Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь падоўжыла на год забарону на ўвоз прадукцыі зь «недружалюбных» краінаў


Сярод забароненай для ўвозу прадукцыі – мяса і іншыя прадукты харчаваньня. Ілюстрацыйнае фота
Сярод забароненай для ўвозу прадукцыі – мяса і іншыя прадукты харчаваньня. Ілюстрацыйнае фота

Забарона будзе дзейнічаць да 31 сьнежня 2024 году.

Савет міністраў Беларусі прадоўжыў адразу на год дзеяньне забароны на ўвоз прадукцыі зь «недружалюбных» краінаў. Яе ўвялі ў 2021 годзе ў адказ на заходнія санкцыі пасьля жорсткага разгону акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе.

Як адзначаецца ў пастанове, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі, забарона будзе дзейнічаць да 31 сьнежня 2024 году.

  • У Беларусі з 1 студзеня 2022 году ў адказ на заходнія санкцыі ўвялі забарону на імпарт зь «недружалюбных краін». Пад абмежаваньні падпалі, сярод іншага, мяса сьвежае, астуджанае і замарожанае буйной рагатай жывёлы, сьвініны і свойскай птушкі, субпрадукты, тлушчы, каўбасы, мяса салёнае, у расоле, сушанае або вэнджанае, харчовая мука зь мяса або мясных субпрадуктаў, малако і малочная прадукцыя, гародніна, садавіна і арэхі, кандытарскія вырабы, соль.
  • У пералік «недружалюбных краін» былі ўключаныя Аўстралія, краіны Эўразьвязу, Канада, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, Новая Зэляндыя, Альбанія, Ісьляндыя, Паўночная Македонія, Вялікая Брытанія, ЗША, Чарнагорыя і Швайцарыя.
  • Папярэдні раз харчовыя «контрасанкцыі» працягвалі ў сьнежні 2022 году. Тады было вырашана, што яны дзейнічаюць да 30 чэрвеня 2023 году. Адначасова ўрад скараціў пералік забароненых прадуктаў: былі зробленыя выключэньні для насеннай бульбы, а таксама сьвежай бульбы, якая ўвозіцца з 1 студзеня па 30 чэрвеня, і яблыкаў, што ўвозяцца з 1 студзеня па 30 чэрвеня. Па-ранейшаму быў забаронены ўвоз цыбулі, сьвежай белакачаннай капусты, сьвежай морквы, сталовых буракоў, арэхаў, мясной і малочнай прадукцыі, кандытарскіх вырабаў, каўбас і аналягічных прадуктаў.
  • Абмежаваньні не распаўсюджваюцца на тавары, якія вывозяць у краіны ЭАЭС, а таксама іншыя дзяржавы для аказаньня міжнароднай гуманітарнай дапамогі. Таксама новаўвядзеньне ня тычыцца тавараў, якія ідуць празь Беларусь транзытам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG