У Расеі заклапочаныя тым, як у беларускіх падручніках і культурна-гістарычных праграмах трактуецца «старая гісторыя», бо гэтая трактоўка «радыкальна разыходзіцца з прынятай у Расеі» і фармуе ідэнтычнасьць беларусаў «на па сутнасьці антырасейскіх прынцыпах», гаворыцца ў аналітычнай запісцы, падрыхтаванай сёлета Расейскім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў.
Копіі аналітычнага агляду і аналітычных запісак за 2022–2024 гады па гістарычнай палітыцы Беларусі, падрыхтаваныя Расейскім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў (РІСД), апынуліся ў распараджэньні журналістаў дасьледчага мэдыя «Бюро».
Аўтары запіскі крытыкуюць навукоўцаў з Акадэміі навук Беларусі за нацыяналістычны падыход пры тлумачэньні гісторыі беларускай дзяржаўнасьці, паводле якога «беларуская нацыя сфармавалася ў адзінстве з палякамі і барацьбе з Расеяй». У процівагу такому падыходу адзначаецца важнасьць працы зь беларускімі гісторыкамі, якія зьяўляюцца «прадаўжальнікамі ідэяў заходнерусізму і вядомыя сваёй прарасейскай арыентацыяй».
У запісцы адзначаецца, што імпульсам для перагляду дзяржаўнай палітыкі ў шэрагу сфэр (у тым ліку гістарычнай палітыкі) сталі «справакаваныя звонку масавыя беспарадкі пасьля абвяшчэньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году». Між тым да 2020 году, як сьцьвярджаецца, у Беларусі назіралася «супрацьстаяньне дзьвюх вэрсіяў беларускай гісторыі пры паступовым зацьвярджэньні менавіта нацыяналістычнага яе варыянта».
У дакумэнтах згадваецца, што з ініцыятывы Лукашэнкі 17 верасьня ў Беларусі цяпер адзначаецца «дзень народнага адзінства», закліканы «замацаваць у сьвядомасьці беларусаў нэгатыўны погляд на пэрыяды знаходжаньня беларускіх земляў у складзе польскіх дзяржаў».
Аўтары аналітычных дакумэнтаў, падрыхтаваных РІСД, адзначаюць, што Расея зацікаўленая ў зацьвярджэньні заяўленых Лукашэнкам гістарычных трактовак, якія «прадугледжваюць адмену антырасейскай і радыкальна прапольскай вэрсіі гісторыі». Разам з тым яны таксама настойваюць на ўключэньні ў іх ідэяў «расейскай гістарычнай палітыкі» на аснове сфармуляваных Уладзімірам Пуціным паняцьцяў «рускага сьвету», «краіны-цывілізацыі» і «адзінага народу».
«У інтарэсах Расеі фармаваньне гістарычнай самасьвядомасьці беларусаў як прадстаўнікоў адной з рускімі цывілізацыі, а не як тых, хто жыве «паміж Усходам і Захадам», — падкрэсьліваецца ў дакумэнце.
У ім адзначаецца, што збліжэньнем «прынцыпаў гістарычнай палітыкі» павінны займацца структуры «саюзнай дзяржавы», і падкрэсьліваецца неабходнасьць абмеркаваньня «ў двухбаковым фармаце» зьместу падручнікаў для школаў і ВНУ, канцэпцыі музэйных экспазыцыяў, плянаў па рэстаўрацыі гістарычных помнікаў і г.д. Таксама прапануецца стварэньне «для беларускай аўдыторыі тэлепраграмаў і мастацкіх фільмаў па гістарычных сюжэтах».
Расейскі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў — аналітычны цэнтар пры адміністрацыі Пуціна, які дапамагае фэдэральным органам фармаваць дзяржаўную палітыку ў сфэры нацыянальнай бясьпекі. Яго ўзначальвае былы расейскі прэм’ер і кіраўнік Службы зьнешняй выведкі Міхаіл Фрадкоў.
- Пасьля 2020 году ў гістарычнай палітыцы Беларусі адбыўся радыкальны пералом. Так, 2022 год быў абвешчаны ў Беларусі годам гістарычнай памяці. Лукашэнка стварыў пры сваёй адміністрацыі Рэспубліканскую раду па гістарычнай палітыцы. У ВНУ зьявілася новая дысцыпліна «Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці». Масавае зьнішчэньне беларусаў нацыстамі і іх памагатымі падчас Другой сусьветнай вайны афіцыйна прызналі «генацыдам беларускага народу», Генпракуратура пачала расьсьледаваньне адпаведнай крымінальнай справы. Новыя тэндэнцыі ў гістарычнай палітыцы заўважныя і ў адносінах да Рэчы Паспалітай: Лукашэнка назваў гэты пэрыяд беларускай гісторыі «акупацыяй беларускай зямлі палякамі» і «этнацыдам беларусаў».
- 1 лютага на пасяджэньні праграмнай камісіі «Адзінай Расеі» амбасадар Расеі ў Менску Барыс Грызлоў заявіў, што Расея і Беларусь дамовіліся аб стварэньні адзіных падручнікаў па гісторыі для школ і ВНУ.
- 25 студзеня ў Менску падпісалі мэмарандум аб узаемаразуменьні паміж Міжведамаснай камісіяй па гістарычнай асьвеце пры прэзыдэнце Расеі і Рэспубліканскай радай па гістарычнай палітыцы пры адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. У адпаведнасьці зь ім «ствараецца сумесная расейска-беларуская камісія па гісторыі, закліканая садзейнічаць каардынацыі двухбаковых намаганьняў, зьвязаных з абаронай гістарычнай праўды, захаваньнем памяці аб нашай агульнай гісторыі».
Форум