Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
New York Times паведаміла, што Трамп мае намер намінаваць Марка Рубіё на пасаду дзяржсакратара. Што пра яго вядома

New York Times паведаміла, што Трамп мае намер намінаваць Марка Рубіё на пасаду дзяржсакратара. Што пра яго вядома


Дональд Трамп і Марка Рубіё. 4 лістапада 2024
Дональд Трамп і Марка Рубіё. 4 лістапада 2024

Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп мае намер намінаваць сэнатара ад Флорыды Марка Рубіё на пасаду дзяржаўнага сакратара.

Пра гэта ў панядзелак увечары паведаміла New York Times і іншыя амэрыканскія СМІ ў тым ліку Fox News, The Wall Street Journal, The Hill, са спасылкай на асяродзьдзе Дональда Трампа.

Калі гэтая інфармацыя пацьвердзіцца, то пасьля ўступленьня Трампа на пасаду ў студзені ўраджэнец Флорыды Рубіё можа стаць першым лацінаамэрыканцам на пасадзе галоўнага дыплямата ЗША, піша «Голас Амэрыкі».

Хто такі Марка Рубіё?

53-гадовы Марка Рубіё, сын кубінскіх імігрантаў, адзін з самых вядомых прыхільнікаў актыўнай замежнай палітыкі Злучаных Штатаў. Ён вядомы рэзкай крытыкай аўтарытарных рэжымаў — кітайскага, іранскага, кубінскага. Падчас першага прэзыдэнцкага тэрміна Дональда Трампа Рубіё быў адным з ініцыятараў законапраекту, які ўскладняе працэдуру адмовы ЗША ад сяброўства ў NATO. Гэта быў адказ на скептычнае стаўленьне прэзыдэнта Трампа да NATO.

Аднак пасьля Рубіё выказваў падобныя з Дональдам Трампам погляды ў міжнародных пытаньнях. У красавіку сёлета ён быў адным з 15 сэнатараў-рэспубліканцаў, якія прагаласавалі супраць выдзяленьня Ўкраіне шматмільярднага пакета дапамогі. У сваіх апошніх інтэрвію ён казаў аб тым, што Ўкраіне неабходна засяродзіцца на дасягненьні дамоўленасьці з Расеяй, калі нават яно не прывядзе да вяртаньня ўсёй акупаванай Расеяй украінскай тэрыторыі. Канфлікт, паводле яго, «неабходна завяршыць».

«Я не прыхільнік Расеі, але, на жаль, рэальнасьць заключаецца ў тым, што вайна ва Ўкраіне скончыцца ў выніку мірнага пагадненьня», — казаў Рубіё у нядаўнім інтэрвію тэлекампаніі NBC.

Крыніцы газеты New York Times у асяродзьдзі Трампа падкрэсьліваюць, што рашэньне адносна прызначэньня Марка Рубіё можа быць зьменена ў апошнюю хвіліну.

Раней у панядзелак было абвешчана аб тым, што Дональд Трамп мае намер прызначыць на пасаду свайго дарадцы ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі чальца Палаты прадстаўнікоў ад Флорыды Майкла Ўолца, які таксама вядомы як прыхільнік рашучай замежнай палітыкі, асабліва ў дачыненьні да Кітая і Ірана. Уолц, які служыў у сілах спэцыяльнага прызначэньня падчас ваеннай кампаніі ў Афганістане, рэзка крытыкаваў рашэньне адміністрацыі Байдэна аб вывадзе войскаў з гэтай краіны.

На пасаду прадстаўніка ЗША ў ААН Дональд Трамп мае намер прызначыць Эліз Стэфанік, якая прадстаўляе ў Палаце прадстаўнікоў штат Нью-Ёрк. Яна галоўным чынам вядомая сваёй актыўнай падтрымкай Ізраілю. Яна заклікала да «поўнай пераацэнкі» фінансаваньня ААН Злучанымі Штатамі і блякаваньня сродкаў, што выдзяляюцца на агенцтва ААН, якое дае гуманітарную дапамогу палестынскім уцекачам.

Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году

  • За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
  • Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
  • Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
  • Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
  • Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
  • Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
  • Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
  • Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
  • У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
  • Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
  • Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
  • Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG