На латвійска-беларускай мяжы актывізаваліся нерэгулярныя мігранты: за апошнія тры дні мяжу незаконна спрабавалі перасячы 179 чалавек, паведаміла 14 красавіка агенцтва LETA са спасылкай на інфармацыю Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі.
Паводле прадстаўнікоў памежнай службы краіны, было прадказальна, што плынь незаконнай міграцыі адновіцца з надыходам цёплага надвор’я.
З пачатку 2025 году латвійскія памежнікі спынілі 877 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы. 7 чалавек прапусьцілі з гуманітарных меркаваньняў.
У сьнежні 2024 году ўрад Латвіі падоўжыў узмоцнены рэжым аховы мяжы зь Беларусьсю да 30 чэрвеня 2025 году. У матэрыяле таксама нагадваюць, што з 19 сакавіка пункт пропуску на мяжы Латвіі зь Беларусьсю «Патэрніекі» можна перасякаць толькі на аўтамабілях.
Паведамляецца, што ў 2024 годзе латвійскія памежнікі спынілі 5 388 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы зь беларускага боку. У 2023 годзе, паводле падлікаў «Позірку», такіх спробаў было 13 863.
Згодна са статыстыкай, якую вядзе «Позірк», у красавіку мігранты на мяжы Беларусі і Латвіі сапраўды значна актывізаваліся. У студзені было спынена 132 спробы нелегальнага пераходу, у лютым — 75, у сакавіку — 148, з пачатку красавіка — 522, што ўжо амаль у 1,5 раза перавысіла сумарны паказчык першага кварталу (355).
Пры гэтым, паводле падлікаў «Позірку» за 11-13 красавіка, калі Латвія заявіла пра 179 спыненых спробаў незаконнага перасячэньня мяжы зь беларускага боку, на польскай мяжы іх было 115, на літоўскай — 72.
14 красавіка Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі і СК заявілі пра выяўленьне двума днямі раней у Верхнядзьвінскім раёне за 10 мэтраў ад латвійскага памежнага плота мігранта без прыкметаў жыцьця.
Як вынікае са статыстыкі Памежнай службы Літвы, мігранты актывізаваліся і на літоўскім напрамку: з пачатку 2025 году літоўскія памежнікі не пусьцілі ў краіну 363 нелегальных мігрантаў зь Беларусі, у той час як за ўвесь 2024 год — 1002 мігранты зь беларускай тэрыторыі.
Паводле літоўскай памежнай службы, 14 красавіка ў Літву зь Беларусі спрабавалі нелегальна трапіць 36 мігрантаў, у Латвію — 120. У Польшчу 13 красавіка (статыстыку публікуюць са спазьненьнем на дзень) спрабавалі нелегальна трапіць 39 мігрантаў зь Беларусі.
- Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
- 3 кастрычніка 2024 году міністар унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк прызнаўся, што сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю стала «адным з самых сур’ёзных крызісаў» для польскай дзяржавы і «велізарным выклікам» для яго самога.
- Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча збудавалі сьцяну на мяжы зь Беларусьсю. Урады спачатку Літвы, а потым Латвіі і Польшчы ўлетку 2021-га зрабілі істотна стражэйшым заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў сумежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў.
- Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны ЭЗ. Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- З пачатку 2025 году, паводле падлікаў «Позірку», Польшча спыніла сама меней 4,6 тысячы спробаў незаконнага перасячэньня мяжы зь беларускай тэрыторыі, з пачатку красавіка — больш за 1,1 тысячы спробаў.
- За 2024 год Літва, Латвія і Польшча агулам спынілі 36,3 тысячы спробаў незаконнага пранікненьня мігрантаў зь беларускай тэрыторыі.
Мігранцкі крызіс 2021-2025. Асноўнае
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
- Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
- Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
- У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
- Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
- Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
- 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
- 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
- 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
- У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
- 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
- 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
- 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
- Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
- 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
- Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
- 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
- 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
- На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
- На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
- За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
- Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.
Форум