Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трох вядучых актораў звольнілі з РТБД пасьля затрыманьня на суткі


Акторы Максім Брагінец, Арцём Курэнь, Зьміцер Давідовіч.
Акторы Максім Брагінец, Арцём Курэнь, Зьміцер Давідовіч.

Акторы Максім Брагінец, Зьміцер Давідовіч і Арцём Курэнь звольненыя з Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі (РТБД), паведамляе «Наша Ніва», спасылаючыся на некалькі крыніцаў з тэатральных колаў.

Як заўважыла выданьне, яшчэ ў абед 31 кастрычніка ў разьдзеле «Асобы» віселі партфоліё актораў Максіма Брагінца, Зьмітра Давідовіча і Арцёма Курэня, але цяпер іх адтуль прыбралі.

Адзначаецца, што на гэтых акторах трымалася значная частка самых касавых, папулярных у гледачоў спэктакляў, таму ў тэатры працягваюцца вымушаныя замены ў рэпэртуары.

19 кастрычніка стала вядома пра затрыманьне актораў. Яны былі арыштаваныя паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Тэрміны невядомыя.

Акрамя Давідовіча, Курэня і Брагінца, затрымлівалі таксама яшчэ адну актрысу, але пазьней адпусьцілі да дзіцяці. Таксама пад рэпрэсіі трапіла былая кіраўніца тэатру. 30 кастрычніка стала вядома, што акторы выйшлі на волю.

У тэатральных колах абмяркоўваецца, што чарговыя чысткі роўныя зьнішчэньню тэатру.

У жніўні гэтага году паведамлялася пра звальненьне дырэктаркі тэатру Сьвятланы Карукінай.

У выніку падзей 2020 году з тэатру сышлі многія акторы. На знак пратэсту звольніліся Мікалай Стонька і Андрэй Новік. Пасьля затрыманьня за ўдзел у акцыях пратэсту эміграваў Ільля Ясінскі.

У канцы 2021 году быў звольнены мастацкі кіраўнік тэатру Аляксандар Гарцуеў, увесну 2022-га трупу пакінулі Алена Баярава, Марыя Пятровіч, Марына Здаранкова і Максім Шышко.

  • Кадравыя чысткі адбываліся і ў іншых тэатрах Беларусі, адзначае інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
  • Пасьля масавых пратэстаў, якія сталі рэакцыяй на сфальсыфікаваныя прэзыдэнцкія выбары 2020 году і гвалт з боку сілавікоў, сярод іншых пад рэпрэсіі трапіла вялікая колькасьць дзеячоў культуры. Многія звольніліся на знак пратэсту, былі вымушаныя пакінуць краіну. Адзін з найбольш паказальных прыкладаў — трупа Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру ім. Янкі Купалы, большасьць якой падтрымала прыхільнікаў пераменаў.
  • Паводле зьвестак беларускага ПЭНа, за 2023 год было зафіксавана 1097 парушэньняў у дачыненьні да 605 дзеячоў культуры.
  • 13 кастрычніка міністар культуры Анатоль Маркевіч заявіў аб выкараненьні ў галіне «дэструктыўных элемэнтаў». Паводле ягоных слоў, пасьля гэтага культурная супольнасьць Беларусі «засяродзіла намаганьні на вырашэньні галоўнай задачы — выхаваньні годных грамадзян і патрыётаў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG