Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чужыя ў голым полі. Чаго бракуе новым эмігрантам зь Беларусі


Шэсьце беларусаў у Вільні з нагоды 4-й гадавіны выбараў і пратэстаў 2020 году. 9 жніўня 2024
Шэсьце беларусаў у Вільні з нагоды 4-й гадавіны выбараў і пратэстаў 2020 году. 9 жніўня 2024

Шматтысячная вымушаная эміграцыя беларускага грамадзкага актыву — гэта ня толькі траўма і праблемы абжываньня на новым месцы. Гэта яшчэ і вялікі патэнцыял у справе руху да пазытыўнах пераменаў у самой Беларусі.

Сьцісла:

  • Новая беларуская эміграцыя не выглядае пераемніцай ранейшых плыняў і не выкарыстоўвае іх досьведу.
  • Тыя, хто прыехаў зь Беларусі, часта маюць жаданьні і ідэі, але ня маюць цэльнага сьветапогляду, без чаго могуць быць пасьпяховымі ў пэўных сфэрах, але не ў палітыцы.
  • Найбольш адэкватная і плённая форма існаваньня беларусаў у краінах эміграцыі — беларуская дыяспара.

Неакрэсьленая роля саміх сябе на новым месцы

Палітычныя дыскусіі дэмакратычных актывістаў у эміграцыі часта нагадваюць спрэчкі розных мадэляў штучнага інтэлекту. Адна з апошніх тэмаў: выбар стратэгіі для Беларусі. Маўляў, курс на эскаляцыю трэба зьмяніць на адваротны — на дээскаляцыю. Але хто і як будзе гэты курс мяняць, каб магло адбыцца «перазаснаваньне дэмакратычных СМІ» ў самой Беларусі і «аднавіліся палёты», хто будзе суб’ектам выбранага курсу, застаецца за рамкамі дыскусіі.

Суб’екты беларускай палітыкі ў эміграцыі — гэта пэрсаналісцкія штабы Ціханоўскай і Латушкі, якія існуюць дзякуючы сваім лідэрам у сытуацыйнай парадыгме 2020 году. Будучыня іх няпэўная, але, прынамсі, зразумела, чым канкрэтна яны займаюцца і які маюць плён.

Дэмакратычна абраная Каардынацыйная рада так і ня вызначылася сама з сабою, не сфармулявала сама сябе і не заявіла — што яна такое, якія ў яе мэты, у чым яе місія і суб’ектнасьць. Ня зроблена нават першага кроку між дэпутатамі: у чым мы ўсе згодныя, а ў чым не. Ня маючы выразнага лідэра, ня стала яна і трэцім (зноў жа сытуацыйным) штабам. Былі размовы пра протапарлямэнт, паралельную ўладу і падобнае, але збольшага так размовамі і засталіся.

Між тым перавагай гэтай структуры ў параўнаньні зь дзейнымі штабамі можа быць пераемнасьць ад ранейшых эміграцыйных плыняў і тым самым вызначаная, не сытуацыйная будучыня. Існаваньне ў форме дыяспары аб’ектыўна легітымізуе такую структуру.

У пошуках сьветапогляду

Я згадваю нашы колішнія заезды ў Вільню, у 1980-90-я, і знаходжу шмат адрозьненьняў, часта аб’ектыўных, у параўнаньні зь сёньняшнімі.

Па-першае, мы ехалі ня ў голае поле, а канкрэтна да беларусаў.

Па-другое, у гэтым асяродзьдзі мы ўзаемна ўспрымаліся «сваімі». Цяпер я разумею, што мы, хто прыехаў зь Беларусі, набывалі тут цэльны сьветапогляд.

Па-трэцяе, мы ўключаліся ў стварэньне дыяспары, якая ўрэшце стала настолькі моцнай, што магла ўплываць на жыцьцё ў Беларусі.

Мы зь сябрамі прыяжджалі ў Вільню, каб днямі сядзець ў рукапісным аддзеле бібліятэкі АН Літвы, дзе захоўваецца неабдымная колькасьць беларускай пэрыёдыкі, кніг і матэрыялаў, якіх у Менску не было або якія былі схаваныя ў спэцхране. Начавалі дома ў загадчыцы гэтага аддзелу спадарыні Ніны Ляшковіч, у яе аднапакаёўцы. Начавалі таксама ў старога віленчука Лявона Луцкевіча, дзядзькі Лявона, дзе ночы напралёт разглядалі і пераздымалі фотаальбомы зь беларускага жыцьця, а днямі дзядзька Лявон нястомна вадзіў сваіх гасьцей па беларускіх мясьцінах Вільні, якія добра ведаў з маленства. Цэлыя дні праводзілі ў лясной хатцы ў Зоські Верас, а таксама ў колішняга рэдактара часопіса «Шлях моладзі» Янкі Багдановіча, у хаце Леакадзіі і Кастуся Шышэяў (гэтую пару ў ГУЛАГу пазнаёміла Ларыса Геніюш), запісвалі ўспаміны спадарыні Зоі Каўшанкі, якія пасьля друкаваліся ў «Нашай ніве»... Гэтыя эпізоды можна множыць і множыць, але галоўнае ў іх — мэта вось гэтых начаваньняў: сумоўе і аднадумства, па што ўласна і прыяжджалася ў Вільню.

Для старэйшых віленчукоў гэта была місія — перадаць беларускі сьветапогляд нам, маладзейшым, якія пачуваліся бязроднымі дзецьмі, адарванымі ад сваіх натуральных каранёў папярэднім пакаленьнем і ўладай.

Патроху ажывала віленскае беларускае жыцьцё, і калі мы зь сябрамі вырашылі пераехаць у Вільню, каб распачаць тут выданьне цалкам віленскай «Нашай нівы», мы трапілі ў сваё арганічнае асяродзьдзе, дзе большасьць складалі былыя вязьні ГУЛАГУ, але далучаліся і маладзейшыя, што прыехалі зь Беларусі. Такім чынам утварылася актыўная беларуская дыяспара (у Літве адмовіліся ад слова «меншасьць»), якая ставіла перад сабой, здавалася б, нерэальныя задачы: свае газэты, радыё, тэлевізія, свая гімназія, музэй — усё гэта тут было раней і мусіла адрадзіцца. Ствараліся суполкі ў розных гарадах, праводзіліся свае кангрэсы з рэзалюцыямі па сытуацыі ў Беларусі...

У чым была такая прыцягальнасьць тых віленскіх людзей для нас? У іхнай беларушчыне, радыкальна не такой, як нам падавалі ў менскай школе. Тут яна была несавецкай, шчырай, вельмі зразумелай і сваёй. Гэта быў цэльны беларускі сьветапогляд. А мы, выхаваныя ў рэаліях савецкай Беларусі, які мы тады мелі сьветапогляд? Набор эклектычных уяўленьняў пра сьвет, дзе было шмат хлусьні (і мы гэта разумелі), чужой каньюнктуры ды ўсялякай непатрэбшчыны — разам тое, што і сьветапоглядам не назавеш.

Трэба сказаць, што адсутнасьць беларускага сьветапогляду (а які яшчэ ён можа быць у беларусаў у Беларусі?) дасюль застаецца слабым месцам грамадзтва, у тым ліку і ў грамадзкіх актывістаў, якія перабраліся за мяжу. Характэрная гэтая адсутнасьць і для цяперашняй улады, для прапаганды і для ўсёй рэжымнай публічнай прасторы.

І вось у гэтым была сутнасьць нашае цягі да тых віленскіх беларусаў. Гэта быў маналіт, які аб’ядноўваў беларусаў ці не з часоў філяматаў, Каліноўскага, першай «Нашай нівы», БНР, паваеннага супраціву... Калі б можна было сабраць прадстаўнікоў усіх гэтых зьяваў за адным сталом, ня ўзьнікла б ніякіх супярэчнасьцяў, усе разумелі б адны адных з паўслова, з паўпозірку.

Урэшце, калі мы цэлай групай вырашылі ў самым пачатку 1990-х на стала атабарыцца ў Вільні, мы пачуваліся зь беларускімі віленчукамі адным цэлым, нашмат больш маналітным, чым зь беларусамі ў Менску.

Пасьля высьветлілася, што наш асяродак ня толькі ў Вільні. Але і ў Беластоку, Варшаве, Парыжы і Лёндане, Таронта і Нью-Ёрку — паўсюль у сьвеце, дзе жылі і дзеілі людзі гэтага самага маналіту. Яшчэ далей завязваліся кантакты зь літоўцамі, палякамі ды іншымі і дзіўным чынам аказвалася, што яны ўсе маюць падобны сьветапогляд, галоўнай рысай якога была цэльнасьць. То бок такім чынам мы далучаліся да нармальнасьці сьвету.

Не было, між іншым, пытаньняў пра выбар правапісу ці пра «Вільнюс». Усе разумелі, што за такім словам у беларускай мове нічога не стаіць у нашай, беларускай гісторыі і культуры. Усе тут з малых гадоў ведалі толькі Вільню і ня ведалі нічога савецкага або расейскага як свайго. Ведалі як чужое, варожае, лягернае, расстрэльнае.

Не было пытаньня і пра Менск, як цяпер. Куды ты марыш вярнуцца: у Мінск ці ў Менск? А гэта розныя рэчы. Гэта сфэра знакаў і сымбаляў, а таксама пытаньне выбару шляху, па якім ідзеш. Уявіце сабе чалавека пад сьцягам БССР, які карыстаецца савецкім правапісам ці ўвогуле расейскай мовай і марыць пры тым пра Новую Беларусь. Эклектыка вызначае і характар дачыненьняў у дэмакратычным асяродзьдзі, ператвараючы плюралізм думак у змаганьне адных з аднымі.

Што новага ў Новай Беларусі

З маіх згадак відаць, наколькі розныя плыні эміграцыі — тая і сёньняшняя, вымушаная, палітычная, не зьяднаная адзіным сьветапоглядам. Тым ня менш найбольш імаверны варыянт суб’ектывізацыі КР — гэта ператварэньне ў арганічны орган беларускай дыяспары. Што, дарэчы, не выключае і іншых формаў дзейнасьці, адно што легітымізуе ў краінах перабываньня. Ня тое, што «мы тут у вас перакантуемся — і дадому». Як казаў Янка Брыль, ня тая баба затрымаецца ў гасьцях, якая прысядзе, а тая, якая «пастаіць».

Уяўленьне сябе дыяспарай магло б стаць зрухам менавіта да гарманічнага сьветапогляду (чаго патрабуе суб’ектнасьць) і яднаньня.

Вядома, мы ўсе за дэмакратычную Беларусь. Але каб стаць такой, яна мусіць найперш стаць беларускай. У выглядзе дадатку да Расеі, як раней, яна дэмакратычнай ня будзе. Усе спробы такога сцэнару нязьменна прыводзілі да таталітарызму. Пра гэта кажа і досьвед нашых суседзяў, краінаў, дзе пераважна і жывуць новыя эмігранты: Латвіі, Літвы, Польшчы, за гэта змагаецца Ўкраіна. Хочаш новай Беларусі? А якая яна, «новая»? Можа быць, гаворачы пра яе, ты проста ня ведаеш, што яна не старая і ня новая, а такая, якой была і будзе заўжды, і ты насамрэч гаворыш пра новага сябе, які б ёй адпавядаў?

Драматызм сытуацыі ў тым, што «старой» Беларусі, зь якой мы прыехалі і дзе маглі б «перазаснавацца дэмакратычныя СМІ» і «аднавіцца палёты», няма і ніколі ня будзе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG