Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі за «здраду дзяржаве» асудзілі 88 чалавек, — праваабаронцы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Па стане на 6 лістапада 2024 году за «здраду дзяржаве» (арт. 356 Крымінальнага кодэксу) ў Беларусі асудзілі сама меней 88 чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Гэтая лічба імкліва расьце, бо 9 месяцаў таму яна была амаль удвая меншая, адзначаюць праваабаронцы.

Паводле часткі 1 артыкула 356 Крымінальнага кодэксу могуць прызначыць пакараньне ад сямі да 15 гадоў калёніі, а згодна з часткай другой гэтага артыкула — ажно да сьмяротнага пакараньня. У Беларусі па гэтым артыкуле асудзілі сама меней 88 чалавек, зь іх 13 жанчын — на тэрміны да 25 гадоў калёніі.

Вялікія тэрміны паводле арт. 356 КК у Беларусі прысуджалі незалежным журналістам, вайскоўцам, фігурантам справы «Рабочага руху», сьвятару, музыку, студэнту, мэдыямэнэджару, палітыкам, бізнэсоўцу, айцішніку, культурніцкаму мэнэджару, аналітыку, былым сілавікам і інш., адзначаюць праваабаронцы.

10 чалавек асудзілі паводле артыкула «здрада дзяржаве» завочна: гэта дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская і яе дарадца Франак Вячорка, «рэйкавыя партызаны», былыя сілавікі Станіслаў Лупаносаў і Юры Махнач, фігуранты «справы дывэрсіі ў Мачулішчах» і ByPol і іншыя.

Як адзначаюць праваабаронцы, суды разглядаюць справы аб «здрадзе дзяржаве» ў закрытых рэжымах, таму абставіны перасьледу часам можна дазнацца толькі зь дзяржаўных і прапагандысцкіх мэдыя і прэс-службаў ведамстваў.

На рэкордныя 25 гадоў зьняволеньня за «здраду дзяржаве» ў Беларусі асудзілі чатырох чалавек: сярод іх кіраўнік ByPol Аляксандар Азараў, фігурант «справы дывэрсіі ў Мачулішчах» Віталь Якуцік, прадпрымальнік і актывіст Мікалай Аўтуховіч і «рэйкавы партызан» Дзяніс Дзікун.

Беларускі прадпрымальнік і грамадзкі актывіст Мікалай Аўтуховіч быў адным зь першых асуджаных за «здраду дзяржаве» ў Беларусі. Яго затрымалі ў сьнежні 2020 году. Улады абвясьцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі ў Горадзенскай вобласьці. Мікалая Аўтуховіча асудзілі на 25 гадоў калёніі строгага рэжыму паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG