Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы прэм’ер Расеі Касьянаў: Пуцін лічыць, што Беларусь мусіць быць часткай Расеі


Міхаіл Касьянаў
Міхаіл Касьянаў

Міхаіл Касьянаў быў прэм’ер-міністрам Расеі ў 2000–2004 гадах.

У інтэрвію парталу «Люстэрка» ён расказаў некаторыя цікавыя дэталі беларуска-расейскіх адносінаў.

У лістападзе 2000 году Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падпісалі інтэграцыйнае пагадненьне аб адзінай валюце, плянавалася, што з 1 студзеня 2005 году ў якасьці агульнай валюты будзе выкарыстоўвацца расейскі рубель, а з 1 студзеня 2008 году будзе ўведзеная адзіная грашовая адзінка «саюзнай дзяржавы».

Касьянаў расказвае:

— Тады фактычна былі завершаныя перамовы аб увядзеньні адзінай валюты. Усё было гатова, але потым Лукашэнка ўсьведаміў, што губляе частку асабістага сувэрэнітэту, і скасаваў гэта. А пасьля беларускі народ зразумеў, што такое Пуцін, і гэтая тэма — каб Беларусь была падціснутая пуцінскай Расеяй — стала ня тое каб неактуальнай, а нават шкоднай. Гэта ўжо непрымальная рэч.

— На якой стадыі было ўзгадненьне адзінай валюты?

— На канчатковай. Усё ўжо было падпісана старшынямі цэнтральных банкаў, праекты пагадненьняў — прэм’ер-міністрамі, і Лукашэнка павінен быў прыехаць у Маскву напярэдадні Новага году (2004) і падпісаць, але адмовіўся.

— Вы былі расчараваныя?

— Я быў зьдзіўлены. Мне не здавалася, што нешта адбылося, што трэба адмаўляцца. Абмеркаваньне ішло не адзін месяц, а некалькі гадоў. Мы давалі б крэдыты Беларусі, каб пераход на адзіную валюту быў плаўны. Уся канструкцыя была падрыхтаваная. Але цяпер я бачу, што адмова — гэта, напэўна, нармальна, інакш Беларусь цяпер была б цалкам падпарадкаваная Пуціну.

— Каго вы ўспрымалі палітыкам нумар два ў Беларусі ў той час?

— Толькі адзін палітык. Безумоўна, прэм’ер-міністр адыгрываў ролю, але яго вага ў прыняцьці рашэньняў была меншай.

— Калі вы ўпершыню сустрэліся з Аляксандрам Лукашэнкам?

— Я зараз ужо не памятаю, можа быць, калі я быў міністрам фінансаў. Лукашэнка ўвесь час прыяжджаў на розныя прыёмы ў Расею. Я зь ім рэгулярна сустракаўся.

— Якое было ўражаньне?

— Вельмі наравісты чалавек. У той час ён не здаваўся такім дыктатарам, як зараз. Савецкі гаспадарнік, які ня надта жадае разумець новыя эканамічныя працэсы. Ён быў праціўнікам рынкавых рэформаў.

— Як у расейскім урадзе тады ўспрымалі Лукашэнку?

— З пэўнай усьмешкай — гэты чалавек перашкаджаў рэалізацыі ўсякіх рэчаў. Проста хацеў большага доступу на расейскі рынак. Мы яму нават дазволілі езьдзіць у рэгіёны і дамаўляцца непасрэдна зь імі аб пастаўцы тавараў. Гэта быў вельмі бартэрны, дробны гандаль, а не глябальныя эканамічныя працэсы, якія паляпшаюць жыцьцё ўсёй краіны. Ён як кіраўнік нейкага прадпрыемства спрабаваў нешта вырашаць — адгрузка-пастаўкі. Глябальнага эканамічнага мысьленьня не было і зараз няма.

— У вас склаліся добрыя адносіны?

— Фармальна так, але ў сутнасьці — не. Ён ствараў праблемы сваёй упартасьцю і нежаданьнем узгадняць некаторыя пазыцыі, якія былі важныя для абедзьвюх краін, у тым ліку і ў цэнавай тэматыцы. З газам вялікія праблемы былі. У пачатку 2004 году я загадаў «Газпрому» не адключаць газ, хоць кантракт не падпісаны — Лукашэнка забараніў гэта рабіць. Я сказаў: «Потым будзем разьбірацца з даўгамі, нельга спыняць пастаўку». І раптам раніцай 18 лютага я атрымліваю званкі ад прэм’ер-міністраў Польшчы, Літвы, губэрнатара Калінінградзкай вобласьці: «Няма газу». І тады ў нас з Пуціным быў публічны скандал. Ён праз маю галаву загадаў спыніць пастаўкі. Я кажу: «У Менску маразы, мы што, жадаем загубіць людзей і прамысловасьць?!» Пуцін адказаў: «Лукашэнка мяне не паважае. Ён абяцаў, што будзе падпісаны кантракт».

— Як вы думаеце, яны сябры?

— Не. Яны вымушаныя партнэры і павінны гэта дэманстраваць. Лукашэнка разумее, што гэта пытаньне выжываньня ягонага рэжыму. Пуцін яму патрэбны, Пуціну патрэбны Лукашэнка. У іх узаемная вымушаная любоў.

— Вы расказвалі, што ў вас з Уладзімірам Пуціным «былі розныя ўяўленьні аб Украіне і Беларусі». Як расейскі прэзыдэнт успрымаў Беларусь?

— Гэтак жа, як і Ўкраіну — недадзяржава, якая павінна быць малодшым партнэрам, ня трэба весьці перамовы на роўных. Ён і цяпер гэтак жа ставіцца. Пуцін лічыць, што Беларусь мусіць быць часткай Расеі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG