Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 12 лістапада: двух берасьцейцаў адправілі ў калёнію за пратэсты ў 2020-м

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі працягваюць выносіць палітычна матываваныя прысуды.

Суд Ленінскага раёну Берасьця прысудзіў калёнію двум берасьцейцам — Артуру Трушко і Вадзіму Кутасевічу, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Ім прысудзілі 1,5 года калёніі кожнаму.

Яшчэ адна берасьцейка, Аліна Новікава, атрымала два гады «хатняй хіміі».

Усіх траіх судзілі паводле артыкулу аб грубым парушэньні парадку (342 КК) за ўдзел у акцыі пратэсту ў Берасьці 10 жніўня 2020 году.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, за пратэсты 10 жніўня ў Берасьці асуджаныя ўжо 70 чалавек.

Чарговы суд над «рэйкавым партызанам» зь Віцебску

У Бабруйску 12 лістапада пачалі разглядаць справу 52-гадовага палітвязьня Сяргея Канавалава. Адміністрацыя бабруйскай калёніі № 2 ініцыявала справу супраць Сяргея паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі).

Цяпер яму могуць дадаць яшчэ адзін год зьняволеньня. Працэс будзе весьці судзьдзя Павал Карцінін.

Нагадаем, у верасьні 2022 году Сяргея асудзілі ў крымінальнай справе аб «распальваньні нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасьці» (арт. 130 КК) і аб «падрыхтоўцы да зьдзяйсьненьня акта тэрарызму» (ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 289 КК). Яму прызначылі 15 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 300 базавых велічыняў.

Канавалаў працаваў на Віцебскай дыстанцыі сыгналізацыі і сувязі УП «Віцебскае адзьдзяленьне Беларускай чыгункі». Быў затрыманы 6 сакавіка 2022 году. Згодна з дадзенымі МУС, мужчына нібыта плянаваў вывядзеньне з ладу сыстэмаў, якія забясьпечваюць бясьпеку чыгуначнага руху.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG