«Не пазьней за канец гэтага дзесяцігодзьдзя расейскія ўзброеныя сілы павінны быць у стане ўчыніць прамы напад на NATO», — заявіў Каль 14 кастрычніка на адкрытых слуханьнях у кантрольным камітэце Бундэстагу з удзелам кіраўнікоў спэцслужбаў.
Бруна Каль падкрэсьліў, што «Крэмль разглядае Нямеччыну як праціўніка», асабліва таму, што Нямеччына актыўна падтрымлівае Ўкраіну. «Мы знаходзімся ў прамым супрацьстаяньні з Расеяй. Насамрэч Пуціну патрэбная не Ўкраіна. У рэальнасьці ён імкнецца да стварэньня новага сьветапарадку», — аргумэнтаваў Каль.
Кіраўнік BND таксама зьвярнуў увагу на тое, што расейскія спэцслужбы дзейнічаюць на поўную сілу сваіх магчымасьцяў і «без усялякіх абмежаваньняў». Каль зыходзіць з таго, што далейшая эскаляцыя сытуацыі цалкам магчымая.
Кіраўнік Фэдэральнага ведамства па ахове Канстытуцыі Нямеччыны Томас Гальдэнванг зрабіў акцэнт на ўзмацненьні гібрыдных і сакрэтных апэрацыяў Расеі.
«Мы рэгіструем агрэсіўныя дзеяньні расейскіх спэцслужбаў», — заявіў Гальдэнванг.
Паводле яго, асабліва пачасьціліся выпадкі шпіянажу і дывэрсіяў з боку Расеі і павысіўся іх якасны ўзровень.
У сувязі з гэтым Гальдэнванг згадаў узгараньне пакета службы DHL у аэрапорце Ляйпцыгу. Паводле яго, Нямеччына тады цудам пазьбегла крушэньня самалёта. Толькі дзякуючы шчасьліваму зьбегу абставінаў пакет узарваўся ў цэнтры лягістыкі DHL у Ляйпцыгу, а не на борце самалёта, растлумачыў Гальдэнванг. Паводле інфармацыі агенцтва dpa, пакет, адпраўлены з адной з краінаў Балтыі, ня трапіў на борт у вызначаны час з прычыны спазьненьня рэйсу. У пакеце знаходзіўся выбуховы мэханізм, які прыйшоў у дзеяньне ў фрахтавым кантэйнэры і выклікаў пажар. Спэцслужбы лічаць, што гэта было расейскай дывэрсіяй.
Прэзыдэнтка Ведамства вайсковай контравыведкі Нямеччыны Мартына Розэнбэрг паведаміла пра спробы шпіянажу з боку спэцслужбаў Расеі, накіраваныя супраць Бундэсвэру. Паводле яе, выведная дзейнасьць вядзецца ў сфэры паставак зброі Ўкраіне, у месцах навучаньня салдат і ў галіне абаронных праектаў. Шпіянаж таксама ўжываецца для правядзеньня дыверсіяў, якія маюць стварыць у насельніцтва пачуцьцё няўпэўненасьці.
Кантрольны камітэт Бундэстагу праводзіць адкрытыя слуханьні з удзелам кіраўнікоў спэцслужбаў адзін раз на год.
Міністарка ўнутраных справаў Нямеччыны Нэнсі Фэзэр заявіла раней, што расейскі шпіянаж і акты дывэрсіяў нельга недаацэньваць. Колькасьць падобных выпадкаў расьце, падкрэсьліла палітык: «Мы бачым зараз вялікую пагрозу з боку Расеі». Міністарка адзначыла, што Нямеччына будзе прымаць узмоцненыя меры бясьпекі і ў якасьці прыкладу прывяла рашэньне аб дысьлякацыі асобага падразьдзяленьня памежнай аховы на Балтыйскім моры.
Форум