Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго можна чакаць ад візыту Пуціна ў Менск


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Масква, 9 кастрычніка 2024
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Масква, 9 кастрычніка 2024

Найбольш імаверныя тэмы чарговай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна — увод на тэрыторыю Беларусі новых відаў расейскіх узбраеньняў і роля Беларусі ў гіпатэтычных мірных перамовах па Ўкраіне, якія мае намер ініцыяваць абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

Сьцісла:

  • Другі за год візыт Пуціна ў Беларусь — зьява не ўнікальная, але рэдкая.
  • Перад ледзь ня кожнай сустрэчай Лукашэнкі і Пуціна выказваліся перасьцярогі, што на ёй будзе абвешчана пра далучэньне Беларусі да Расеі.
  • Зь лютага 2022 году такім жа сталым прагнозам адносна кожнай іх сустрэчы было ўступленьне беларускага войска ў вайну.
  • Найбольш імавернай тэмай чарговай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна выглядае пашырэньне расейскай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі, увод на тэрыторыю краіны новых відаў расейскіх узбраеньняў.
  • Яшчэ адна магчымая тэма — роля Беларусі ў гіпатэтычных мірных перамовах па Ўкраіне, якія мае намер ініцыяваць абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

На гэтым тыдні ў Менску мае адбыцца пасяджэньне вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, у якім павінен узяць удзел прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін. Што можа быць у парадку дня ягонай сустрэчы ў Беларусі з Аляксандрам Лукашэнкам?

Паведамляецца, што бакі абмяркуюць праект канцэпцыі бясьпекі саюзнай дзяржавы і праект дамовы аб гарантыях узаемнай бясьпекі паміж Беларусьсю і РФ. Але якія сутнасныя, зьмястоўныя тэмы могуць абмяркоўвацца?

Для пачатку варта нагадаць кантэкст. Спатканьне ў Менску на гэтым тыдні будзе іх 11-й сустрэчай на працягу гэтага году — падлічаны як асабістыя сустрэчы, гэтак і сумесная прысутнасьць на самітах міжнародных арганізацыяў.

Пуцін з 2000 году наведваў Беларусь 27 разоў , цяперашні візыт будзе 28-м. У 2014 годзе ён прыяжджаў у Беларусь чатыры разы, у 2016-м і 2018-м — двойчы, прычым абодва разы адзін зь візытаў быў якраз на пасяджэньне вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы ў Менску. У іншыя гады гэтыя пасяджэньні праводзіліся ў Расеі, а Пуцін наведваў Беларусь ня больш за адзін раз.

Такім чынам, дзьве паездкі Пуціна ў Беларусь на працягу году — зьява не ўнікальная, але рэдкая. У вырашэньні якіх пытаньняў узьнікла пільная патрэба гэтым разам?

Перад ледзь ня кожным візытам прэзыдэнта РФ у Беларусь заўсёды ўзьнікаюць перасьцярогі — ці ня будзе на ёй урачыста абвешчана аб далучэньні Беларусі да Расеі ці аб запуску працэдуры гэтага далучэньня. Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі зь Беларусьсю дадаўся яшчэ адзін прагноз, які папярэднічаў кожнай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна, — што на ёй можа быць абвешчана, што Беларусь уступае ў вайну сваім войскам.

Раней падобныя перасьцярогі і прагнозы ня спраўджваліся. Але ўсё калісьці здараецца ўпершыню. Таму цалкам выключаць такія сцэнары не выпадае. Яшчэ ў далёкім 2002 годзе Пуцін наўпрост прапанаваў Беларусі ўвайсьці ў склад РФ. У сваім праграмным артыкуле 2021 году пра адзінства расейскага і ўкраінскага народаў, які быў ідэалягічным абгрунтаваньнем вайны, Пуцін як само сабой зразумелае адзначаў і адзінства расейскага і беларускага народаў.

Нядаўнія запэўніваньні Лукашэнкі, што Пуцін ніколі не замахваўся на беларускі сувэрэнітэт, але што ў Маскве ня ўсе такія, сьведчаць пра тое, што думкі, пляны, мары ў палітычнай клясе Расеі лунаюць розныя.

Што да ўдзелу беларускага войска ў вайне Расеі супраць Украіны, то перасьцярогі наконт гэтага выказваліся зь першага дня поўнамаштабнага ўварваньня РФ ва Ўкраіну. Але гэтага не адбылося ў 2022 годзе, калі ў расейскім войску адчуваўся дэфіцыт жывой сілы. Тады праблема была вырашаная мабілізацыяй у РФ. Не адбылося гэтага і пасьля пачатку ўкраінскай апэрацыі ў Курскай вобласьці Расеі. Далёкі вайсковы саюзьнік Масквы — КНДР — сваіх вайскоўцаў на фронт расейска-ўкраінскай вайны паслаў, а блізкі саюзьнік — Беларусь — гэтага не зрабіў. Трыгерам да ўступленьня беларускага войска ў вайну ня стаў і дазвол, дадзены заходнімі краінамі Ўкраіне на ўжываньне далёкабойнай зброі па тэрыторыі Расеі.

На сёлетнім лістападаўскім саміце АДКБ у Астане Пуцін патлумачыў, што удзел саюзьнікаў па гэтай арганізацыі ў вайне сваімі войскамі «нерэалістычны».

Тое, што было названа «нерэалістычным» 28 лістапада ў Астане з боку ўсіх чальцоў АДКБ, тэарэтычна можа стаць рэалістычным і нават пажаданым адносна Беларусі ў Менску 6 сьнежня. Але такое дапушчэньне мела права на існаваньне ў любы дзень цяперашняй вайны, якая доўжыцца ўжо амаль 3 гады. Становішча на фронце для Расеі цяпер далёкае ад крытычнага, каб ёй пільна была патрэбная дапамога беларускага войска. Зь іншага боку, і становішча Ўкраіны на фронце складанае, але не настолькі крытычнае, каб Лукашэнка сваім войскам зараз мог паўдзельнічаць у «падзеле здабычы».

Гэтак жа і адносна анэксіі, фармальнага далучэньня Беларусі да РФ. Рызыка гэтага ненулявая, але яна заўсёды была ненулявой.

Якія ж тэмы парадку дня новай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна выглядаюць больш рэалістычнымі, зьвязанымі ня адно з трэндамі крамлёўскай палітыкі, але і зь бягучай ваенна-палітычнай сытуацыяй?

Першая — гэта пашырэньне, паглыбленьне расейскай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі. Гэта зьвязана і з фармальнай нагодай сустрэчы — абмеркаваньнем двух дакумэнтаў, зьвязаных зь бясьпекай. Нядаўна Расея зьмяніла сваю ядзерную дактрыну, распаўсюдзіўшы на Беларусь ядзерныя гарантыі і ў выпадку няядзернага нападу.

Падчас сустрэчы ў Менску можа быць абвешчана (а можа, і прадэманстравана) разьмяшчэньне новага расейскага высокатэхналягічнага ўзбраеньня ў Беларусі. На прыгаданым лістападаўскім саміце АДКБ у Астане Лукашэнка ці то паўжартам, ці зусім і ня жартам намякнуў на магчымасьць разьмяшчэньня ў Беларусі ракет тыпу «Арэшнік». Нядаўна такой ракетай Расея нанесла ўдар па Дняпры. Увод у Беларусь новых клясаў узбраеньняў арганічна ўпісаўся б у крамлёўскую палітыку ціску і шантажу Захаду.

Абстрактна кажучы, размова можа ісьці і пра стратэгічныя ядзерныя ракеты — на дадатак да тактычных. Лукашэнка, дарэчы, у свой час пра такую магчымасьць гаварыў.

Могуць паказаць тактычную ядзерную зброю, разьмешчаную ў Беларусі. Пра тое, што яна ўжо ў Беларусі, гаварылі і афіцыйны Менск, і Масква. Але яна дагэтуль не дэманстравалася, пераканаўчых пацьверджаньняў яе разьмяшчэньня ў Беларусі няма. Некаторыя экспэрты наагул сумняюцца, ці даехала яна да Беларусі. Дык яе могуць і паказаць, і тады мэта прыезду Пуціна ў Беларусь будзе больш зразумелай — дэманстраваць расейскую зброю ў Беларусі варта з удзелам прэзыдэнта РФ.

Наколькі разьмяшчэньне расейскага высокатэхналягічнага ўзбраеньня ў Беларусі мяняе стратэгічны балянс у рэгіёне — гэта пытаньне для адмыслоўцаў. Але выглядае, што разьлік Крамля — больш на псыхалягічнае ўзьдзеяньне, на дэмаралізацыю заходніх элітаў і грамадзкай думкі. І з гледзішча Масквы падобны крок можа аказацца эфэктыўным, незалежна ад яго рэальнага вайскова-палітычнага значэньня.

Другі магчымы сюжэт перамоваў Лукашэнкі і Пуціна — гіпатэтычныя мірныя перамовы па Ўкраіне. 20 студзеня прэзыдэнтам ЗША канчаткова стане Дональд Трамп, які абяцаў хутка спыніць вайну ва Ўкраіне. Ці атрымаецца гэта ў яго — невядома, але паспрабуе ён напэўна. І ў пэрспэктыве гэтых высілкаў важнае пытаньне — роля Беларусі ў магчымых мірных перамовах. Малаімаверна, што Менск можа стаць месцам асабістай сустрэчы Трампа і Пуціна. Але ў 2015 годзе Менск таксама выглядаў малаімаверным месцам сустрэчы Франсуа Алянда, Ангелы Мэркель, Пятра Парашэнкі і Ўладзіміра Пуціна. Беларусь і тады была саюзьніцай Расеі, што не перашкодзіла выбраць яе месцам правядзеньня перамоваў. Цяпер у сьвеце няшмат месцаў, куды Пуцін можа паехаць, не асьцерагаючыся за сваю бясьпеку. І Менск — сярод іх.

Але пэрспэктыва асабістай сустрэчы лідэраў ЗША і РФ пакуль наагул выглядае даволі аддаленай. А вось пэрспэктыва пачатку саміх па сабе перамоваў, хай і не на вышэйшым узроўні (ці на вышэйшым, але не наўпрост) больш актуальная. І размова напярэдадні іх пра інтарэсы Беларусі (і Лукашэнкі) на гэтых перамовах — цалкам натуральная тэма. Наўрад ці Пуцін будзе надта клапаціцца аб задавальненьні гэтых беларускіх інтарэсаў (як і інтарэсаў Лукашэнкі асабіста). Але прынамсі зрабіць дружалюбны жэст на адрас саюзьніка не пашкодзіць.

Гэтыя дзьве тэмы выглядаюць найбольш імавернымі ў парадку дня сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна на гэтым тыдні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG