Гэта дазволіць новаму кіраўніку дзяржавы прасоўваць сваю праграму зьніжэньня падаткаў і скарачэньня фэдэральнага ўраду.
Як раней прагназавала агенцтва Edison Research, рэспубліканцы ўжо забясьпечылі сабе большасьць у Сэнаце зь мінімум 52 месцамі супраць 46, а па дадзеных DDHQ, ім удасца ўтрымаць як мінімум 218 месцаў у Палаце прадстаўнікоў, хоць па стане на вечар панядзелка зыход васьмі гонак па-ранейшаму застаецца невядомым, піша «Голас Амэрыкі».
На працягу свайго першага прэзыдэнцкага тэрміну, з 2017-га па 2021 год, Дональд Трамп ажыцьцявіў маштабнае скарачэньне падаткаў, тэрмін дзеяньня якога заканчваецца ў наступным годзе. Гэтае заканадаўства, а таксама падпісаны прэзыдэнтам-дэмакратам Джо Байдэнам закон аб інфраструктуры на суму 1 трыльён даляраў былі прынятыя, калі рэспубліканцы і дэмакраты па чарзе кантралявалі абедзьве палаты Кангрэсу.
Для параўнаньня, у апошнія два гады, калі ўлада была падзеленая, Байдэн не дабіўся асаблівага поспеху ў прасоўваньні сваіх заканадаўчых ініцыятыў і Кангрэс зь цяжкасьцю выконваў сваю асноўную функцыю ў забеспячэньні фінансаваньня для падтрыманьня працы ўраду.
Рэспубліканская большасьць у Палаце прадстаўнікоў выявілася нестабільнай: першы сьпікер Кевін Макарці быў зьняты пад ціскам часткі рэспубліканцаў, і яго пераемнік Майк Джонсан таксама сутыкаўся з пастаянным супрацівам. Аднак уплыў Трамп на партыю і асабліва на вельмі кансэрватыўных рэспубліканцаў працягваецца — гэта пацьвердзілася яго посьпехам раней у гэтым годзе, калі ён заблякаваў праект аб бясьпецы на мяжы з Мэксыкай.
Улада Трампа таксама падмацаваная Вярхоўным судом з кансэрватыўнай большасьцю (шасьцёра супраць трох), у склад якога ўваходзяць трое судзьдзяў, прызначаных самім жа Дональдам Трампам у яго першы тэрмін.
Перамога рэспубліканцаў, пэўна, паўплывае на сёлетнюю сэсію Кангрэсу. У канцы году Кангрэс павінен зацьвердзіць фінансаваньне ўраду, каб пазьбегнуць яго закрыцьця на Каляды, і падоўжыць паўнамоцтвы на запазычаньні для перадухіленьня гістарычнага дэфолту.
Адзін з магчымых сцэнароў — прыняцьце часовых захадаў, з тым каб даць новай адміністрацыі магчымасьць паўплываць на гэтыя два спрэчныя пытаньні пасьля заступленьня Трампа на пасаду 20 студзеня. Новы склад Кангрэсу пачне сваю працу 3 студзеня.
Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году
- За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
- Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
- Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
- Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
- Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
- Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
- Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
- Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
- У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
- Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
- Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
- Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.
Форум