Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыфір замест шампанскага. Беларускія палітвязьні расказваюць, як за кратамі адзначаюць Новы год


Менск перад Калядамі 2021 году
Менск перад Калядамі 2021 году

На Новы год палітзьняволеныя за кратамі гатуюць торты, селядзец пад шубай і аліўе. Замест шампанскага п’юць чыфір, энэргетычны «Burn» і газаваныя напоі. У праграме бывае віншаваньне Сьвятланы Ціханоўскай і фаервэрк у 23:34.

Ліст да сябе ў будучыню

Журналіст Аляксандар Івулін атрымаў два гады калёніі за пратэсты. Сядзеў у СІЗА на «Валадарцы» і ў калёніі «Ваўчыныя норы» ў Берасьцейскай вобласьці.

«На „Валадарцы“ усе ў камэры жывуць разам. У каго што было, той тое на навагодні стол і паклаў. Мандарыны памятаю вельмі добра, цукерачкі, шакаляд. Усе павіншавалі адзін аднаго з Новым годам, і была агульная вячэра», — расказвае Аляксандар.

Аляксандар Івулін
Аляксандар Івулін

Камусьці з сукамэрнікаў прыйшла паштоўка ў выглядзе ялінкі.

«Гэта было вельмі прыемна і ўтульна. У такіх месцах кожны зычыць другому хутчэй вярнуцца дадому», — успамінае суразмоўца.

Па словах Івуліна, усе мусілі легчы спаць а 22-й гадзіне, нягледзячы на сьвята.

«Нельга было нічога глядзець (па тэлевізары. — РС). Але ніхто ня спаў, былі жарцікі, размовы. У 23:34 нехта запусьціў салюты (звонку. — РС). Гэта было вельмі прыемнае адчуваньне, што пра цябе не забыліся», — прызнаецца суразмоўца.

Ён пісаў у навагодні пэрыяд лісты ў будучыню самому сабе, каб зафіксаваць момант і падвесьці высновы году.

«Вельмі цікава будзе днямі пачытаць, што я сабе пісаў», — кажа палітвязень.

У калёніі, паводле суразмоўцы, іншы настрой. Там шмат чалавек сядзяць ужо даволі доўга. Яны скептычна ставяцца да сьвятаў. Маўляў, які можа быць Новы год у зьняволеньні. Адзначалі ў невялікіх кампаніях.

Івулін рыхтаваў навагодні стол у «Ваўчыных норах» зь яшчэ двума арыштантамі, зь якімі быў у добрых адносінах. Галоўнай стравай быў торт. Яго рабілі з каржоў «Рыжык». Для начынкі трэба было ўзьбіць 10 тварожных глазураваных сыркоў разам са згушчанкай. Верх торта ўпрыгожвалі ананасамі, унутр дадавалі цукаты, арэхі.

«Самае цяжкае ва ўсіх прыгатаваньнях — гэта ўзьбіць тварожную масу са згушчанкі і сыркоў. Гэта ўсё лыжкамі. Ты ўзьбіваеш вельмі доўга. Рука ўжо стамілася, ты сам ужо стаміўся, але табе трэба ўзьбіць... Атрымалася вельмі смачна», — расказвае Івулін.

Таксама можна было зрабіць торт са слоеных каржоў а-ля «Напалеон». Якія салаты гатавалі, Аляксандар не памятае.

Адбой у калёніі звычайна а 22-й гадзіне. Але 31 сьнежня можна было сьвяткаваць да другой гадзіны ночы. Пад’ём 1 студзеня ў якасьці падарунку не а 6-й гадзіне, а ў 8:00.

«Увесь час ходзяць начальнікі, „атраднікі“, каб не было алькаголю, брагі. Раней, зэкі расказвалі, брагу можна было паставіць, цяпер бяз шанцаў гэта зрабіць. Шампанскае замянілі звычайнай гарбатай, кавай», — расказвае журналіст.

Навагодняе віншаваньне Лукашэнкі ў калёніі ня слухалі. Па тэлевізары зьняволеныя ўключылі музыкальныя кліпы. Падарункі Івулін за кратамі не дарыў і не атрымліваў іх ад іншых зьняволеных. Але захаваў сваю традыцыю яшчэ з волі пісаць віншавальныя навагоднія лісты блізкім сябрам і сяброўкам. Лісты яму ў СІЗА і ў калёнію ўжо не даходзілі, іх абмяжоўвала адміністрацыя.

Адміністрацыя калёніі таксама своеасабліва павіншавала вязьняў падчас вечаровай праверкі.

«Яны сьмешна казалі: „Мы зычым усім вам хутчэй вярнуцца дадому“. Ты стаіш і разумееш: зычыць вы зычыце, але ўсё робіцца наадварот. Палітзьняволеных наагул там не павінна было аказацца. Намесьнік па рэжыме казаў: „Зычым, каб у вас хапала эмоцый і сіл выконваць усе правілы ўнутранага распарадку“. Такі гумарок», — аналізуе суразмоўца.

На тэрыторыі калёніі па дарозе на прамзону ўпрыгожылі ялінку з гірляндамі і шарыкамі.

«Даволі міла. Зьяўляецца ад гэтага які-ніякі навагодні настрой... У мяне ў гэтым годзе было адчуваньне, што 2023-і будзе для мяне вельмі клясным годам. Лёгка гэта казаць, калі ты прыкідваеш, што, хутчэй за ўсё, апынесься на свабодзе, дома. Гэты год сапраўды стаў для мяне вельмі цікавым і адаптыўным», — падсумоўвае Івулін.

Селядзец пад шубай і віншаваньне Ціханоўскай

Палітвязьня Віктара Пархімчыка асудзілі за пратэсты на два гады «хіміі». Ён сядзеў у СІЗА, на «хіміі» і ў калёніі. У жодзінскім СІЗА на сьвяточным стале ў іх былі тарты, традыцыйная навагодняя салата і рытуальны напой.

«Мы купілі каржы на атаварцы і згушчанае малако. У кагосьці былі арэшкі, сухафрукты. Зь іх рабілі тарты», — расказвае Віктар.

Віктар Пархімчык
Віктар Пархімчык

У турэмных умовах мужчыны здолелі прыгатаваць селядзец пад шубай на аркушах паперы, бо «шлёмкі» (турэмныя міскі. — РС) забіралі пасьля вячэры.

«На вячэру прынесьлі надзёртыя буракі. У кагосьці, здаецца ў мяне, знайшоўся селядзец „Матыяс“. Маянэз таксама можна было купіць на атаварцы. І мы зрабілі селядца пад шубай», — расказвае палітвязень.

Яшчэ адзін складнік навагодняга стала — чыфір, гэта вельмі моцная чорная гарбата.

«Гэта рытуальны напой. Калі сьвяты, у кагосьці дзень нараджэньня, хтосьці прыяжджае або кагосьці праводзім. Мы запарвалі чыфір, усе станавіліся вакол стала і кубак пускалі па коле. Разам з цукерачкай-смактулькай. Яго рэдка п’юць, бо ў ім конская доза кафэіну. Ад яго мне аднойчы пачало зводзіць страўнік, магла галава пачаць балець», — тлумачыць Віктар.

У жодзінскім СІЗА адбой 31 сьнежня быў, як і ў іншыя дні, строга а 22:00.

«Трэба было легчы. Мы чулі, як на вуліцы пачалі запускаць фаервэркі ў 23:34. У нас быў гадзіньнік. Гэта была вельмі вялікая падтрымка для нас. Нехта гэта зрабіў, грамыхала пад вокнамі», — успамінае суразмоўца.

На «хіміі» ў Берасьцейскай вобласьці зьняволеным дазволілі даўжэй пасьвяткаваць, да поўначы. Адзначалі ў невялікіх кампаніях чалавек па 15. Палітвязьні не асабліва сябравалі з «бытавымі крымінальнікамі», зьбіраліся ў асобныя групы.

«Мы абхітрылі „мянтоў“. На „хіміі“ ёсьць тэлефоны. Мы ўключылі навагодняе віншаваньне Ціханоўскай праз youtube-раздачу на тэлевізар і глядзелі ўсёй „хіміяй“. „Мянты“ ня бачылі, яны сядзелі ў сябе ў „дзяжурцы“. У нас адзін на шухеры стаяў, а мы глядзелі», — дзеліцца ён.

Фаервэркі ўжо ніхто не запускаў, бо «хімія» месьцілася ў глухой вёсцы ў Белавескай пушчы. Але была магчымасьць прыгатаваць больш сьвяточных страваў, працягвае Віктар, бо ў мясцовай аўтакраме можна набыць больш прадуктаў, чым на атаварцы ў СІЗА.

«Там было ўсё стандартнае, тое, што беларускі чалавек любіць есьці на Новы год: мандарынкі, аліўе, салат з крабавых палачак», — расказвае мужчына.

Алькаголь на «хіміі» забаронены. Шампанскае замянялі сокамі і газаванымі напоямі.

Энэргетык і рознакаляровыя спэцыі

Палітвязьня Ігара* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) асудзілі за пратэсты 2020 году. Найлепшыя сьвяткаваньні за кратамі ён запомніў зь СІЗА горадзенскай турмы.

«Тую кулінарыю, якая ёсьць у турме, нідзе больш ня робяць... У пляне гатаваньня хлопцы або прыносілі сваё ўменьне з волі, або ў самой турме навучыліся гэта рабіць. Ты не ўяўляеш, на што здольны чалавек, які толькі што зразумеў, што ў яго няма выхаду. Такая фантазія прачынаецца!» — перакананы ён.

Адзін з самых смачных тартоў у жыцьці Ігар еў у горадзенскім сьледчым ізалятары. Арыштант, які сядзеў ужо доўгі час, гатаваў тарты два дні.

«Калі трапляецца бывалы зэк, то шыкоўныя тарты, шыкоўны настрой. Зэк ведае, што каржы знаходзяцца ў той частцы турмы, у тых ёсьць цукеркі, у тых ёсьць шакаляд. Ён піша ў тую хату: „Прышлі мне шакаляд“, у тую хату: „Прышлі мне сьвечкі“. Ён націрае гэты шакаляд, каржы згушчанкай. Усё гэта халадзіцца, потым яшчэ нешта наразаецца, робіцца. Гэта было шыкоўна», — успамінае Ігар.

Усе прадукты перадавалі паміж камэрамі праз туалетныя трубы, «канём» (адмысловы спосаб перадачы невялікіх «пасылак» па турэмных сантэхнічных камунікацыях. — РС), пры гэтым іх добра ўпакоўвалі. Потым кавалкамі гатовага торту дзяліліся толькі з суседнімі камэрамі.

«Празь некалькі транзытаў у яго ўжо выгляд такі сабе. Яно, канешне, добра ўпакоўваецца. Але кудысьці далей, адкуль атрымлівалі прадукты, мы ўжо не адпраўлялі», — тлумачыць ён.

Да таго ж у зьняволеных быў энэргетычны напой, які гатаваў той жа арыштант зь вялікім тэрмінам.

«Бывалы зэк браў „Колу“, браў запараную каву. Неяк гэта замарожваў каля вакна, потым нешта зь ім хімічыў, магчыма, сьнег даставаў. Былі прыкольныя напоі», — успамінае былы вязень.

Смаку і сьвяточным, і штодзённым стравам дадавалі спэцыі. У камэры Ігара сядзеў шэф-кухар менскай сушы-рэстарацыі. У яго быў цэлы заплечнік зь вялізнай колькасьцю спэцый.

«Гэтыя прыправы былі ўсіх колераў вясёлкі, некаторыя самаробныя. Яму прыходзіў апэльсін, лупіны высыхалі на батарэі, ён іх націраў. Ён шчыраваў зь ежай. Мы ранкам елі кашы, якія нам прыносілі. Яму хапала 10 хвілін, каб узяць кашу ў асобную міску, прыправіць спэцыямі, упрыгожыць. Тое, што мы бачым у дарагіх рэстарацыях у Менску, як падаюцца стравы, хлопец рабіў у турме», — упамінае Ігар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG