«Купіць Škodu, Volkswagen, Audi амаль немагчыма»
Беларуска Ганна* (усе імёны зьмененыя дзеля бясьпекі суразмоўцаў. — РС) расказала, што найбольш праблемаў цяпер, каб набыць эўрапейскі аўтамабіль. Вельмі шмат кітайскіх машын.
«Купіць Škodu, Volkswagen, Audi амаль немагчыма, або трэба заплаціць вялізныя грошы. Машыны не прыгнаць. На рынку толькі кітайскія засталіся. Людзі іх бяруць. А што рабіць?» — расказвае суразмоўца.
Яна дадае, што папулярныя Geely адразу немагчыма купіць у салёне ў пажаданай камплектацыі. Трэба замаўляць. Калі хочаш дадатковыя опцыі, якія нібыта і так павінны ўваходзіць у пакет, шумаізаляцыю, антыкарозію, гэта каштуе дадатковых грошай. Geely ня з танных — 150–170 тысяч беларускіх рублёў«, — тлумачыць Ганна.
Іншыя кітайскія маркі, расказвае суразмоўца, каштуюць не нашмат таньней. Сама меней за машыну з салёну трэба аддаць 25–30 тысяч даляраў.
«Можна прывезьці электрамабілі. Да 2025 году ў нас ёсьць ільгота, ня плаціш увозны падатак на даданую вартасьць. Гібрыд Nissan X-Trail каштуе 122 тысячы беларускіх рублёў. Электрамабілі зьяўляюцца. Але большасьць рынку — кітайскія, я нават ня ведаю гэтых марак», — дадае яна.
«Тэхнікі Bosch, Samsung вельмі мала, або яна вельмі дарагая»
Паводле суразмоўцы, такая ж сытуацыя з побытавай тэхнікай — шмат кітайскіх вырабаў.
«Тэхнікі Bosch, Samsung вельмі мала. Калі ёсьць, то яна вельмі дарагая ў параўнаньні з тым, што ў Эўропе. У мяне ёсьць кітайскі пыласмок. Ён таньней каштуе, чым Dyson, нараканьняў няма. Побытавую тэхніку на кухню я набывала ў 2022 годзе, пасьпела яшчэ польскай зборкі. З 15 кастрычніка ўжо нічога нельга ўвозіць больш за 500 эўра, інакш трэба дэкляраваць», — тлумачыць суразмоўца.
Зь ейных словаў, плінтусы беларускай вытворчасьці каштуюць да 10 рублёў. Польскія — 36–40 рублёў. Шмат будаўнічых матэрыялаў з Расеі і Турэччыны.
Цукеркі з Ірану
Са слодычаў у продажы нядаўна зноў зьявіліся шакалядкі Milka. Яны каштуюць у краме 17 рублёў.
«Вельмі дорага», — адзначае суразмоўца.
Яна расказвае, што шмат слодычаў зьявілася з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Ірану.
«Цукеркі з Ірану мяне вельмі зьдзівілі. Шампіньёны з Кітаю. Польская прадукцыя ёсьць, кукуруза, джэмы. Ня ведаю, калі іх завезьлі, у іх жа вялікі тэрмін прыдатнасьці. Рынак у асноўным запоўнілі расейскія прадукты. Калі хочаш нешта экзатычнае — ёсьць іранскія слодычы», — кажа суразмоўца.
Падаражэла і ўлюбёная кава Ганны.
«Я раней піла каву Dallmayr. Цяпер ня п’ю, бо гэта вельмі дорага — у краме 18–20 рублёў за 250 грамаў. На рынку 500 грамаў да 40 рублёў. Я яе замяняю любой іншай кавай, якая таньнейшая», — кажа яна.
Суразмоўца заўважае, што ў аддзеле з малочнымі вырабамі трэба пільнавацца, бо пачало зьяўляцца шмат расейскіх прадуктаў. Калі бачыць нешта новае, яна правярае краіну вырабніка, перавагу аддае беларускай «малочцы». Садавіну яна бачыць з Узбэкістану. Агуркі, памідоры ёсьць беларускага паходжаньня, але дарагія. Ганна набывае іх мала.
«Асартымэнт нібыта ёсьць, але бярэш усяго пакрышку. Каб, як раней, разьбягаліся вочы ад выбару, такога няма», — падсумоўвае яна.
«Польскую касмэтыку замяніла францускай»
Падобная сытуацыя з побытавай хіміяй і таварамі для гігіены — цэны вырасьлі.
«Пракладкі Bella, якімі я карысталася раней і якія мне вельмі падабаліся, я замяніла, бо яны цяпер вельмі дарагія. Я перайшла на больш танныя варыянты. Асартымэнт нібыта застаўся, але тут пытаньне цаны», — адзначае дзяўчына.
Парашок у гранулах, якім яна карыстаецца, прадаецца, але даражэйшы, чым, прыкладам, у Польшчы. Раней Ганна карысталася польскай касмэтыкай для твару, цяпер тая зьнікла. Замяняе яе францускай, яна даражэйшая, але ёсьць у продажы. Ёсьць таксама іншая польская касмэтыка ў аптэках.
«Касмэтыка ёсьць, але не ў такім аб’ёме, як раней, не такі выбар. Не ўва ўсіх тых месцах, дзе раней прыходзіла і брала», — падсумоўвае Ганна.
Яна расказвае, што падаражэлі лінзы для зроку. Лінзы з ЗША раней каштавалі 14–15 рублёў за штуку, цяпер 18 рублёў і вышэй. З кожным прывозам яны робяцца даражэйшыя.
«Таблеткі вельмі дарагія, космас. Асабліва калі імпартныя, то ў 2–3 разы. Я набывала таблеткі для горла. Раней яны каштавалі 12–15 рублёў. Цяпер я заплаціла 22 ці 25 рублёў. Хварэць нявыгадна. Аўгмэнтын каштаваў 15–17 рублёў, цяпер больш за 20. Можна пашукаць, знайсьці, у якіх аптэках засталіся старыя завозы», — кажа яна.
Адзеньня, на думку суразмоўцы, у Беларусі хапае. Беларускія фірмы пачалі шыць прыгожыя, на ейны густ, сукенкі. Але набывае яна іх звычайна на зьніжках. Сьвяточная сукенка можа каштаваць 120–130 рублёў.
«Кожны раз даражэюць пампэрсы»
Беларуска Вольга* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) назірае, што выбар тавараў стаў меншы, цэны вырасьлі.
«Шэсьць гадоў таму я набывала пыласмок. Цяпер такі каштуе ў два разы даражэй», — кажа яна.
Пампэрсы для дзяцей, паводле яе, увесь час даражэюць.
«Бралі, было па 45, потым — 48, 50, 52. Хоць нібыта ніякіх перадумоваў няма. Курс (даляра) стаіць», — разважае суразмоўца.
Цацкі для дзяцей, напрыклад, наборы Lego, на думку маці, таксама лепшыя па якасьці ў Польшчы. У Беларусі падобныя наборы таксама можна набыць, але, паводле назіраньняў суразмоўцы, яны горшыя.
Мясную і малочную прадукцыю Вольга выбірае зь Беларусі. Яна кажа, што замежных прысмакаў і раней амаль ня ела. Заўважыла, што макавая сумесь для пірагоў у маленькім слоіку стала каштаваць 11 рублёў. Для яе гэта дорага. Слодычы бачыць у крамах беларускай і расейскай вытворчасьці.
«У „Сьвятлафоры“, дзе ўсё таннае, там усё расейскае», — кажа яна.
Адзеньне Вольга звычайна набывае ў сэканд-хэндах. Яна ня бачыць, каб гэтыя крамы зьнікалі. Зьмяншэньня асартымэнту ўжыванага адзеньня таксама не заўважыла.
Вольга хацела б набыць за мяжой рабочы інструмэнт і экіпіроўку для мужа. Там гэта, паводле яе, больш якаснае.
Беларуска Алеся* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) расказала, што і раней набывала большасьць тавараў беларускай вытворчасьці. Таму ўзаемныя санкцыі на ейнай штодзённасьці моцна не адбіліся. Адзеньне яна працягвае набываць фірмаў «Алеся», «Полесье». Заходнія прадукты, кажа, таксама дагэтуль можна знайсьці ў Беларусі.
«Залежыць, як ты зарабляеш. У Беларусі ўсё тое самае можна набыць, каву Lavazza, напрыклад. У Беларусі ўсё ёсьць, што трэба мне. Толькі пытаньне: таньней ці даражэй», — кажа Алеся.
Форум