Адам Галаціньскі раней працаваў амбасадарам у Швэцыі і прадстаўніком Польшчы ў АБСЭ. Пра сваё новае прызначэньне ён паведаміў сацсетках:
«Ганаруся прызначэньнем Упаўнаважаным міністра замежных спраў Поьшчы ў супрацоўніцтве зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Павага і ўдзячнасьць майму папярэдніку Артуру Міхальскаму», — напісаў Адам Галацінскі ў сацсетцы Х.
Артур Міхальскі нядаўна атрымаў новае дыпляматычнае прызначэньне ў Ірляндыю ў якасьці ўпаўнаважанага ў справах Польшчы.
Адам Галаціньскі ўжо прыняў удзел у сустрэчы Групы сяброў дэмакратычнай Беларусі ў рамках Форуму грамадзянскай супольнасьці краін «Усходняга партнэрства» Эўразьвязу ў Вене.
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка вітаў новае прызначэньне Адама Галаціньскага:
«Упэўнены, што наша плённае супрацоўніцтва, якое пачалося яшчэ падчас вашай дзейнасьці на пасадзе Пастаяннага прадстаўніка Польшчы ў АБСЭ, будзе працягвацца.
Гэта важнае рашэньне МЗС Польшчы, якое дэманструе пераемнасьць дзейнасьці, распачатай паслом, спэцпрадстаўніком МЗС Польшчы ў супрацоўніцтве зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі Артурам Міхальскім, і сталую падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі нашымі польскімі партнэрамі».
На думку Латушкі, прызначэньне новага Ўпаўнаважанага прадстаўніка міністра замежных спраў Польшчы ў супрацоўніцтве зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі азначае нязьменную падтрымку Польшчай памкненьняў беларускага грамадзтва да дэмакратычных зьменаў у Беларусі.
Форум