Губэрнатар Севастопаля Міхаіл Разважаеў паведаміў, што раніцай у выніку падрыву аўтамабіля загінуў расейскі вайсковец.
«Загінулы — вайсковец. Прычыны выбуху вызначаць сьледчыя органы, але відавочна, што нельга выключаць магчымасьць дывэрсіі», — паведаміў Міхаіл Разважаеў у сваім Telegram-канале.
Паводле яго, аўтамабіль выбухнуў і загарэўся. Кіроўцу змаглі «апэратыўна эвакуаваць» і перадаць лекарам, але выратаваць яго не ўдалося.
Шэраг расейскіх і ўкраінскіх Telegram-каналаў паведамілі, што загінулы — начальнік 41-й брыгады ракетных караблёў і катэраў Чарнаморскага флёту Расеі, капітан першага рангу (адпавядае званьнью палкоўніка. — РС), выпускнік Санкт-Пецярбурскай вайскова-марской акадэміі Валерый Транкоўскі.
Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу паводле фактаў тэрарыстычнага акту супраць вайскоўца і незаконнага абарачэньня выбуховых рэчваў.
Папярэдне высьветлілі, што аўтамабіль вайскоўца падарваўся ад спрацаваньня самаробнай выбуховай прылады, прымацаванай да ніжняй часткі транспартнага сродку.
Сьледчыя прызначылі неабходныя экспэртызы і высьвятляюць усе абставіны здарэньня і датычных да яго асобаў.
Пазьней Украінская служба Радыё Свабода з спасылкай на крыніцу ў спэцслужбах паведаміла, што падрыў аўтамабіля быў спэцыяльнай апэрацыяй Службы бясьпекі Ўкраіны.
«Транкоўскі — ваенны злачынец, які аддаў загад на пуск крылатых ракет з акваторыі Чорнага мора па цывільных аб’ектах Украіны. У прыватнасьці, ён абстраляў Віньніцу „Калібрамі“ ў ліпені 2022 году. Тады загінулі 29 мірных жыхароў. Таксама [...] неаднаразова абстрэльваў Адэсу і іншыя мірныя гарады, у выніку чаго загінула шмат цывільных. Ён быў абсалютна законнай мішэньню з пункту гледжаньня законаў і звычаяў вядзеньня вайны», — сказаў суразмоўнік Свабоды.
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў шэрагу расейскіх і акупаваных украінскіх гарадах у выніку падрыву аўтамабіляў гінулі як расейскія вайскоўцы, так і ўкраінскія калябранты, якія перайшлі на бок Расеі.
Сёлета ў ліпені ў Маскве ў выніку падрыву аўтамабіля пацярпеў, але выжыў афіцэр Галоўнага выведнага ўпраўленьня Міністэрства абароны Расеі Андрэй Таргашоў.
У красавіку на поўначы Масквы на паркоўцы каля жылога дома на Каровінскай шашы выбухнуў аўтамабіль Land Cruiser, у якім знаходзіўся колішні супрацоўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Празораў. Ён таксама пацярпеў, але не загінуў. Выбух адбыўся ў той момант, калі ён толькі садзіўся ў машыну.
Форум