Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Грамадзяне Малдовы мэнтальна ўжо даўно ў Эўропе», — малдоўская экспэртка Ібрагімава пра вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 


На выбарчым участку падчас другога туру прэзыдэнцкіх выбараў у Малдове
На выбарчым участку падчас другога туру прэзыдэнцкіх выбараў у Малдове

Палітоляг Галія Ібрагімава аналізуе вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Малдове, расказвае, як у Кішынёве ўспрынялі паводзіны афіцыйнага Менску падчас малдоўскай выбарчай кампаніі, і тлумачыць, чаму другое прэзыдэнцтва Маі Санду будзе вельмі няпростае.

Сьцісла:

  • Мая Санду за першы тэрмін свайго кіраваньня сутыкнулася зь беспрэцэдэнтнай колькасьцю крызісаў.
  • Задача Крамля якраз у тым і палягала, каб справакаваць народны бунт.
  • Паводзіны Беларусі выклікалі незадавальненьне, нэгатыўныя камэнтары палітыкаў і журналістаў.
  • У кожнага трэцяга жыхара Малдовы ёсьць румынскі пашпарт.
  • Санду, зьвяртаючыся да жыхароў Малдовы на расейскай мове, сказала, што паспрабуе рабіць усё для аб’яднаньня краіны.

— Гучаць розныя ацэнкі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Малдове. З аднаго боку — перамога дзейнай праэўрапейскай прэзыдэнткі Маі Санду; зь іншага боку — не настолькі ўпэўненая перамога, як меркавалася на пачатку кампаніі. Ці лічыце вы, што ў дадзеным выпадку і такі вынік можна назваць дастаткова аптымістычным для прыхільнікаў эўраінтэграцыі? Ці ўсё ж малдоўскае грамадзтва зьдзівіла большасьць экспэртаў і сацыёлягаў?

— Малдоўскае грамадзтва зьдзівіла мяне як мінімум тым, што яно сапраўды імкнецца стаць дэмакратычным. Што тут у рэальнасьці фармуюцца інстытуты дэмакратыі і, у прыватнасьці, інстытут выбараў — які тут насамрэч працуе. Я нарадзілася ва Ўзбэкістане і потым пражыла ў Расеі 10 гадоў, мне ёсьць з чым параўноўваць. Назіраю ўсё гэта, і Малдова мяне прыемна ўражвае тым, што тут сапраўды ёсьць спаборніцтва паміж канкурэнтамі, якія, у прынцыпе, знаходзяцца ў роўных умовах. Усе могуць крытыкаваць дзейнага прэзыдэнта, усе крытыкуюць дзейную партыю.

І, скажам шчыра, мы, жыхары многіх постсавецкіх краін, магчыма, за выключэньнем Грузіі (але цяпер і адносна яе сумнеўна) ды яшчэ Ўкраіны, такім пахваліцца ня можам. І ў гэтым пляне мяне Малдова па-сапраўднаму зьдзівіла.

Што тычыцца вынікаў выбараў, то ня трэба забываць, што Мая Санду за першы тэрмін свайго кіраваньня сутыкнулася зь беспрэцэдэнтнай колькасьцю крызісаў. Энэргетычны крызіс у 2021 годзе, калі Малдова плаціла Газпрому за газ 790 даляраў за тысячу кубамэтраў. Нават Нямеччына ды іншыя эўрапейскія краіны плацілі значна менш. Далей 2022 год — маштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, крызіс уцекачоў. Малдова — бедная краіна, у яе недастаткова рэсурсаў. Тым ня менш яна годна дала рады гэтай праблеме, мільён уцекачоў прайшоў праз Малдову.

І што робіць пры гэтым Крэмль? У парушэньне дамоўленасьцяў аб пастаўках газу ён проста бярэ і на траціну скарачае гэтыя газавыя пастаўкі. Я думаю, што ў прынцыпе мэта Крамля якраз у тым і была, каб справакаваць народны бунт.

— Умяшаньне Расеі ў выбары было і ў першым, і ў другім турах. Гэта ў Малдове ўспрымаюць менавіта як умяшаньне Крамля — ці як дзейнасьць тых малдоўскіх алігархаў, якія цяпер знаходзяцца ў Маскве? Той жа алігарх Ілан Шор, прарасейскі палітычны дзяяч, які ўцёк з краіны пасьля выстаўленьня яму крымінальных абвінавачаньняў у антыдзяржаўнай дзейнасьці і які рознымі мэтадамі змагаецца супраць малдоўскай улады — ён выконвае менавіта ролю Крамля ці мае сваю ўласную палітычную суб’ектнасьць?

— Думаю, варта гаварыць пра пратэставае галасаваньне. На фоне таго, што ў нейкі час вельмі рэзка вырасьлі камунальныя рахункі — многія грамадзяне, якія асабліва не хацелі і не маглі заглыбляцца ў тое, што адбываецца, пачалі ўсё валіць на Санду. Гэтая частка насельніцтва лічыць: прыйшла да ўлады праэўрапейская прэзыдэнтка, якая ня хоча ехаць у Крэмль, ня хоча размаўляць з Пуціным, прасіць яго аб зьніжках на газ. Вось якраз Ілан Шор, па сутнасьці, скарыстаўся гэтым момантам і стаў выводзіць людзей на вуліцу.

Таму, вядома, праблема каманды Санду была ў тым, што ў экстрэмальных умовах яны не змаглі растлумачыць шмат што з таго, што было зроблена. Напрыклад, былі субсыдыі (пры падтрымцы Эўразьвязу) на высокія камунальныя плацяжы. Умоўна: я толькі за ацяпленьне плаціла 160 эўра. Але можна было падаць на субсыдыю, і я ў выніку стала плаціць у наступны год 30 эўра. Гэта зрабіў урад Маі Санду пры дапамозе Эўропы. Але людзі кажуць, што ўлады гэта абавязаныя былі зрабіць.

Малдаване, якія жывуць унутры краіны, бачаць, як некаторыя цэны вырасьлі, як скача курс даляра. І сьвядомасьць людзей, якія не асабліва захапляюцца палітыкай, глядзяць расейскую прапаганду, будуе такі адказ: «Хто ва ўсім вінаваты? Вядома ж, Мая Санду».

Так што, з аднаго боку, — пратэставае галасаваньне. А з другога — сетка Ілана Шора. Сапраўды, быў масавы подкуп выбарнікаў — танныя прадукты, бясплатныя сацыяльныя пакеты. Як вы бачылі ўчора, паведамленьні пра мінаваньне пасольства. Шмат што сьведчыць пра тое, што за гэтым можа стаяць Крэмль.

— Многія грамадзяне Малдовы ў мінулыя выходныя прыехалі з Расеі ў Беларусь, каб узяць удзел у галасаваньні. Як афіцыйны Кішынёў, малдоўскія экспэрты, журналісты паставіліся да гэтага? Да таго, што Лукашэнка робіць крокі, якія яўна сапсуюць ягоныя адносіны з Кішынёвам?

— Крамлю тут дапамагала ня толькі Беларусь, але і Азэрбайджан. Трэба нагадаць, што Малдова далучылася да санкцый супраць Расеі і, адпаведна, Беларусі, таму адносіны ўжо моцна сапсаваныя. Вядома, такія паводзіны Беларусі выклікалі незадавальненьне, нэгатыўныя камэнтары палітыкаў і журналістаў. Але няма зацыкленасьці, высноў накшталт: «усё, мы цяпер зь Беларусьсю не сябруем». Фармальна кажучы, ва ўсіх гэтых людзей малдоўскія пашпарты, і ніхто не павінен перашкаджаць іх волевыяўленьню.

Я думаю, што калі б не было ўсіх гэтых тэхналёгіяў, вядома, мы б мелі зусім іншы вынік.

І ня толькі на выбарах, але і на рэфэрэндуме. Бо малдаване мэнтальна ўжо даўно ў Эўропе. Гэта было пратэставае галасаваньне.

— Да выбараў кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Стаяноглу ня быў першым нумарам сярод апазыцыі, але атрымаў нечакана высокі працэнт. Што гэта кажа пра яго будучыню? Ці стане ён зараз агульнапрызнаным, так бы мовіць, першым нумарам у супрацьстаяньні з Маяй Санду? Або яго адсунуць назад, бо гэта «каліф на гадзіну»?

— Стаяноглу ўвесь час кажа, што ён ня супраць Эўразьвязу. У яго дзьве дачкі, як і ён сам, — грамадзяне Румыніі. Ён у інтэрвію казаў, што Крым — гэта Ўкраіна, Данбас — гэта Ўкраіна. Але пры гэтым выступае за дыялёг з Расеяй.

Але якраз перад другім турам паўстала пытаньне, ці ўсё ж Стаяноглу чалавек Шора, ці ня Шора? І тут Стаяноглу ў многім аказаўся закладнікам сытуацыі. Па сутнасьці, уся гэтая кампанія Шора (яны ж «крамлёўскія») стала агітаваць галасаваць за Стаяноглу. Там быў такі пасыл: галасуйце за любога кандыдата, акрамя Санду. Але першапачаткова было зразумела, што партыя сацыялістаў асацыюецца, вядома ж, з Крамлём, з Пуціным, з «рускім сьветам» і гэтак далей. Таму гэтая таксычнасьць наклалася на ягонае імя. Стаяноглу сябе ўжо запэцкаў сувязямі з Шорам. Я думаю, што ў яго, напэўна, ёсьць палітычная будучыня, калі ён зараз ад іх ад усіх адхрысьціцца і скажа: «Так, я за Эўропу». Мне здаецца, што Стаяноглу — не з катэгорыі абаронцаў рускага сьвету, рускіх танкаў.

— Якія могуць быць прагнозы на будучыню, зыходзячы з вынікаў рэфэрэндуму і выбараў? Якая зараз будзе палітыка, ці будзе Санду адчуваць сябе больш упэўнена? Ці будзе фарсаваць тэму інтэграцыі, і, адпаведна, ці будзе Эўропа ёй спрыяльна адказваць? Або ўнутраныя праблемы краіны пакуль настолькі цяжкія, што неяк тармозяць гэты рух?

— Малдова падпісала Пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам яшчэ ў 2014 годзе і разам з Украінай стала кандыдатам на ўступленьне ў ЭЗ.

Малдова ўжо мэнтальна даўно жыве менавіта ў парадыгме эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Малдаване даўно езьдзяць у Эўропу — вучыцца, на заробкі. У кожнага трэцяга ёсьць румынскі пашпарт. Гэта значыць, практычна значная частка насельніцтва Малдовы ўжо даўно грамадзяне Эўразьвязу.

Самая галоўная праблема ў тым, што Малдова пакуль не перамагла карупцыю, не правяла рэформу правасудзьдзя. І ад гэтага шмат у чым залежыць, як будуць далей рухацца перамовы аб эўраінтэграцыі.

Другое прэзыдэнцтва Маі Санду будзе вельмі няпростае. На замежнапалітычным полі, вядома, эўрапейцы яе будуць падтрымліваць. Старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен паабяцала адзін мільярд семсот мільёнаў эўра — своеасаблівы «плян Маршала». Але ўнутры краіны, канечне, шмат што трэба будзе вырашаць — і з камунальнымі паслугамі, і з карупцыяй, і будаваць альтэрнатыўныя лініі электраперадач, каб не залежаць татальна ад паставак прыднястроўскага сьвятла.

Шмат гавораць пра тое, што Санду не аб’яднала грамадзтва. І вось яна ўчора, зьвяртаючыся да людзей на расейскай мове, сярод іншага сказала, што пачула іх і паспрабуе рабіць усё для аб’яднаньня краіны. Тыя, хто жыве ўнутры Малдовы, сапраўды кажуць, што менавіта з расейскамоўным насельніцтвам не было нейкай належнай камунікацыі, што Мая Санду пераключылася на Эўропу і Румынію. Але са свайго боку магу сказаць, што жыхары Прыднястроўя менавіта пры Санду змаглі ў спрошчаным парадку атрымліваць грамадзянства Малдовы. Што гэта, як не аб’яднаньне грамадзтва?

Мая Санду стварыла бясплатныя курсы румынскай мовы, — гэта з боку ўлады, сапраўды, такі пасыл аб’яднаць грамадзтва. Але расейскамоўнае насельніцтва са свайго боку таксама павінна неяк праявіць разуменьне і быць гатовым да інтэграцыі.

Прэзыдэнцтва будзе складанае. Канкурэнты, апазыцыя, сацыялісты будуць увесь час нагадваць пра вось гэты раскол. Самае галоўнае, на чым зараз трэба засяродзіцца, — гэта парлямэнцкія выбары, таму што кіроўная партыя рызыкуе не атрымаць большасьць. І, па сутнасьці, зараз гэта быў халодны душ, таму што Малдова — гэта ўсё ж парлямэнцка-прэзыдэнцкая краіна. Ад таго, хто будзе ў парлямэнце, шмат у чым залежыць пасьпяховасьць ці няўдача другога прэзыдэнцтва Санду. Калі большасьць атрымаюць прарасейскія сілы, то Санду будзе абмежаваная ў сваіх дзеяньнях.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG