У дзень выбараў, якія адбыліся 3 лістапада, зьяўляліся паведамленьні пра арганізаваны авіярэйс з Расеі ў Беларусь для таго, каб грамадзяне Малдовы аддалі свой голас за Аляксандра Стаяноглу, якога на выбарах негалосна падтрымлівала Масква.
У Маскве крытыкавалі ўлады Малдовы за тое, што ў Расеі было адкрыты замала ўчасткаў для выбараў і вялі актыўную прапагандысцкую кампанію супраць дзейнай прэзыдэнткі Маі Санду, якая ішла на другі тэрмін.
Прадстаўнік Партыі сацыялістаў Малдовы, былы генэральны пракурор, фігурант пяці крымінальных спраў Аляксандар Стаяногла на ўчастку ў Менску атрымаў 86,25% галасоў (571), а Санду, у выніку выбраная на другі тэрмін, — 13,75% (91). Пра гэта сьведчыць аналіз, праведзены агенцтвам «Позірк» на падставе лічбаў, пададзеных малдоўскім ЦВК.
У параўнаньні зь першым турам яўка на ўчастак у Менску вырасла ў 3,2 раза (з 205 да 664 чалавек; у кожным туры два бюлетэні прызнаныя несапраўднымі), колькасьць галасоў за Санду — на 4 (было 87, у адносным вымярэньні — 42,86%), за Стаяногла — на 506, або ў 8,8 раза (было 65, або 32,02%).
Акрамя арганізаванай дастаўкі выбарнікаў на ўчастак пры амбасадзе ў Менску, унутраныя органы Малдовы заявілі пра падобныя маніпуляцыі ў Турэччыне і Азэрбайджане. Пракуратура і паліцыя заявілі пра расьсьледаваньне, пры гэтым у афіцыйным камюніке ЦВК гаворыцца, што такія парушэньні наўрад ці паўплывалі на вынік выбараў.
Разам зь першым турам прэзыдэнцкіх выбараў Малдова праводзіла рэфэрэндум аб уключэньні ў Канстытуцыю палажэньня аб інтэграцыі краіны ў Эўрапейскі зьвяз як стратэгічнай мэты. На ўчастку ў Менску ініцыятыву падтрымала 54,18% выбарнікаў (у цэлым — 50,38%).
Форум