Беларускі Караліна і Кацярына правялі першую цырымонію заключэньня аднаполага шлюбу ў Вільні, паведамляе Delfi. Паколькі ў Літве гэтага не дазваляе закон, шлюб зарэгістравалі дыстанцыйна ў амэрыканскім штаце Юта.
Цырымонію правялі ў віленскім бары BITC BAR. Адразу пасьля цырымоніі пара атрымала электроннае пасьведчаньне аб рэгістрацыі шлюбу, якое мае ў Літве юрыдычную сілу, расказалі выданьню ўладальнікі бара Максім і Паўлюс.
Караліна і Кацярына пазнаёміліся яшчэ ў Менску ў 2020 годзе, пасьля пратэстаў. Ужо ў Вільні дзяўчаты даведаліся, што ўладальнікі аднаго з бараў шукаюць тых, хто хацеў бы ўзяць першы аднаполы шлюб у сталіцы Літвы.
З 2019 году Літва афіцыйна прызнае аднаполыя шлюбы, заключаныя за мяжой. Аднак у самой краіне аднаполыя пары ня могуць расьпісацца: паводле Канстытуцыі Літвы, шлюб — гэта выключна саюз мужчыны і жанчыны.
- Беларусь другі год запар займае 45-е месца сярод 49 краінаў Эўропы ў пытаньні прававога становішча прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасьці, вынікае са штогадовай мапы арганізацыі эўрапейскіх ЛГБТК+ ILGA-Europe. Па выніках праведзенай арганізацыяй ацэнкі прававой сытуацыі, Беларусь набрала 11,16 са 100% (у 2023 годзе — 12,06%).
- У лютым 2024 году Генпракуратура Беларусі ініцыявала новы законапраект, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасьць за «прапаганду нетрадыцыйных сямейных адносінаў».
- У красавіку 2024 году Міністэрства культуры Беларусі ўнесла зьмены ў інструкцыю па выпуску і продажу эратычнай прадукцыі і тавараў сэксуальнага прызначэньня. У ёй, у прыватнасьці, перагледзелі азначэньне парнаграфіі: цяпер «парнаграфіяй» лічацца «нетрадыцыйныя палавыя адносіны і (або) палавыя паводзіны», якімі Мінкульт, сярод іншага, лічыць гомасэксуальныя і бісэксуальныя адносіны, транссэксуальнасьць.
- У Беларусі прадстаўнікі ЛГБТК-супольнасьці нярэдка трапляюць пад перасьлед. Так, у верасьні 2024 году па краіне прайшла хваля затрыманьняў прадстаўнікоў супольнасьці ЛГБТК+, у рамках якой затрымалі сама меней 8 транспэрсонаў і каля дзясятка прадстаўнікоў супольнасьці ЛГБТК+.
Форум