Шанцы пазбавіцца ад шчыльнай залежнасьці і самастойна вызначаць уласны шлях у такім суседзтве зьяўляюцца звычайна вельмі рэдка.
Сёньняшнія Беларусь, Украіна і некаторыя іншыя постсавецкія краіны сутыкнуліся менавіта з такой сытуацыяй. У гісторыі падобнае ня раз здаралася і раней. Якое ж выйсьце знаходзілі папярэднікі?
Сьцісла:
- На працягу мінулага стагодзьдзя многія маленькія ці сярэднія ўсходнеэўрапэйскія краіны ня раз апыналіся ў сытуацыі, калі рабіць самастойны геапалітычны выбар было надзвычай складана, часам — амаль немагчыма. Бо гэты выбар у іх імкнуліся адабраць значна больш магутныя суседзі, якія марылі пра сусьветнае дамінаваньне.
- Тая роля, якая ў адносінах з Расеяй сёньня адведзеная Лукашэнку — самага адданага і незаменнага сябра Масквы — на працягу 35 гадоў пасьля Другой сусьветнай вайны належала Тодару Жыўкаву, кіраўніку сацыялістычнай Баўгарыі.
- Палітычнае мастацтва суіснаваньня з агрэсіўным суседам — у манэўраваньні, балянсаваньні, выцісканьні з сытуацыі максымальна магчымага на гэты момант.
- Нейкай адзінай пераможнай і пасьпяховай стратэгіі ў суіснаваньні малой краіны па суседзтве з агрэсіўнай імпэрыяй не існуе: усё залежыць ад мноства фактараў і абставін. Але агульныя заканамернасьці ёсьць.
«Добра, што ў 2020-м у вас нічога не атрымалася»
Лукашэнка зь ягоным вострым палітычным чуцьцём заўсёды разумеў імпэрскую сутнасьць Пуціна і небясьпеку, якая зыходзіць ад расейскага «заклятага сябра». Небясьпеку, зразумела, найперш для беларускай незалежнасьці. Але парадаксальным чынам так склалася, што бяз гэтай незалежнасьці становіцца прывіднай і ягоная асабістая непадзельная ўлада, палітычная будучыня. Так Лукашэнка (магчыма, ня надта імкнучыся да таго і нават зусім таго не жадаючы) стаў абаронцам беларускай дзяржаўнасьці. Гэта выявілася і падчас драматычных падзеяў 2020 году, і адразу пасьля іх. У 2020-м Масква, зразумела, ня выпусьціла б з кіпцюроў сваю здабычу, нават калі б вынік народных пратэстаў у Беларусі быў зусім не такім, якім атрымаўся.
Пра сапраўднае стаўленьне Лукашэнкі да той сытуацыі стала вядома зь пераказу былога палітвязьня Віталя Шклярава некаторых дэталяў сустрэчы Лукашэнкі 10 кастрычніка 2020 году ў СІЗА КДБ з 12 палітзьняволенымі. Віталь Шкляраў успамінаў:
«Многія з прысутных пэўна запомнілі фразу, якую ён (Лукашэнка. — Аўт.) кінуў. Яна мне разанула слых і запомнілася надоўга. Ён сказаў: «Добра, што ў вас нічога не атрымалася. Вы дзеці, вы яшчэ не разумееце, што такое палітыка. Вас бы расейцы і Пуцін зжэрлі, як ельцынскіх дэмакратаў».
Пра тое, што Лукашэнка добра ведаў пра сапраўдныя памкненьні Пуціна задоўга да таго, як яны сталі відавочнымі для ўсіх, успамінае ў сваім нядаўнім інтэрвію Марыюш Машкевіч, амбасадар Польшчы ў Беларусі ў 1998–2002 гадах. Дыплямат згадвае фрагмэнт сваёй разьвітальнай размовы з Лукашэнкам у 2002 годзе:
«Я яму казаў, маўляў, бярыце прыклад з Расеі, там такая дэмакратыя, эканоміка разьвіваецца. А ён паглядзеў на мяне — і ў адказ: «Спадару пасол, вы памыляецеся, вы ня ведаеце, хто такі Пуцін, вы яшчэ ўбачыце, хто ён такі».
У пошуках пераможнай стратэгіі
На працягу мінулага стагодзьдзя многія маленькія ці сярэднія ўсходнеэўрапэйскія краіны апыналіся ў сытуацыі, калі рабіць самастойны геапалітычны выбар было надзвычай складана, часам — амаль немагчыма. Бо гэты выбар у іх імкнуліся адабраць значна больш магутныя суседзі, якія марылі пра сусьветнае дамінаваньне.
Аналёгіі з тым, што адбываецца сёньня ў жорсткім супрацьстаяньні паміж Расеяй і Ўкраінай, больш чым празрыстыя. Пастаўленыя ў становішча, калі трэба было выбіраць, розныя краіны выбіралі розную лінію паводзін. Выбар, па сутнасьці, быў вельмі абмежаваны: паддацца ўльтыматыўным патрабаваньням больш моцнага суседа і такім чынам, па сутнасьці, трапіць у васальнае залежнае становішча, ці аказаць узброены супраціў і спрабаваць адстаяць незалежнасьць, рызыкуючы пры гэтым вялізнымі чалавечымі ахвярамі і тэрытарыяльнымі ды матэрыяльнымі стратамі. Як паказала гістарычная практыка, нейкай адзінай пераможнай стратэгіі тут не існуе. Розныя дзяржавы ў розных гістарычных абставінах спрабавалі ратавацца рознымі спосабамі. Чэхаславаччына ў 1938-м паслухмяна склала зброю, паддалася агрэсіўнаму суседу (што праўда, не бязь ціску саюзьнікаў, Вялікай Брытаніі і Францыі: размова пра вядомую «Мюнхэнскую змову»). Вынік: Гітлер не абмежаваўся анэксіяй населеных пераважна немцамі чэскіх Судэтаў, а ўжо праз год акупаваў усю Чэхію і зьнішчыў чэхаславацкую незалежнасьць.
Па-іншаму паспрабавала дзейнічаць у 1939-м Польшча: адрынула ўсе ўльтыматумы і аказала зацяты супраціў агрэсару. Калі б тагачаснае польскае кіраўніцтва ведала, што Гітлер на момант нападу ўжо быў у змове са Сталіным (пакт Молатава — Рыбэнтропа) і што ў верасьні 1939-га Польшчу чакае агрэсія ня толькі з захаду, але і з усходу, а магутныя саюзьнікі амаль ніяк не падтрымаюць, магчыма, была б выбраная іншая стратэгія. У кожным разе канчатковы вынік для Польшчы быў значна больш драматычным, чым для Чэхаславаччыны: ня толькі ліквідацыя незалежнасьці, але яшчэ і шматмільённыя чалавечыя ахвяры, разбураныя гарады, масавыя палітычныя рэпрэсіі, незьлічоныя матэрыяльная страты — тое, чаго Чэхаславаччыне, па вялікім рахунку, удалося пазьбегнуць.
Ці азначае гэта, што тактыка «не супраціўляцца больш магутнаму агрэсару, бо сілы ўсё роўна несувымерныя, а паслухмянасьць прынамсі захавае людзкія жыцьці» — адзіна рацыянальная і слушная? Зусім не. Згадайма прыклады з таго ж гістарычнага пэрыяду. Узімку 1939/1940 гадоў Фінляндыя, нягледзячы на несувымернасьць свайго вайсковага патэнцыялу зь сіламі агрэсара, не паддалася на ўльтыматум, аказала зацяты супраціў сталінскаму Савецкаму Саюзу. Так, у выніку вайны страціла значную частку тэрыторыі, але адстаяла незалежнасьць і пазьбегла незайздроснай долі — уключэньня ў склад СССР.
І прыклад іншай палітычнай стратэгіі з таго ж пэрыяду сталінска-гітлераўскага падзелу Ўсходняй Эўропы: савецкая анэксія краін Балтыі ў 1940 годзе, якой законныя ўлады гэтых трох краін не адважыліся супраціўляцца. Вынік: акупацыя, якая расьцягнулася больш як на 40 гадоў; саветызацыя і русыфікацыя; палітычныя рэпрэсіі і ўсе іншыя адметнасьці камуністычнай сыстэмы.
«Мядзьведзь ні ў кога дазволу пытацца ня будзе»
Палітычнае мастацтва суіснаваньня з агрэсіўным суседам — у манэўраваньні, балянсаваньні, выцісканьні з сытуацыі максымальна магчымага на гэты момант. Бясспрэчна: праўда, справядлівасьць і міжнароднае права — на баку Ўкраіны. Гэтак жа, як яны былі на баку Чэхаславаччыны ў 1938 годзе. І на баку Польшчы ў 1939-м. І на баку Нарвэгіі ці Даніі ў 1940-м. Але міжнародныя нормы, правілы і дамовы становяцца бясьсільнымі і бездапаможнымі, калі зьяўляюцца такія асобы, як Гітлер ці Пуцін. «Мядзьведзь ні ў кога дазволу пытацца ня будзе», — прамовіў Уладзімір Пуцін у 2014 годзе на Валдайскім форуме, неўзабаве пасьля анэксіі Крыму. З таго часу гэты афарызм мог бы стаць унівэрсальным тлумачэньнем замежнай палітыкі пуцінскай Расеі.
Гэтыя гістарычныя прыклады сьведчаць толькі пра тое, што нейкай адзінай пераможнай і пасьпяховай стратэгіі ў суіснаваньні малой краіны ў суседзтве з агрэсіўнай імпэрыяй не існуе: усё залежыць ад мноства абставін. Нягледзячы на тое, што з часу вялікага перадзелу эўрапейскіх межаў 30-40-х гадоў мінула амаль стагодзьдзе, сутнасьць імпэрый і дыктатарскіх рэжымаў мала зьмянілася. Як і пералік варыянтаў, чым можа адказаць ахвяра на агрэсіўныя дзеяньні магутнага суседа.
Ці быў у прэзыдэнта Зяленскага выбар, магчымасьць ухіліцца ад вайны з Расеяй? Згадайма нядаўняе выказваньне на гэты конт кандыдата ў прэзыдэнты ЗША Дональда Трампа на перадвыбарным мітынгу ў Паўночнай Караліне:
«Любая дамова — самая дрэнная дамова — была б лепшай за тое, што ў нас ёсьць цяпер, — сказаў Трамп. — Калі б яны заключылі дрэнную дамову, гэта было б нашмат лепш. Яны б саступілі крыху, і ўсе б засталіся жывыя, і ўсе будынкі былі б цэлыя».
Можна назваць мноства прычын і абставін, чаму такая дамова была б несправядлівай і няправільнай. Бясспрэчна ж: і міжнароднае права, і прынцыпы справядлівасьці — на баку Ўкраіны. І грамадзкая думка наўрад ці даравала б Зяленскаму такую ўгоду з Масквой, якую, напэўна, палічылі б здрадай нацыянальным інтарэсам. І ўладу ён мог бы ў выніку лёгка страціць... Але дастаткова параўнаць тую сытуацыю ва Ўкраіне, якой яна была да 2022 году, і цяперашнюю, каб прынамсі задумацца над словамі Трампа.
Тодар Жыўкаў як галоўны сябар Савецкага Саюзу
Тая роля, якая ў адносінах з Расеяй сёньня адведзеная Лукашэнку — самага адданага і незаменнага сябра Масквы — на працягу многіх пасьляваенных дзесяцігодзьдзяў належала Тодару Жыўкаву, кіраўніку сацыялістычнай Баўгарыі. Кіраваў Жыўкаў доўга, 35 гадоў: прыйшоўшы да ўлады неўзабаве пасьля сьмерці Сталіна, пакінуў яе толькі ў пэрыяд краху сацыялістычнай сыстэмы, у лістападзе 1989-га.
І на працягу ўсяго гэтага значнага адрэзку часу нязьменна дэманстраваў поўную ляяльнасьць да Масквы, падтрымку любых ініцыятыў, калі б і ад каго б з Крамля яны ні зыходзілі — ад Хрушчова, Брэжнева ці Гарбачова. Масква стварае ваенны блёк Варшаўскай дамовы? Жыўкаў уступае туды адным зь першых. СССР уводзіць войскі ў Будапэшт, каб задушыць Вугорскае паўстаньне — Жыўкаў цалкам падтрымлівае Маскву. Брэжнеў накіроўвае войскі ў Чэхаславаччыну, каб задушыць «Праскую вясну» — Жыўкаў у дапамогу СССР накіроўвае туды ж некалькі палкоў баўгарскай арміі.
«Дружба савецкага і баўгарскага народаў непарушная навекі!», «Сяброўства, замацаванае стагодзьдзямі», «Навечна з Масквой і з савецкім народам» — звыклыя лёзунгі савецкай і баўгарскай прапаганды на працягу ўсіх 35 гадоў кіраваньня Жыўкава. Брэжнеў прысвойвае Жыўкаву званьне Героя Савецкага Саюзу. Жыўкаў у адказ, ведаючы слабасьць Леаніда Ільіча да мэдалёў і ордэнаў, робіць Брэжнева ажно тройчы Героем НРБ.
У грамадзкай сьвядомасьці ў СССР трывала замацоўваецца ўяўленьне пра Баўгарыю як пра патэнцыйна яшчэ адну савецкую рэспубліку, якая нібыта сама рвецца ўступіць у Савецкі Саюз і толькі нейкія фармальныя прычыны гэтаму замінаюць. (У якасьці найбольш відавочнай называюць адсутнасьць агульнай мяжы). Наколькі гэтыя стэрэатыпы мелі пад сабой рэальныя падставы? Ужо ў наш час баўгарскія гісторыкі адмыслова дасьледавалі гэту тэму. І сапраўды, у архівах ЦК БКП знайшліся некаторыя дакумэнты, якія сьведчаць, што такое пытаньне ў ЦК абмяркоўвалася. Але ніякага афіцыйнага рашэньня на гэты конт у Сафіі не прымалі. З чаго аўтары робяць выснову, што ў рэальнасьці Жыўкаў да такога далучэньня не імкнуўся. Некаторыя набліжаныя да Жыўкава лічаць, што гэта быў толькі блеф з боку баўгарскага лідэра, разьлічаны на тое, каб давер да яго з боку Масквы толькі ўмацоўваўся.
Моцныя сяброўскія пацалункі і палітычная самаадданасьць канвэрсаваліся ў важкую эканамічную падтрымку Масквой свайго адданага хаўрусьніка. Баўгарыя пры Жыўкаву сапраўды дамаглася прыкметных эканамічных посьпехаў. Да Другой сусьветнай вайны яна, як і многія іншыя балканскія краіны — колішнія ўскраіны Асманскай імпэрыі была пераважна аграрнай, са слаба разьвітай прамысловасьцю. А ў сярэдзіне 80-х узровень жыцьця ў Баўгарыі ўжо быў вышэйшы, чым у СССР. На 100 хатніх гаспадарак — 40 прыватных аўтамабіляў, 96 пральных машын, 96 лядоўняў. Рукамі савецкіх спэцыялістаў за савецкія ж грошы была пабудаваная АЭС у баўгарскім Казладуі.
Штогод у якасьці незваротных субсыдый толькі на датацыі баўгарскай сельскай гаспадарцы СССР пералічваў больш за 400 мільёнаў рублёў (у маштабе сёньняшніх цэнаў гэта каля 2 мільярдаў даляраў). Баўгарыя атрымлівала немалыя грошы ад рээкспарту на Захад савецкай нафты. Па вялікай просьбе Жыўкава ў космас былі адпраўленыя два баўгарскія касманаўты (не касьмічныя турысты, а сапраўдныя, рэальныя пілёты: Жыўкаў лічыў гэта вялікім іміджавым праектам для Баўгарыі). Уражвае, як дакладна Лукашэнка капіяваў і капіюе гэтыя практыкі ў адносінах з Масквой праз паўстагодзьдзя пасьля Жыўкава.
Учора «братушкі», сёньня — «здраднікі»
Увогуле, у гэтых дзьвюх асобаў (Лукашэнкі і Жыўкава) можна знайсьці шмат падобных і нават агульных рысаў. Абодва — зь бедных сялянскіх сем’яў, самастойна прабіваліся на самы палітычны верх і потым да апошняй магчымасьці трымаліся за ўладу. Абодвум уласьцівы хітравата-прагматычны сялянскі падыход да самых складаных праблемаў, у тым ліку і ў адносінах з Масквой. Яны нават вонкава ў чымсьці падобныя адзін на аднаго, прынамсі характэрнымі доўгімі пасмамі валасоў, зачасанымі на лысіне.
Адметныя славутыя выказваньні Жыўкава, якія ў Баўгарыі сталі фразэалягізмамі і дагэтуль час ад часу гучаць у народзе. Напрыклад, такія:
- «Добры журналіст — той, хто піша ня тое, пра што гавораць, а тое, што нам патрэбна».
- «Міліцыя належыць народу, і народ належыць міліцыі».
- «Да 9 верасьня 1944 году баўгарскі народ вісеў, як рыба, на краі бездані. Пасьля дзевяці гадоў ён зрабіў лёсавызначальныя крокі наперад».
Лукашэнка ня раз выказваўся ў падобнай стылістыцы і пакіне пасьля сябе нямала падобных крылатых выразаў.
Што адметна: на тле няспыннай дэманстрацыі ляяльнасьці Маскве Тодар Жыўкаў, не асабліва гэта афішуючы, наладжваў цесныя адносіны з Захадам. Ягонымі добрымі знаёмымі былі заходненямецкія лідэры Гельмут Коль і Франц Ёзэф Штраўс. А тэхналягічнымі дасягненьнямі Японіі позьні Жыўкаў настолькі зачараваўся, што пад канец сваёй палітычнай кар’еры быў апантаны ператварыць Баўгарыю ў «балканскую мікра-Японію». Чуткі пра гэты пражэкт дайшлі да Гарбачова. І ён, нягледзячы на ўсю сваю празаходнюю рыторыку, паставіўся да гэтага надзвычай раўніва. У сваёй кнізе мэмуараў «Жыцьцё і рэформы» Гарбачоў пазьней напісаў:
«Хтосьці з атачэньня пераканаў Жыўкава ў мэтазгоднасьці ўстанавіць асаблівыя адносіны з Токіё, каб ператварыць Баўгарыю, так бы мовіць, у балканскую мікра-Японію. Мелася на ўвазе, у прыватнасьці, наладзіць вытворчасьць па японскіх схемах і тэхналёгіях прадукцыі мікраэлектронікі. Памятаю, як балюча рэагаваў Жыўкаў, калі я ў адной з гутарак папрасіў яго расказаць нам пра гэту канцэпцыю „мікра-Японіі“. ...Для больш поўнага высвятленьня абстаноўкі ў Баўгарыю выяжджаў Мядзьведзеў, а затым восеньню 1987 году адбылася і мая сустрэча з Жыўкавым. Гаварылі аб пастаўленых ім пытаньнях. Пазьней гэтая гутарка інтэрпрэтавалася зь ягоных слоў у Баўгарыі ў тым сэнсе, што Гарбачоў, маўляў, сарваў намер Жыўкава пераарыентаваць Баўгарыю на Захад».
Урэшце не бязь дзейснага ўдзелу Гарбачова Жыўкаў страціў уладу, а потым нават трапіў пад суд (праўда, абышлося пераважна хатнім арыштам, бяз жорсткага пакараньня). А сама Баўгарыя, як і весь былы ўсходнеславянскі блёк, неўзабаве ўсё ж пераарыентавалася на Захад, але ўжо і бяз Жыўкава, і без Гарбачова. Менавіта пры Пуціну адбылося ўступленьне Баўгарыі спачатку ў NATO (2004), а потым і ў Эўразьвяз (2007). У Расеі, якая на той час ужо імкліва станавілася на рэйкі аднаўленьня імпэрыі, гэта было ўспрынята асабліва балюча — як здрада тых, каго доўгі час называлі «братушкамі» і верылі іхным клятвам у вечную дружбу.
У чаканьні «акна магчымасьцяў»
Магчыма, сёньняшняя Беларусь у чымсьці паўтарае колішні досьвед краін Усходняй Эўропы, якія на працягу чатырох пасьляваенных дзесяцігодзьдзяў не былі ў поўнай меры незалежнымі, вымушаныя былі існаваць у жорсткіх рамках брэжнеўскай дактрыны «абмежаванага сувэрэнітэту» і рабілі выгляд, што зьяўляюцца адданымі саюзьнікамі. А ў рэальнасьці чакалі зручнага моманту, «акна магчымасьцяў», калі зьявіцца шанец вырвацца з надакучлівых і няшчырых абдымкаў, каб тут жа схавацца пад парасон NATO і Эўрапейскага зьвязу. Урэшце выйгралі тыя, хто прыстасаваўся пад сытуацыю, цярпліва зьберагаючы народ і асновы дзяржавы, адкрыта не супраціўляючыся імпэрыі і выкарыстоўваючы яе рэсурсы для ўласнага паступовага разьвіцьця.
Ці зьяўляецца такім лідэрам Лукашэнка? Назіраючы за ягонай палітыкай апошніх гадоў, у гэта цяжка паверыць. Але хто ведае, што будзе праз адно-два дзесяцігодзьдзі?..
Так, ён пасьлядоўна і даволі пасьпяхова трымаецца апрабаванай многімі сатэлітамі СССР палітыкі «нафта ў абмен на пацалункі», актыўна эксплюатуе вобраз галоўнага і адданага сябра Крамля, як у свой час рабіў Тодар Жыўкаў. Але што датычыць балансу ў адносінах зь іншымі (па-за Расеяй) краінамі сьвету (і асабліва з краінамі Захаду), то тут уражаньне такое, што масты ня ўзводзяцца, а адзін за другім спальваюцца, пакідаючы Беларусь сам-насам з імпэрыяй Пуціна. Небясьпеку гэтага, здаецца, разумее ўжо і сам Лукашэнка, спрабуючы на папялішчы аднавіць калі ня мост, то хоць сякую-такую пераправу. Зрэшты, пакуль што — без асаблівага плёну.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум