лупі трасянкай, гэта працуе. Потым будзеш ведаць больш словаў, менш будзеш пра гэта думаць». І я тры дні размаўляў як бы на беларускай мове. Потым празь месяц-другі першае інтэрвію даў на беларускай мове. Была такая білінгвавая сытуацыя ў 1990-я ў Беларусі, калі палова чыноўнікаў спачатку пачала размаўляць па-беларуску, а потым зноў па-расейску. Усіх пужаў Зянон, які казаў, што ўсім беларусам трэба ведаць беларускую мову. А беларусы: «Не, мы ня хочам, потым ты нас расстраляеш».

Удакладняю яго тагачаснае стаўленьне да Зянона Пазьняка.

— Я ведаў, што гэта ня моцны бок Зянона — размаўляць з рознымі танальнасьцямі. Ён размаўляе заўсёды ў адной танальнасьці. Я разумеў, што ня будзе ніхто нікога расстрэльваць, нічога страшнага няма.

Мікалай згадвае, чаму вырашыў чытаць Караткевіча толькі па-беларуску

— Я спачатку прачытаў па-расейску «Паляваньне караля Стаха» Караткевіча. І тады адзін мой сябар сказаў, што калі я чытаў гэты твор па-расейску, то, значыць, я яго і не чытаў. Сябра прынёс нейкую самаробную кнігу на беларускай мове. Гэта былі вырваныя старонкі з часопіса, збрашураваныя ў кнігу. Я яе разгарнуў і пакуль не дачытаў, не загарнуў. З таго часу я нічога не чытаў Караткевіча па-расейску. Прачытаў амаль усяго па-беларуску. Потым пайшло як па наежджанай — і Куляшоў, і нават Шамякін. Потым адкрыў для сябе Бураўкіна, Барадуліна, Бядулю. А потым ужо мой цесьць (літаратуразнаўца, тэатразнаўца і пэдагог Андрэй Каляда, бацька сузаснавальніцы Свабоднага тэатру Натальлі Каляды. — РС), які ўсё жыцьцё карыстаўся беларускай мовай, «падсадзіў» мяне на іншых аўтараў. Ён шмат перакладаў на беларускую мову, нават расейскіх клясыкаў. Апошні яго пераклад — «Бераг утопіі», вялікая трылёгія Тома Стопарда. Заўсёды гляджу кароткія моўныя праграмы Вінцука Вячоркі. У «Беларускага свабоднага тэатру» заўсёды былі праекты па-беларуску: «Сабакі Эўропы», «Дзікае паляваньне караля Стаха», «Верабейка» (паводле кнігі Зьмітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы». — РС).

Калі палітыкі гавораць / не гавораць па-беларуску

Разам з Халезіным згадваем, як у 1990-я па-беларуску стаў весьці паседжаньні колішні старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Мечыслаў Грыб, а ягоны наступнік Сямён Шарэцкі вёў іх па-расейску, і толькі пайшоўшы ў апазыцыю, загаварыў па-беларуску. Як, прыйшоўшы ў Аб’яднаны пераходны кабінэт, загаварылі па-беларуску Аляксандар Азараў і Валер Сахашчык, а сышоўшы, вярнуліся да расейскае мовы ў публічнай прасторы. Як стала добра і часта гаварыць па-беларуску лідэрка дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская. Халезін працягвае:

— Для мяне палітыкі і грамадзкія дзеячы ня ёсьць асобамі, якія зьяўляюцца носьбітамі мовы ці культуры. Яны падстройваюцца пад сытуацыю і выконваюць тое, чаго ад іх чакаюць. Мяне больш цікавіць, як мой сябра Мікіта Мелказёраў перайшоў на беларускую мову, як яшчэ адзін мой сябра Саша Філіпенка ўжо выдае кнігі па-беларуску і карыстаецца беларускай мовай у жыцьці. І я ведаю, што гэта не каньюнктура. У яго як была цьвёрдая пазыцыя, так і ёсьць.

Халезін адзначае, што цяпер так шмат новых людзей у апазыцыі і ў эміграцыі, што калі будзеш выбіраць толькі тых, хто гаворыць па-беларуску, то ня будзе асабліва з каго і выбіраць. Паводле драматурга, усе маюць у пасіве беларускую мову, пісаць ня кожны зможа, а размаўляць кожны.

«Няма больш фанабэрыстасьці, што гэта мова калгасьнікаў»

Да расейскай мовы, на якой давялося гаварыць значную частку жыцьця, у Халезіна стаўленьне крытычнае.

— Каб я быў ангельскамоўны ці франкафонны, я б ніколі ня ўзяўся вывучаць расейскую мову. У мяне быў досьвед, калі мы з брытанскай актрысай пачалі навучаць мове адзін аднаго — яна мяне ангельскай, я яе расейскай. Мяне яна падцягнула, а я яе не. Расейская мова цалкам з выключэньняў, нейкае глупства. Калі гэтая мова канструявалася, была закладзеная нейкая сыстэмная памылка, якая не дае ёй стаць мовай шмат для каго, таму яна засталася мовай для расейцаў. Калі была б такая опцыя: ведаеш беларускую і расейскую і можаш зьмяніць адну мову на ангельскую, але адну з гэтых ведаць ня будзеш, у такім разе я б захаваў беларускую мову і замяніў расейскую на ангельскую.

Пытаюся ў Халезіна, як мянялася стаўленьне да беларускай мовы.

— Няма больш фанабэрыстасьці, што гэта мова калгасьнікаў. Беларуская — гэта мова інтэлігенцыі, літаратараў, творчых людзей. Статус нашай мовы зьмяніўся. Што паўплывала? Лёгіка. Нават не эмоцыі і не патрыятызм. Гэта прыходзіць, калі апынуўся ў эміграцыі. З кім я магу пагаварыць на расейскай? З расейцамі. Нецікава. Я зь імі амаль не кантактую. Застаюцца толькі расейскамоўныя беларусы.

Як пачаць гаварыць па-беларуску? Парады ад Халезіна

Мікалай Халезін прызнаецца, чаму не наважваўся гаварыць па-беларуску ў публічнай прасторы.

— Мяне стрымлівала, што магу рабіць памылкі. Ты сусьветна вядомы драматург, працуеш са словам і робіш памылкі. Неяк непрыгожа. Як зрабіць прыгожа? Болей чытаць. Але калі не пачнеш размаўляць, нічога ня будзе. Віця Івашкевіч для мяне заўсёды быў прыкладам. Ён казаў: лупі трасянкай, а потым твая мова пачне выпраўляцца. Але сам Віця да канца жыцьця гаварыў на сваёй трасянцы. Ён ужываў некаторыя расейскія словы, і яны ў яго добра клаліся. Таму мая парада: лупіце трасянкай і прасіце беларускамоўных сяброў, каб вас папраўлялі. Гэта будзе нашмат хутчэй, чым слухаць хейтэраў. Я заўважаў, што памылкі шукае той, хто сам пераважна размаўляе па-расейску.

Пра сэксуальныя сцэны ў фільмах на беларускай мове

На пытаньне, наркамаўка ці тарашкевіца, Халезін адказвае: лацінка, але гэта пытаньне часу.

— На маю думку, павінен працаваць трыюмвірат: палітыкі, якія прымаюць правілы гульні і законы, філёлягі, якія раскажуць, як слушна гаварыць, і рэклямісты, якія зробяць беларускую мову сэксуальнай. Калі здымалі праграму зь Сяргеем Шупам, за кадрам была Марына Ментусава, зь якой мы запісваліся раней. Мы потым утрох размаўлялі, і я кажу: што гэта за краіна, што гэта за дзіўнае становішча, калі за жыцьцё не пабачыў ніводнай сэксуальнай сцэны ў кіно на сваёй мове. І гэта адзін з выклікаў, які стаіць цяпер перад дзеячамі культуры.

Італьянская, украінская і беларуская мовы як самыя мілагучныя ў сьвеце

Мікалай Халезін расказвае, што ягоны бацька, які добра ведаў эстраднае і опэрнае мастацтва, вучыў яго, што дзьве самыя мілагучныя мовы ў сьвеце — італьянская і ўкраінская.

— Я гэта ведаў зь дзяцінства. Калі мы ставілі опэру «Дзікае паляваньне караля Стаха», у нас было шэсьць украінскіх вакалістаў. І калі я ім сказаў пра гэта, яны мне адказалі, што беларуская мова — адна з трох самых мілагучных у сьвеце. Вакалістка бярэ партытуру, сьпявае радок і кажа, што гэта гучыць лепш, чым было б на ўкраінскай мове. Пытаюся: а чаму я ня ведаў пра гэта? Яны адказваюць: «Мы ня ведаем ніводнай опэры па-беларуску. Калі вы там ставілі ў сябе опэры па-беларуску, яны ў вас і існавалі. А ў сьвеце гэтага ня ведаюць». Для мяне гэта было кранальным досьведам.

Праца над мэмуарамі і онлайн-трансьляцыя «KS6: SMALL FORWARD»

Ад беларускай мовы мы пераходзім да размовы пра эўрапейскія паказы спэктаклю «KS6: SMALL FORWARD» на аснове асабістай гісторыі баскетбалісткі Сныцінай. Эўрапейская прэм’ера прайшла ў Лёндане, далей спэктакль паедзе ў Нарвэгію і Люксэмбург. Халезін цяпер намагаецца прывезьці спэктакль у Варшаву і Прагу. А ў пачатку сакавіка адбудзецца бясплатная прэм’ера відэавэрсіі спэктаклю для беларусаў.

Халезін працуе цяпер над кнігай мэмуараў.

— Падзагаловак — «Як выжыць пры дыктатуры і не памерці пры дэмакратыі». Наша гісторыя, пачынаючы з саўка да гэтага часу. Працуем з выдаўцамі. Амэрыканскія і брытанскія выдаўцы ўжо чытаюць. Гатовыя пяць разьдзелаў. Кніга будзе на ангельскай мове. Калі вырашу, што трэба выдаць ня толькі па-ангельску, то толькі па-беларуску.

  • Апошнім часам шмат вядомых беларусаў сьвядома пачынаюць гаварыць па-беларуску. Знаны вядоўца Мікіта Мелказёраў вывучыў беларускую мову і цяпер большасьць сваіх праектаў вядзе па-беларуску і ў штодзённым жыцьці гаворыць па-беларуску. «Я зразумеў, што калі я пазыцыяную сябе як нейкае даволі заўважнае беларускае шоў, як вядоўца беларускага шоў, дык і павінна гэтая адпаведнасьць адбыцца лягічна. Мы ж пра Беларусь, мы павінны размаўляць па-беларуску», — казаў ён у інтэрвію Свабодзе.
  • Знакаміты драматург Андрэй Курэйчык, які цяпер жыве і працуе ў ЗША, пасьля 2020 году загаварыў па-беларуску. «Мяне стымулююць беларусы Амэрыкі, якія сапраўды вельмі адданыя беларускай ідэі, беларускай мове. Цяпер я практычна ўсе стрымы на сваім ютуб-канале вяду па-беларуску. Я вырашыў тут на ўзроўні Ейльскага ўнівэрсытэту найперш прасоўваць ідэі беларушчыны і беларускай мовы», — расказаў ён у інтэрвію Свабодзе.
  • Раней расейскамоўны, прадпрымальнік і блогер Аляксандар Кныровіч у канцы 2022 году перайшоў на беларускую мову ў большасьці сваіх праектаў. «Калі ты ўжываеш беларускую мову, у цябе іншы погляд на сьвет, такое дзіўнае ўнутранае адчуваньне, гэта праўда. Беларуская мова — гэта тое, што нас аб’ядноўвае, дазваляе сябе адчуваць беларусамі», — гаврыў блогер у інтэрвію Свабодзе.
  • Перайшоў на беларускую мову ў публічнай камунікацыі таксама намесьнік прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльнай палітыцы доктар Станіслаў Салавей.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG