Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму вынік выбараў у ЗША будзе залежаць ад «хісткіх штатаў». Аналіз Свабоды


Кандыдаты на выбарах прэзыдэнта ЗША Дональд Трамп і Камала Гарыс. Каляж
Кандыдаты на выбарах прэзыдэнта ЗША Дональд Трамп і Камала Гарыс. Каляж

Вынік прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, хутчэй за ўсё, будзе залежаць ад выбарнікаў у сямі «хісткіх штатах», дзе ён менш прадказальны, чым у традыцыйных апорных штатах рэспубліканцаў ці дэмакратаў. Вось чаму Трамп і Гарыс засяроджваюць сваю ўвагу на гэтых ключавых штатах.

Па меры набліжэньня выбараў 5 лістапада кандыдаты ў прэзыдэнты ЗША Камала Гарыс і Дональд Трамп шмат разоў наведвалі Пэнсыльванію, Мічыган і Вісконсін, спрабуючы прыцягнуць на свой бок невялікі працэнт выбарнікаў, што ня вызначыліся ў гэтых штатах і могуць нахіліць шалі на іх карысьць.

Разам з чатырма іншымі «хісткімі штатамі» гэтыя тры штаты будуць адыгрываць ключавую ролю ў вызначэньні таго, хто стане 47-м прэзыдэнтам Злучаных Штатаў. Фактычна, вынік выбараў можа залежаць усяго ад 150 тысяч галасоў, разьмеркаваных паміж гэтымі штатамі.

Карэспандэнт Свабоды Тод Прынс сабраў, што трэба ведаць пра «хісткія штаты» і іх непрапарцыйна вялікі ўплыў на прэзыдэнцкія выбары ў ЗША.

Хто такія выбарнікі і электары

У амэрыканскай выбарчай сыстэме трэба адрозьніваць выбарнікаў і электараў:

  • Выбарнікі (voters) — гэта амэрыканскія грамадзяне, які галасуюць на выбарчых участках.
  • Электары (electors) — калегія ўпаўнаважаных, што пазьней па выніках галасаваньня ва ўсіх штатах фармальна выбірае прэзыдэнта.

Каб перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах, кандыдату неабходна набраць 270 з 538 галасоў электараў.

Сход электараў ад штату Паўночная Караліна. 2016
Сход электараў ад штату Паўночная Караліна. 2016

Што такое «хісткія штаты»?

«Хісткія штаты» — гэта тыя штаты, дзе барацьба за галасы выбарнікаў асабліва вострая, і менавіта іх выбар вырашыць, хто стане наступным прэзыдэнтам ЗША. Сёлета гэта Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. Цягам часу склад «хісткіх штатаў» мяняўся праз зьмены ў дэмаграфіі, актуальных праблемах краіны і палітычных партыях.

Пэнсыльванія, Мічыган і Вісконсін зь іх вялікімі рабочымі клясамі, гістарычна галасавалі за дэмакратаў. Усе тры штаты зьмянілі свае перавагі ў 2016 годзе і прагаласавалі за Трампа, які выступаў супраць гандлёвых пагадненьняў, якія, паводле яго, прыносілі выгаду эліце за кошт рабочых. Трамп абяцаў увесьці мыта на імпартныя тавары і вярнуць працоўныя месцы ў прамысловасьць ЗША.

Падлік бюлетэняў на выбарах у ЗША. 2016
Падлік бюлетэняў на выбарах у ЗША. 2016

З другога боку, Паўночная Караліна і Джорджыя гістарычна галасавалі за рэспубліканцаў на прэзыдэнцкіх выбарах, але ў апошнія гады барацьба ў гэтых штатах стала больш напружанай. У Паўночную Караліну пераяжджае ўсё больш людзей зь Нью-Ёрку і іншых штатаў, якія традыцыйна галасуюць за дэмакратаў, у той час як у Джорджыі расьце працэнт афраамэрыканцаў і іншых этнічных меншасьцяў, якія традыцыйна падтрымліваюць Дэмакратычную партыю.

Фэномэн «хісткіх штатаў» зьяўляецца вынікам складанай сыстэмы падліку галасоў выбарнікаў у ЗША і таго факту, што ў многіх штатах адна і тая ж партыя перамагала на прэзыдэнцкіх выбарах зноў і зноў, тлумачыць Дэйвід Шульц, прафэсар паліталёгіі ў Унівэрсытэце Гэмлайн у Мінэсоце.

У адрозьненьне ад большасьці іншых краінаў з прэзыдэнцкай сыстэмай, у ЗША лідэра выбіраюць не па выніках усеагульнага галасаваньня. Пераможца вызначаецца вынікам галасаваньня ў асобных штатах, якія дэлегуюць сваіх электараў.

«У ЗША гэта 50 асобных выбараў у кожным з 50 штатаў, плюс акруга Калюмбія, якія ў канчатковым выніку выбіраюць прэзыдэнта», — сказаў Дэйвід Шульц, рэдактар кнігі «Прэзыдэнцкія хісткія штаты» (2019).

З рэдкімі выключэньнямі, кожны штат аддае ўсе свае галасы выбарнікаў кандыдату, які набраў найбольшую колькасьць галасоў у ім. Напрыклад, пераможца галасаваньня ў Пэнсыльваніі атрымлівае 19 галасоў электараў.

Кожны штат атрымлівае колькасьць галасоў электараў, якая прыблізна адпавядае колькасьці яго насельніцтва. Аляска, Паўночная Дакота, Паўднёвая Дакота, Вэрмонт і Ваёмінг маюць па тры галасы электараў, як і акруга Калюмбія. Чатыры штаты з найбольшай колькасьцю галасоў электараў — гэта Каліфорнія (54), Тэхас (40), Флорыда (30) і Нью-Ёрк (28).

У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.

У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй: напрыклад, у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.

«За апошнія 40 гадоў штаты вызначыліся з партыйнай ляяльнасьцю. У некаторых штатах больш выбарнікаў-дэмакратаў, у іншых больш выбарнікаў-рэспубліканцаў. І паколькі партыйная ляяльнасьць вельмі моцная, мы ведалі за некалькі гадоў да выбараў 2024 году, колькі штатаў і як прагаласуюць», — сказаў Шульц.

Белы дом, сядзіба прэзыдэнта ЗША. Вашынгтон. 2020
Белы дом, сядзіба прэзыдэнта ЗША. Вашынгтон. 2020

Як выглядае сытуацыя сёлета?

Паводле прагнозаў сайту 270towin.com, незалежнага рэсурсу, які зьбірае дадзеныя апытаньняў і прафэсійныя прагнозы, Гарыс можа разьлічваць як мінімум на 226 галасоў электараў, перамогшы ў такіх штатах, як Каліфорнія, Ілінойс і Нью-Ёрк. Трамп, хутчэй за ўсё, атрымае як мінімум 219 галасоў, перамогшы ў Тэхасе, Флорыдзе і Тэнэсі.

Астатнія сем «хісткіх штатаў» зь іх 93 галасамі электараў вызначаць вынік выбараў.

Менш чым за месяц да выбараў, згодна з аналізам апытаньняў выданьня The Hill, Гарыс лідэрка ў чатырох «хісткіх штатах», а Трамп — у трох. Аднак разрыў мінімальны: менш за 1% галасоў аддзяляе кандыдатаў у пяці «хісткіх штатах» і менш за 2% у астатніх двух.

Шульц адзначае, што вынік выбараў вызначаць 150–200 тысяч галасоў у сямі «хісткіх штатах» — гэта прыблізна 0,1% ад усіх чаканых галасоў.

Гэта ня будзе беспрэцэдэнтным выпадкам. На прэзыдэнцкіх выбарах 2000 году ўсяго 537 галасоў у Флорыдзе вырашылі вынік выбараў, калі рэспубліканец Джордж Буш перамог дэмакрата Альбэрта Гора.

Фактычна, гэтая перадвыбарная гонка больш падобная на выбары 2020 году. На тых выбарах дэмакрат Джо Байдэн лёгка перамог у агульнанацыянальным галасаваньні, атрымаўшы каля 80 мільёнаў галасоў супраць 74 мільёнаў у Трампа.

Тым ня менш дадзеныя па штатах паказваюць, што выбары былі вельмі напружанымі. Байдэн перамог у Джорджыі, Арызоне і Вісконсіне з агульнай перавагай усяго ў 44 тысяч галасоў. Бяз гэтых штатаў у яго было б 269 галасоў электараў, што прывяло б да нічыёй з Трампам і перадало выбары на разгляд Кангрэсу. А такое здаралася толькі аднойчы, у 1800 годзе.

У чым сакрэт перамогі ў «хісткіх штатах»?

Пераможца ў «хісткіх штатах» — а значыць і на выбарах у цэлым — часта вызначаецца ўсяго некалькімі акругамі, такімі як Марыкопа ў Арызоне, Уэйн у Мічыгане і Браўн у Вісконсіне.

«На мой погляд, вынік выбараў вырашыцца некалькімі нявызначанымі выбарнікамі ў некалькіх акругах „хісткіх штатаў“», — сказаў Шульц.

Пэнсыльванія зь яе 19 галасамі электараў зьяўляецца самым важным зь сямі «хісткіх штатаў». А ключавым полем бою зьяўляецца акруга Лакаванна зь яе адміністрацыйным цэнтрам у Скратоне, адзначае Шульц.

«Як прагаласуе Скратон, так і вырашацца прэзыдэнцкія выбары ў ЗША», — напісаў ён у блогу на Substack мінулага месяца.

«У 2024 годзе акруга Лакаванна зноў стане вырашальным індыкатарам, які вызначыць, стане ці Дональд Трамп ці Камала Гарыс прэзыдэнтам».

  • 16x9 Image

    Тод Прынс

    Тод Прынс — старшы карэспандэнт Радыё Свабода ў Вашынгтоне (ЗША). З 1999 па 2016 год ён жыў у Расеі, дзе працаваў журналістам у Bloomberg News і інвэстыцыйным дарадцам у кампаніі Merrill Lynch. Шмат падарожнічаў па Расеі, Украіне і Цэнтральнай Азіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG