Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што наступнымі цэлямі для ўдараў балістычнымі ракетамі «Арэшнік» будуць «цэнтры ўхваленьня рашэньняў у Кіеве».
Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, на саміце АДКБ у Астане (Казахстан) Уладзімір Пуцін паведаміў, што Генэральны штаб Узброеных сіл і Міністэрства абароны Расеі ўжо вызначаюць адпаведныя цэлі.
Уладзімір Пуцін таксама адзначыў, што Расея працягне баявыя выпрабаваньні ракет у адказ на дзеяньні Ўкраіны, у прыватнасьці на ўдары далёкабойнымі ракетамі па Бранскай і Курскай абласьцях Расеі.
Прэзыдэнт Расеі сказаў, што новая ракета можа руйнаваць «высокаабароненыя і разьмешчаныя на вялікай глыбіні аб’екты». Паводле яго, сэрыйная вытворчасьць ракет «Арэшнік» ужо пачалася, а ўсяго ў Расеі вырабляюць у дзесяць разоў больш ракет, чым у краінах NATO.
Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў гэтую заяву Пуціна расейскаму тэлеканалу і ня выключыў магчымае разьмяшчэньне ракет «Арэшнік» у Беларусі. Паводле яго, выкарыстаньне Расеяй гэтай зброі ўжо ахаладзіла розумы на Захадзе.
«Нууу... Зброя добрая. Няядзерная, але па сваёй магутнасьці супастаўная зь ядзернай, але без пранікальнай радыяцыі, заражэньня мясцовасьці і аб’ектаў. Таму такое моцнае ўзьдзеяньне на так званую ўсяьсьветную супольнасьць і асабліва на тых, хто думаў, што ўсё абыдзецца. Не абыдзецца», — сказаў Лукашэнка.
Ён пагадзіўся з заўвагай расейскага карэспандэнта аб тым, што ракета «Арэшнік» гарантуе і бясьпеку саюзнай дзяржаве. «Натуральна. Я тут старэйшаму брату пажартаваў: ну, месцы гатовыя дысьлякацыі, калі? Падумаем», — заявіў Лукашэнка.
21 лістапада ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што раніцай Расея з Астраханскай вобласьці запусьціла на ўкраінскі горад Дніпро міжкантынэнтальную балістычную ракету. Адбылося гэта празь некалькі дзён пасьля паведамленьняў аб тым, што Ўкраіна выкарыстала пастаўленыя Вялікай Брытаніяй ракеты Storm Shadow і вырабленыя ў ЗША сыстэмы ATACMS для нанясеньня ўдараў па вайсковых аб’ектах у глыбіні Расеі пасьля доўгачаканага дазволу прэзыдэнта Джо Байдэна.
Увечары 21 лістапада Ўладзімір Пуцін выступіў зь неанансаваным зваротам да грамадзян, у якім, сярод іншага, заявіў, што Расея нанесла ўдар па Ўкраіне балістычнай ракетай, і назваў гэта адказам на дазвол Захаду Ўкраіне атакаваць цэлі на тэрыторыі Расеі дальнабойнай зброяй.
22 лістапада Пуцін заявіў, што новая расейская ракета сярэдняй далёкасьці, здольная несьці ядзерную зброю, будзе працягваць праходзіць выпрабаваньні, уключаючы баявыя ўмовы, як гэта адбылося падчас удару па Ўкраіне.
Форум