Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BelPol: Траціна крымінальных спраў, якімі займаўся КДБ Беларусі летась, — палітычна матываваныя


Сядзіба КДБ у Менску
Сядзіба КДБ у Менску

Паводле зьвестак аб’яднаньня былых беларускіх сілавікоў BelPol, з 411 крымінальных спраў, якія знаходзіліся ў вядзеньні КДБ Беларусі ў 2023 годзе, 132 былі палітычна матываваныя (32,1%).

Аб’яднаньне былых беларускіх сілавікоў BelPol атрымала і апублікавала зьвесткі пра крымінальныя справы, якія КДБ адкрываў ці вёў у 2023 годзе.

Агулам на працягу 2023 году ў вядзеньні КДБ знаходзілася 411 крымінальная справа. Зь іх 132 справы, паводле BelPol, былі палітычна матываваныя (32,1% ад агульнай колькасьці). Да «палітычна матываваных» аб'яднаньне аднесла крымінальныя справы, заведзеныя паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:

  • арт. 356 «Здрада дзяржаве»;
  • арт. 289 «Акт тэрарызму»;
  • арт. 361-3 «Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні ці збройным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу»;
  • арт. 361 «Заклікі да санкцыяў і іншых дзеяньняў, накіраваных на ўчыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі»;
  • арт. 361-2 «Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці»;
  • арт. 358-1 «Агентурная дзейнасьць»;
  • арт. 130 «Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці»;
  • арт. 361-4 «Садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці»;
  • арт. 358 «Шпіянаж»;
  • арт. 290-4 «Стварэньне арганізацыі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці або ўдзел у ёй»;
  • арт. 290-5 «Арганізацыя дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у ёй»;
  • арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»;
  • арт. 290-1 «Фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці»;
  • атр. 290-2 «Садзейнічаньне тэрарыстычнай дзейнасьці»;
  • арт. 309 «Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносінаў»;
  • арт. 359 «Акт тэрарызму ў дачыненьні да дзяржаўнага або грамадзкага дзеяча»;
  • арт. 361-1 «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня ці ўдзел у ім»;
  • арт. 361-5 «Праходжаньне навучаньня або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасьці»;
  • арт. 364 «Гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»;
  • арт. 366 «Гвалт або пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадзкі абавязак»;
  • арт. 367 «Паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь»;
  • арт. 368 «Абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь»;
  • арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады».

Найбольш «палітычна матываваных» спраў у вядзеньні КДБ летась было паводле артыкулаў «здрада дзяржаве» (31 справа), «акт тэрарызму» (21), «удзел ва ўзброеным фармаваньні ці збройным канфлікце за мяжой або падрыхтоўка да такога ўдзелу» (17), «заклікі да санкцыяў» (16), «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (12), «агентурная дзейнасьць» (11), «распальваньне варожасьці» (6), «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (6) і «шпіянаж» (6).

Паводле зьвестак BelPol, у 2023 годзе КДБ завёў 242 крымінальныя справы, зь іх 106 палітычна матываваных (43,8%). Акрамя гэтага, на 1 студзеня 2023 году ў вядзеньні КДБ знаходзіліся 169 крымінальных спраў, заведзеных раней, расьсьледаваньне якіх не завяршылі, зь іх палітычна матываваных — 26 (15,4% ад агульнай колькасьці).

Летась КДБ завяршыў расьсьледаваньне 212 спраў з 411-ці (51,6%), сярод іх палітычна матываваных — 72 справы (34% ад агульнай колькасьці).

Паводле BelPol, раней асноўную частку крымінальных спраў КДБ заводзіў супраць людзей, якія ўчынілі службовыя і эканамічныя злачынствы, а таксама датычных да незаконнага абароту наркотыкаў, зброі і выбуховых рэчываў. Палітычна матываваныя крымінальныя справы, за выключэньнем асобных часавых пэрыядаў (прэзыдэнцкія выбары 2006 і 2010 гадоў, справа «Белага легіёну») ня мелі масавага характару.

Крымінальныя справы «шпіёнскай накіраванасьці» раней заводзілі ў адзінкавых выпадках. У апошнія ж гады ёсьць выразная тэндэнцыя па прыярытэтнасьці для КДБ незаконнага крымінальнага перасьледу грамадзян з палітычных матываў, адзначаюць у аб'яднаньні.

Таксама ініцыятыва былых сілавікоў адзначае, што ў 2023 годзе КДБ увогуле не заводзіў крымінальных спраў па такіх раней «папулярных» артыкулах Крымінальнага кодэксу (пытаньнях прамой кампэтэнцыі ведамства), як:

  • арт. 210 КК «Крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі»,
  • арт. 228 КК «Кантрабанда»,
  • арт. 235 КК «Легалізацыя („адмываньне“) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам»,
  • арт. 424 КК «Злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі»,
  • арт. 425 КК «Бязьдзеяньне службовай асобы»,
  • арт. 427 «Службовая падробка»,
  • арт. 428 КК «Службовая халатнасьць».

Таксама летась КДБ не завёў ніводнай крымінальнай справы за вайсковыя злачынствы.

Па шэрагу іншых традыцыйных кірункаў дзейнасьці КДБ адкрыцьцё крымінальных спраў мела адзінкавы характар: па арт. 295 КК («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў») завялі ўсяго 3 крымінальныя справы, па арт. 328 КК («Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналягаў») — таксама 3 крымінальныя справы, па арт. 426 КК («Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў») — 1 крымінальную справу.

Значная колькасьць крымінальных спраў, заведзеных КДБ у 2022–2023 гадах за атрыманьне і даваньне хабару, а таксама незаконныя ўзнагароды, у асноўным зьвязаная з сумнеўнай «справай лекараў-траўматолягаў», піша BelPol.

Што тычыцца крымінальных спраў, заведзеных КДБ за «здраду дзяржаве, шпіянаж і агентурную дзейнасьць», то падставай для іх у асноўным былі выпадкі перадачы фігурантамі інфармацыі беларускім дэмакратычным электронным СМІ (якія, па вэрсіі КДБ, зьяўляюцца «замежнымі арганізацыямі»), а таксама спрыяньне Ўкраіне ў адбіцьці расейскай агрэсіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG