Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША пачалося датэрміновае галасаваньне на выбарах прэзыдэнта ЗША. У штаце Джорджыя рэкордная яўка


Чарга на выбарчым участку ў ЗША. 2024
Чарга на выбарчым участку ў ЗША. 2024

Асноўны дзень галасаваньня ў ЗША 5 лістапада.

Рэкордная колькасьць выбарнікаў, якія жывуць у Джорджыі, прыйшла ў аўторак на ўчасткі для галасаваньня — у штаце 15 кастрычніка пачалося датэрміновае галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах, паведамілі ў аўторак мясцовыя ўлады, піша «Голас Амэрыкі».

На 16:00 паводле мясцовага часу як мінімум 252 тысячы выбарнікаў прыйшлі на ўчасткі для датэрміновага галасаваньня, што амаль удвая перавышае паказчык, зарэгістраваны перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў 2020 годзе (136 тысяч чалавек). Габрыэль Стэрлінг, намесьнік кіраўніка выбарчай камісіі Джорджыі, назваў такую яўку «фэнамэнальнай».

Датэрміновае галасаваньне як асабіста, так і праз пошту становіцца ўсё больш папулярным сярод амэрыканскіх выбарнікаў. Паводле дадзеных Лябараторыі вывучэньня выбараў Унівэрсытэту Флорыды, амаль кожны сёмы выбарнік у 2020 годзе прагаласаваў датэрмінова. Аднак многія рэспубліканцы тады выступалі супраць пашырэньня галасаваньня па пошце, заяўляючы, што ў пляне недапушчэньня фальсыфікацый трэба аддаваць перавагу асабістаму галасаваньню. Дональд Трамп, спасылаючыся на непраўдзівыя паведамленьні аб махлярстве з паштовымі бюлетэнямі, беспасьпяхова спрабаваў аспрэчыць сваю паразу на выбарах, якія прайшлі чатыры гады таму.

Некаторыя рэспубліканцы працягваюць настойваць на тым, што выбарнікі павінны мець магчымасьць галасаваць толькі асабіста ў дзень выбараў, хаця кіраўніцтва партыі цяпер заклікае прыхільнікаў галасаваць загадзя.
Па зьвестках дасьледнікаў з Унівэрсытэту Флорыды, на гэты момант па ўсёй краіне ўжо прагаласавалі 5,5 млн амэрыканцаў. Для параўнаньня, на гэтым этапе выбараў 2020 году свае галасы падалі 27 мільёнаў чалавек, бо выбарнікі імкнуліся пазьбегнуць вялікай колькасьці людзей на ўчастках падчас пандэміі COVID-19.

Як і ў некаторых іншых штатах, у Джорджыі ўзмацнілі жорсткасьць закону аб паштовым галасаваньні, патрабуючы ад выбарнікаў, якія жадаюць прагаласаваць завочна, прад’явіць пасьведчаньне асобы і абмяжоўваючы колькасьць месцаў для падачы бюлетэняў.

Джорджыя — адзін зь сямі ключавых так званых хісткіх штатаў штатаў, вынікі галасаваньня ў якіх, як чакаецца, могуць адыграць вырашальную ролю ў зыходзе выбараў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG