Паводле статыстыкі, якую падае ўлада Рэспублікі Малдова, ужо ў 17:50 мясцовага часу яўка пераваліла за 50% зарэгістраваных у выбарчых сьпісах грамадзян.
Найбольш актыўнай узроставай групай на выбарах пакуль зьяўляюцца малдаване ў веку ад 56 да 65 гадоў — звыш 20% выбарнікаў. У той час як колькасьць грамадзян ад 18 да 25 гадоў, якія прагаласавалі, меншая за 8%.
Улады ў Кішынёве паведамілі пра пачатак расьсьледаваньня адносна «выбарчых каруселяў». У спэцслужбаў краіны ёсьць падазрэньне, што арганізаваны падвоз грамадзянаў адбыўся як мінімум у трох замежных дзяржавах — Беларусі, Турэччыне і Азэрбайджане. Паведамляецца, што грамадзянаў Малдовы арганізавана дастаўлялі на замежныя выбарчыя ўчасткі самалётамі з Расеі.
Старшыня парлямэнту Малдовы Ігар Гросу адзначыў, што «крымінальныя групоўкі не супакойваюцца», імкнучыся паўплываць на хаду выбараў. Ён выказаў падазрэньне, што самалёты ў Баку, Менск і Стамбул аплаціў алігарх Ілан Шор, прарасейскі палітычны дзеяч, які ўцёк з краіны пасьля выстаўленьня яму крымінальных абвінавачаньняў у антыдзяржаўнай дзейнасьці.
Расейская прэса патлумачыла масавае галасаваньне ў Менску, якога не было раней, тым, што ўлады Малдовы адкрылі ў Расеі толькі два выбарчыя ўчасткі, а людзі хацелі паказаць сваё волевыяўленьне.
Служба інфармацыйных тэхналёгій і кібэрбясьпекі (STISC) заявіла пра кібэратакі. Установа гаворыць пра скаардынаваныя атакі, заяўляючы, што яны ідуць з «шырокага спэктру рэсурсаў, разьмешчаных у розных дзяржавах па ўсім сьвеце». Паводле інфармацыі некаторых СМІ ў Малдове, такія атакі ў сеціве сталі прычынай збояў у працы некаторых выбарчых участкаў.
Паліцыя Малдовы паведаміла пра заблякаваны для праезду мост паміж Рыбніцай і Рэзінай. Зьмесьціва падазронай скрынкі было невядомым, і таму патрабаваўся час на яе праверку, што выклікала спыненьне руху. Улады кваліфікуюць гэтае здарэньне як спробу перашкодзіць перамяшчэньню выбарнікаў.
Паведамленьне пра бомбу прыйшло і з выбарчага ўчастку ў Варніцы. Пра гэта паведаміла выданьне Zona de Securitate. Таксама «замінавалі» ўчастак для галасаваньня ў Бухарэсьце ў суседняй Румыніі. Нідзе інфармацыя пра бомбу не пацьвердзілася.
Па стане на 20-ю гадзіну лічба малдаванаў, якія прагаласавалі за мяжой, дасягнула 300 тысяч, гэта рэкорд.
Назіральная місія Promo-LEX атрымала 222 паведамленьні пра парушэньні на выбарчых участках. Паліцыя гаворыць пра 190 эпізодаў.
Зьвесткі паліцыі паказваюць, што найбольш частымі парушэньнямі, якія фіксуюць улады, зьяўляюцца фатаграфаваньне бюлетэняў (больш за 60 выпадкаў). Паліцыя таксама задакумэнтавала 25 фактаў подкупу выбарнікаў або сяброў камісіі і 20 выпадкаў арганізаванага падвозу на выбарчы ўчастак, што строга забаронена заканадаўствам.
Форум