Былы кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Дзьмітрыеў у праграмным артыкуле ў выданьні Фонду Эбэрта заклікаў да вяртаньня заходніх амбасадараў у Менск і перагляду палітыкі санкцыяў. Што азначае зьяўленьне гэтага артыкулу, якія палітычныя пэрспэктывы ён можа мець?
Сьцісла:
- Падыходы і прапановы Дзьмітрыева пераклікаюцца з ідэямі кіраўніка фракцыі ў Каардынацыйнай радзе Андрэя Ягорава і шэрагу іншых грамадзкіх дзеячоў.
- Тое, што ўладам больш даспадобы прапановы Дзьмітрыева, чым палітыка лідэраў дэмакратычных сілаў, ня сьведчаньне таго, што Дзьмітрыеў проста агучвае пажаданае ўладамі.
- Публікацыя Дзьмірыева ў выданьні фонду, блізкага да кіроўнай у Нямеччыне партыі, можа сьведчыць аб тым, што пытаньне перагляду эўрапейскай палітыкі адносна Беларусі прынамсі разглядаецца ва ўладных элітах краінаў ЭЗ.
Экс-кандыдат у прэзыдэнты, былы палітвязень Андрэй Дзьмітрыеў апублікаваў праграмны артыкул «Чаго хочуць беларусы ў Беларусі» у часопісе «IPG — Міжнародная палітыка і грамадзтва», які выдае нямецкі Фонд Эбэрта.
Асноўныя тэзысы публікацыі:
- Беларусы ўжо прайшлі сваю рэвалюцыю ў 2020 годзе — яна адбылася ў іхных сэрцах і розумах;
- Беларусы хочуць мірных пераменаў, якія дазволяць вызваліць палітвязьняў і стварыць умовы для дыялёгу паміж грамадзтвам і ўладай, а таксама спыненьня ізаляцыі краіны;
- Ізаляцыя і санкцыі, якія ўводзяцца супраць рэжыму Лукашэнкі, часта б’юць па звычайных людзях, а не па ўладзе. Важна, каб Эўропа бачыла Беларусь ня проста як праблему, а як незалежную дзяржаву, якая мае патрэбу ў падтрымцы;
- Ізаляцыя, у тым ліку выкліканая санкцыямі, заахвочвае арыентацыю беларусаў на Ўсход і зьніжэньне сувязяў з Эўропай;
- Беларусам у Беларусі важнае вяртаньне дыпляматычных місіяў у Менск. Таму што гэта датычыць прызнаньня не Лукашэнкі, а права беларусаў на сваю дзяржаву;
- Падтрымка з боку Эўропы павінна быць накіраваная на ўмацаваньне незалежнасьці... Размова ідзе аб практычных кроках: праграмах для студэнтаў і маладых прафэсіяналаў; адукацыйных абменах; канкрэтных дзеяньнях для падтрымкі палітвязьняў і іх вызваленьня; аб павелічэньні эўрапейскай прысутнасьці ў Беларусі.
Крытыкі падыходаў, агучаных Дзьмітрыевым, адразу ж заявілі, што яго наратывы супадаюць з наратывамі ўлады і яе памагатых зь ліку перабежчыкаў з дэмакратычнага лягера — Рамана Пратасевіча і Юрыя Васкрасенскага. Маўляў, калі ўлада супраць санкцыяў і за вяртаньне амбасадараў, дык значыць і Дзьмітрыеў проста падпявае ёй, абслугоўваючы яе інтарэсы і зьяўляючыся гэткім «Пратасевічам-light».
Ці так гэта? Тут варта прывесьці гістарычную аналёгію. У канцы ХІХ — на пачатку ХХ стагодзьдзя ўлады Расейскай імпэрыі змагаліся найперш з той частка палітычнай апазыцыі, якая практыкавала індывідуальны тэрор. У той жа час ціск на сацыял-дэмакратаў, марксістаў, якія з палітычных меркаваньняў былі супраць тэрору, быў значна меншым. Дарэчы, расейскі пераклад «Капітала» Маркса быў легальна апублікаваны ў Расеі яшчэ ў 1872 годзе. На пачатку ХХ стагодзьдзя ўлады, іх спэцслужбы стваралі ляяльныя прафсаюзы, спрабуючы перахапіць парадак дня ў сацыял-дэмакратаў («зубатаўшчына»).
Ці лічыла царская ўлада бамбістаў большай пагрозай для сябе? Так, лічыла. Ці падпявалі сацыял-дэмакраты ўладзе, адмаўляючы тэрор? Не, яны гэта рабілі з уласных палітычных перакананьняў. Урэшце перамогу ў расейскай рэвалюцыі атрымала ленінская фракцыя сацыял-дэмакратаў, якія ўладзе здаваліся менш небясьпечнымі.
Гістарычныя аналёгіі, зразумела, ня доказ. Але гэтая аналёгія — прыклад таго, што плыні апазыцыі, якія здаюцца ўладзе менш небясьпечнымі, часам аказваюцца больш пасьпяховымі за іншыя ў змаганьні зь ёй.
Вяртаючыся ў сучаснасьць, да маніфэсту Дзьмітрыева, варта зьвярнуць увагу на шэраг яго асаблівасьцяў. Аналіз сытуацыі і прапановы экс-кандыдата ў прэзыдэнты шмат у чым ледзь не літаральна супадаюць з тэзамі Андрэя Ягорава, агучанымі на апошняй канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у жніўні сёлета. Пра мэтазгоднасьць вяртаньня амбасадараў і пра вычарпанасьць ранейшай стратэгіі дэмакратычных сілаў Ягораў тады дакладна і казаў. Таксама за перагляд стратэгіі дэмакратычных сілаў выступаюць і некаторыя іншыя грамадзкія дзеячы і палітыкі (Тацяна Хоміч, Сьвятлана Мацкевіч, Іван Краўцоў, Вольга Гарбунова). У ліку журналістаў і экспэртаў, якія адстойваюць гэты падыход, можна назваць Вольгу Лойку і Рыгора Астапеню.
Усе яны, у адрозьненьне ад Дзьмітрыева, эмігранты. Над імі не вісіць пагроза візыту ГУБАЗІКу. Аднак яны гавораць прыблізна тое ж, што і Дзьмітрыеў. З чаго некаторыя могуць рабіць выснову, што яны ўсе — запалоханыя ці падкупленыя ўладамі. Праўда, не зусім ясна, як. Але можна зрабіць і адваротную выснову: што Дзьмітрыеў проста сам па сабе так думае і спрабуе ў вельмі няпростых умовах займацца палітыкай.
За апошнюю трактоўку — палітычны бэкграўнд былога старшыні руху «Гавары праўду». Чаго з таго, што ён напісаў цяпер у артыкуле ў нямецкім выданьні, ён не казаў, пачынаючы з 2010 году, — у якасьці кіраўніка штабу кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзіміра Някляева (2010) і Тацяны Караткевіч (2015) і ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты ў 2020 годзе? Дык прыкладна тое ж казаў і тады. Ён і тады ня быў за санкцыі, і тады быў супраць ізаляцыі Беларусі, ён і тады быў за пашырэньне ўплыву Эўропы ў Беларусі і за мірныя перамены. Зьмяніліся іншыя (у тым ліку Пратасевіч і Васкрасенскі), зьмянілся абставіны, але ня ён.
Яшчэ важныя чыньнікі сытуацыі — гэта асабістыя абставіны Дзьмітрыева. Ён быў асуджаны паводле палітычнага артыкулу пасьля 2020 году, але, у адрозьненьне ад тых жа Пратасевіча і Васкрасенскага, ня быў памілаваны і адбыў тэрмін зьняволеньня ад званка да званка. І застаецца ў краіне, відавочна, маючы магчымасьць яе пакінуць.
Важнасьць апошняга чыньніка ён ускосна падкрэсьліў у загалоўку сваёй публікацыі, гаворачы пра «беларусаў у Беларусі». Ён не супрацьпастаўляе іх беларусам у дыяспары, але адзначае, што многія рэчы знутры краіны бачацца інакш, чым звонку.
Гэта доўгая (і бясплённая) спрэчка: ці могуць перамены ўнутры краіны быць ініцыяваныя дыяспарай. Гістарычны досьвед Беларусі падказвае адмоўны адказ. Але калі ў цяперашняй сытуацыі адказ і станоўчы, то зразумела, што бязь нейкіх палітыкаў унутры краіны перамены наўрад ці магчымыя. Ну вось Дзьмітрыеў сваім артыкулам і робіць заяўку на тое, што ён адзін зь іх.
Пры гэтым можна дапусьціць, што на ягоную актыўнасьць ён атрымаў маўклівы (ці немаўклівы) дазвол ад улады ці ад нейкіх асобаў з асяродзьдзя ўлады. Іншых саджаюць за бела-чырвона-белы сьцяжок і «крамольную» фотку ў сацсетцы, ён жа публічна ў замежным выданьні піша пра «рэвалюцыю 2020 году». Ня выключана, што адміністрацыйны арышт ягонай колішняй паплечніцы, таксама экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Тацяны Караткевіч — напамін яму, што поле ягонай палітычнай актыўнасьці досыць абмежаванае.
Але з другога боку, а як нават тэарэтычна можна ўявіць сябе «прачынаньне» палітычнай актыўнасьці ўнутры краіны? Дык і нават тэарэтычна яно мусіць адбывацца ў досыць ляяльных формах. Дарэчы, варта прыгадаць, што поўная назва БНФ у пэрыяд яго стварэньня ўключала ў сябе дадатак «за перабудову». У падтрымку лініі партыі, так бы мовіць. Сёньня гэта ўспрымаецца з усьмешкай, але менавіта так і было. Дарэчы, у куды больш спрыяльных і вэгетарыянскіх умовах.
Зразумела, ёсьць альтэрнатыва, пра якую нагадвае досьвед той жа Расейскай імпэрыі — глыбокае падпольле, кансьпірацыя. Тэарэтычна — так, альтэрнатыва. Практычна... Варты жалю лёс пляну «Перамога» нават і прыгадваць ня хочацца. Але ў любым выпадку нічога пра плён дзейнасьці такога падпольля зараз мы ня ведаем. І таму можна дапусьціць, што яго і няма.
Сучасныя тэхналёгіі, больш высокая адукацыя насельніцтва адкрываюць больш магчымасьцяў для выказваньня сваіх думак і камунікацыі. Але яны пашыраюць і магчымасьці кантролю з боку дзяржавы. Які тут балянс, сказаць складана; якім ён будзе праз колькі гадоў — яшчэ складаней. Але факт, што ніякіх вонкавых праяваў нейкай падпольнай палітычнай дзейнасьці ў сучаснай Беларусі мы ня бачым.
І таму выглядае, што праявы палітычнай актыўнасьці ўнутры краіны магчымыя адно прыкладна ў такой форме, у якой гэта робіць Дзьмітрыеў.
Але сугучча тэзаў маніфэсту Дзьмітрыева і словаў названых вышэй палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў дыяспары сьведчаць пра тое, што гэта — плынь палітычнай думкі і ў краіне, і ў эміграцыі, пераасэнсаваньне вынікаў 2020 году.
Ці маюць прыхільнікі гэтай плыні рацыю? А ці меў рацыю рэспэктабэльны банкір Віктар Бабарыка, ідучы на выбары ў 2020 годзе? Ці мелі рацыю тыя, хто тады падпісваўся за яго, хто выходзіў на вуліцу? Можна сказаць, што і ня мелі. Бабарыка ў турме, пратэсты былі задушаныя, у краіне шмат гадоў пануе рэакцыя.
Дык тое тычыцца і любой палітычнай стратэгіі, у тым ліку і цяперашніх прапановаў Дзьмітрыева і Ягорава. Але яны маюць шанец дасягнуць калі ня посьпеху, дык папулярнасьці. І асабліва ўнутры Беларусі. Усё ж 2020-ы, яго настроі і спадзяваньні ўсё далей адыходзяць у мінулае. І можна меркаваць, што, калі не адбудзецца нейкай нечаканасьці, калі не прыляціць «чорны лебедзь», то сацыяльная база, на якую арыентаваныя падыходы Дзьмітрыева і Ягорава, будзе прынамсі не памяншацца.
Вяртаючыся да артыкулу Дзьмітрыева, варта зьвярнуць увагу на месца яго зьяўленьня. Ён зьявіўся не ў ягонай сацыяльнай сетцы, а ў выданьні фонду, які апякуецца кіроўнай у Нямеччыне Сацыял-дэмакратычнай партыяй.
Гэта не азначае, што Бэрлін ужо зараз гатовы зьмяніць сваю палітыку адносна афіцыйнага Менску і наагул перагледзець падыходы да Беларусі. Але публікацыя менавіта ў гэтым выданьні можа сьведчыць пра тое, што думкі на гэты конт у палітычных элітах і Нямеччыны, і іншых краінаў ЭЗ узьнікаюць розныя.
У 2020-2021 гадах сумневаў у рацыі заходняга падыходу да Беларусі не ўзьнікала. Цяпер яны ўзьнікаюць, прынамсі сярод беларусаў. А магчыма, і ня толькі сярод іх.
Форум