Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговая краіна ў Эўропе дазволіла эўтаназію


Дэманстрацыя ў Лондане ў падтрымку легалізацыі эўтаназіі, 29 лістапада 2024 году
Дэманстрацыя ў Лондане ў падтрымку легалізацыі эўтаназіі, 29 лістапада 2024 году

Брытанскі парлямэнт ухваліў закон, які дазваляе эўтаназію.

Парлямэнт Вялікай Брытаніі прагаласаваў за прыняцьце закону аб «асыставаным паміраньні», гэта значыць аб дазволе эўтаназіі для невылечна хворых людзей на іх жаданьне. За новы закон прагаласавалі 330 дэпутатаў, супраць — 275.

Гэта не азначае неадкладнага прыняцьця закону. Яшчэ як мінімум некалькі месяцаў парлямэнцкія камісіі будуць яго вывучаць і дапрацоўваць. Наступным разам закон прадставяць на разгляд парлямэнту не раней за красавік 2025 году, лічыць The Guardian. Затым ён павінен атрымаць ухвалу Палаты лордаў. Пасьля таго як закон будзе канчаткова прыняты, ён таксама можа набыць моц не адразу: пэрыяд імплемэнтацыі можа доўжыцца да двух гадоў.

Ініцыятарка законапраекту, дэпутатка ад партыі лэйбарыстаў Кім Ледбітэр падзякавала дэпутатам за падтрымку.

«Мы гаворым не пра выбар паміж жыцьцём і сьмерцю, а пра выбар, як менавіта памерці», — падкрэсьліла яна.

Галасаваньню ў парлямэнце папярэднічалі напружаныя дэбаты, якія доўжыліся больш за пяць гадзін. Праціўнікі законапраекту выказвалі асьцярогі, што невылечна хворыя людзі будуць прасіць аб эўтаназіі не на ўласнае жаданьне, а каб ня быць цяжарам для сваякоў або каб тыя ня мусілі траціцца на догляд за хворым. Яны прапаноўвалі не легалізаваць эўтаназію, а разьвіваць паліятыўную дапамогу, каб палягчаць пакуты тых, хто памірае.

Праект закону мае надзяліць правам на дапамогу ў сыходзе з жыцьця грамадзян, старэйшых за 18 гадоў, якія цярпяць на невылечныя захворваньні і пакутуюць.

Лекар павінен пацьвердзіць, што пацыент невылечны і чаканая працягласьць яго жыцьця — ня больш за паўгода. Просьбу хворага аб эўтаназіі павінны ўхваліць і запэўніць два лекары і судзьдзя. Пацыент павінен быць у стане самастойна прыняць сьмяротны сродак у выглядзе раствору ці сыропу.

У сілу асаблівасьцяў брытанскага дзяржаўнага ладу закон, калі ўступіць у сілу, будзе дзейнічаць толькі ў Англіі і Ўэйлзе.

  • Эўтаназія — дапамога ў сыходзе з жыцьця невылечна хвораму чалавеку па яго просьбе — легальная ў Аўстрыі, Бэльгіі, Канадзе, Люксэмбургу, Нідэрляндах, Новай Зэляндыі, Гішпаніі і Швайцарыі, а таксама ў некаторых штатах ЗША і Аўстраліі. У Нямеччыне, Італіі і Калюмбіі яна дазволеная канстытуцыйнымі судамі, але яе парадак не рэглямэнтаваны законам. У некаторых з гэтых краін дазволена толькі «асыставанае самагубства», калі пацыенту даюць сьмяротны сродак, але прыняць яго ён павінен сам, калі палічыць патрэбным. У іншых легалізавалі і актыўную эўтаназію, калі сьмяротную іньекцыю пацыенту робіць лекар.
  • У Швайцарыі, дзе эўтаназія дазволеная ня толькі для грамадзян, але і для нерэзыдэнтаў краіны, разьвіты так званы «сьмяротны турызм», калі невылечна хворыя людзі прыяжджаюць у краіну, каб ажыцьцявіць гэтую працэдуру. Такой паслугай скарысталіся ўжо больш за 500 брытанцаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG