20 лістапада стала вядома пра экстрадыцыю з Віетнама і затрыманьне былога беларускага вайскоўца і экс-дабраахвотніка Палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка. Праз тое, што Літва прызнала яго пагрозай нацыянальнай бясьпецы, ён апынуўся ў Віетнаме, дзе яго затрымалі 13 лістапада і на наступны дзень выдалі Беларусі па запыце спэцслужбаў.
Акрамя гэтага стала вядома, што 18 лістапада чарговым указам Лукашэнкі пазбавілі воінскіх і спэцыяльных званьняў яшчэ 21 чалавек.
Як паведамляе «Вясна», па стане на 22 лістапада 2024 года агулам з 2020 года пад крымінальны перасьлед трапілі ня менш за 42 экс-вайскоўца, 26 з якіх былі пазбаўленыя волі. Паводле «Вясны», цяпер у месцах зьняволеньня знаходзяцца ня менш за 20 былых вайскоўцаў: 18 зь іх асуджаныя да пазбаўленьня волі, яшчэ двое пад вартай да прысуду. Частка справаў разглядалася ў закрытым рэжыме, таму сутнасьць абвінавачваньняў супраць некаторых палітзьняволеных экс-вайскоўцаў невядомая.
Некаторых зь іх асудзілі за камэнтары ў інтэрнэце, данаты, за перадачу сакрэтных дакументаў ці дапамогу ўкраінскім вайскоўцам пасля пачатку паўнаштабнага ўварваньня Расеі.
Форум