Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвяточная інфляцыя. На колькі за год у Беларусі падаражэлі калядныя ялінкі і як выбраць самы экалягічны варыянт


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Глядзім, якія калядныя дрэвы ўжо можна купіць у Беларусі і якія зь іх раяць выбіраць эколягі.

Сьвяточныя елачныя кірмашы ў Беларусі абяцаюць адкрыць зь сярэдзіны сьнежня. Усяго ў краіне будзе каля 590 такіх кірмашоў. Аднак калядныя дрэвы можна купіць ужо зараз: сьсечаныя і жывыя ў кадцы, якія можна потым высадзіць, а таксама штучныя. Расказваем, колькі яны каштуюць, як падаражэлі за год і што раяць выбіраць эколягі.

Жывыя ялінкі

У Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю паабяцалі наступныя цэны на сьвяточныя ялінкі на кірмашах:

  • Вышынёй да 50 сантымэтраў — 5 рублёў
  • Да 1 мэтра — 13 рублёў
  • Да 2 мэтраў — 16 рублёў
  • Да 3 мэтраў — 23 рублі

У параўнаньні зь леташнімі цэнамі елкі на такіх кірмашах падаражэюць у сярэднім на 70-90 капеек.

Ёсьць і больш экзатычныя варыянты. Напрыклад, зрэзаныя піхты Нордмана каштуюць ад 162 рублёў за вышыню ў 1-1,2 мэтра. Летась такі варыянт абыходзіўся прыкладна ў 130 рублёў (падаражэньне амаль на 20%). Высокую піхту прадаюць за 757 рублёў.

Ялінкі ў кадцы

Яшчэ адзін варыянт — жывая елка ў кадцы. Такое дрэва будзе расьці падчас сьвятаў, а пасьля яго можна высадзіць. У сярэднім зялёная елачка вышынёй 1 мэтра будзе каштаваць ад 120 рублёў. Летась такія дрэўцы каштавалі прыкладна столькі ж. Блакітныя елкі даражэйшыя — ад 240 рублёў.

Штучныя ялінкі

Яшчэ адзін варыянт — паставіць дома штучную ялінку. Яе плюсы: праслужыць больш за адзін год, амаль не пакідае сьмецьця. Мінусы: няма паху дрэва, праблема з утылізацыяй. Цэны на такія ялінкі сёлета пачынаюцца ад 55 рублёў (за маленькую, даўжынёй да 60 сантымэтраў).

Летась такія елачкі каштавалі ад 35 рублёў, то бок падаражэлі на 20. Сярэдняя ж цана на штучныя ялінкі большага памеру — каля 360-380 рублёў. Такі выраб будзе больш падобным на натуральнае дрэва і мець вышыню каля 150 сантымэтраў. Летась такі варыянт каштаваў каля 330-350 рублёў.

Штучная ялінка, вышэйшая за 2 мэтры, можа каштаваць і больш за 1000 рублёў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Якія парады даюць эколягі

Знайсьці экалягічны спосаб упрыгожыць свой дом да сьвятаў можна ў розных варыянтах: як з жывой, так і са штучнай ялінкай. Самы добры варыянт для прыроды — гэта ўпрыгожыць дрэва, якое ўжо расьце ў двары, раіць эспэрт «Зялёнай сеткі», дасьледчык Аляксей Аўчыньнікаў. Аднак, для многіх гараджанаў такі спосаб не падыходзіць.

Жывую ялінку лепш купляць у мясцовых лясгасах, каб мінімалізаваць выкіды шкодных рэчываў у паветра пры транспартаваньні і захаваць энэргакрыніцы, кажа экспэрт.

«Аддавайце перавагу жывым дрэўцам, выгадаваным на ўстойлівых плянтацыях, дзе не выкарыстоўваюць пэстыцыды і ўгнаеньні. Гэта важна для мінімізацыі шкоды глебе і навакольнаму асяродзьдзю. У гарадах пасьля сьвятаў ставяць спэцыяльныя кантэйнэры для збору елак. Даведайцеся, ці ёсьць у вашым раёне такія. Дрэвы тады ня проста адправяцца на сьметнік, а іх перапрацуюць», — зазначае Аляксей Аўчыньнікаў.

Купіць жывую ялінку з каранямі, у кадцы — таксама экалягічны варыянт. Аднак трэба акуратна паставіцца да высаджваньня такога дрэва. Зрабіць гэта лепш адразу пасьля сьвятаў, раіць экспэрт.

«Ідэальны час для высаджваньня дрэва — як мага хутчэй пасьля сьвятаў, калі яно ўжо пачало скідаць ігліцу. Старайцеся высадзіць дрэва да сярэдзіны лютага, пакуль елка ўсё яшчэ ў стане зімовага спакою. Падыдзе абароненае ад ветру і прамых сонечных прамянёў месца з добра дрэнаванай глебай», — раіць Аляксей Аўчыньнікаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Перашкодай могуць стаць моцныя маразы, бо ў такім выпадку пасадкі маладых дрэваў могуць загінуць. Таксама ялінку ў кадцы можна арандаваць, падобныя сэрвісы існуюць у Беларусі.

Штучная ялінка лічыцца неэкалягічным варыянтам, бо іх робяць з плястыку, які вымагае вялікай колькасьці энэргіі і прыродных рэсурсаў пры вытворчасьці. А яшчэ такія вырабы амаль не раскладаюцца і могуць зьмяшчаць шкодныя рэчывы. Аднак і тут можна знайсьці больш экалягічны шлях — купіць ялінку, зробленую з другасных, перапрацаваных матэрыялаў. Зразумець гэта можна па наступных прыкметах:

  • Сымбаль «пятля Мёбіюса» — гэта клясычны знак перапрацоўкі, які паказвае, што матэрыялы могуць быць скарыстаныя паўторна.
  • Надпіс Recycled, «зроблена з другаснай сыравіны» ці «зьмяшчае перапрацаваныя матэрыялы». І ўказаньне працэнтнай колькасьці перапрацаваных кампанэнтаў (чым вышэйшая яна, тым лепш).
  • Маркіроўкі экалягічных сэртыфікатаў, напрыклад FSC (Лясная апякунская рада) або «Зялёны знак», сьведчаць аб адпаведнасьці стандартам устойлівай лясной гаспадаркі.

Адзін з новых падыходаў да штучных дрэўцаў — крафтавыя ялінкі, якія робяць з старой мэблі, драўніны ці іншых старых матэрыялаў, даючы ім новае жыцьцё. Такую ялінку можна зрабіць і самому дома, напрыклад са старых фотакартак ці іншых вінтажных рэчаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG