На поўначы Масквы на паркоўцы каля жылога дому на Каровінскай шашы выбухнуў аўтамабіль Land Cruiser, у якім знаходзіўся колішні супрацоўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Празораў.
Васіль Празораў служыў у СБУ цягам 1999–2018 гадоў на пасадзе кансультанта-экспэрта Антытэрарыстычнага штабу. З 2014 году ён пачаў перадаваць Расеі інфармацыю пра Антытэрарыстычную апэрацыю, якая адбывалася тады на ўсходзе Ўкраіны.
У Сьледчым камітэце Масквы паведамілі, што высьвятляюць абставіны інцыдэнту і прызначылі шэраг экспэртыз.
Згодна з афіцыйным паведамленьнем, уласьнік падарванага аўтамабіля пацярпеў, але не загінуў. Выбух адбыўся ў той момант, калі ён толькі садзіўся ў машыну.
Ва Ўкраіне гэтую інфармацыю пакуль не камэнтуюць.
У сьнежні 2023 году ў падмаскоўнай вёсцы Супонева застрэлілі колішняга дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ільлю Ківу. Пазьней прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Андрэй Юсаў заявіў, што Ківу забілі ўкраінскія спэцслужбы.